У сучасным цывілізаваным свеце экалагічная адукацыя лічыцца прыярытэтным напрамкам. У школах ёсць адмысловыя прадметы, дзе вучні атрымліваюць не толькі тэарэтычныя веды, але і на практыцы вучацца берагчы энергарэсурсы, сартаваць смецце і інш.
Напрыклад, як адбываецца працэс экалагічнай адукацыі і выхавання ў Польшчы, распавёў гарадзенец Зміцер Ягораў, які зараз жыве ў Польшчы і мае сына ў 5 класе польскай школы.
- У школе з нулявога класа пачынаюць акцэнтаваць увагу дзяцей на экалагічным пытанні. Асобнага прадмета, прынамсі ў першых пяці класах, няма, але пра экалогію распавядаюць на прадметах “Прырода” і “Тэхніка”. У падручніках ёсць інфармацыя пра зялёныя крыніцы электраэнергіі: як гэта працуе і чаму гэта добра, пра тэхнагенныя катастрофы. Таксама вучаць з першага класа, што такое сэгрэгацыя смецця, чаму нельга выкідваць пластыкавыя бутэлькі і чаму трэба старацца некалькі разоў выкарыстоўваць пакецікі. Вучаць энергазберажэнню. Напрыклад, па прадмеце “Тэхніка” - практычная работа “Праект: спосабы зніжэння камунальных аплатаў”. Апрача таго, школа арганізоўвае збор выкарыстаных батарэек і пластыкавых накрывак. Іх дзеці ўвесь год збіраюць, а потым здаюць на дабрачыннасць. Самае файнае, што гэта працуе. Сын не лье ваду ў ваннай, сам кажа, што для экалогіі і для сямейнага бюджэту лепш прымаць душ, чым ляжаць у ванне.
Прыводзім прыклады практычных заданняў для вучняў 4-6 класаў польскай школы.
Як выглядае сітуацыя з экалагічнай адукацыяй у Беларусі? Зазірнём у школьныя падручнікі і паспрабуем прааналізаваць інфармацыю на экатэматыку. Пачнём з пачатковых класаў і пагартаем падручнік “Чалавек і свет”. Прааналізаваўшы інфармацыю за тры гады навучання, бачым, што пра экалагічныя бытавыя звычкі гаворка там нават не вядзецца. Аднак для вучняў пачатковых класаў прадугледжаны факультатыў “Азбука Берагошы”. Мэта курса - выхаванне ў вучняў элементарнай культуры беражлівага выкарыстання энергарэсурсаў. У гульнявой форме дзеці вучацца прымяняць тэарэтычныя веды на практыцы ў паўсядзённым жыцці. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы работы: практычныя і лабараторныя работы, рэйд-праверкі, тэматычныя экскурсіі, выставы, віктарыны, спаборніцтвы, праблемныя сітуацыі і шмат чаго іншага, дзякуючы чаму малодшыя школьнікі нават вучацца лічыць энергарэсурсы ў побыце і як іх эканоміць, вучацца сартаваць смецце. Для нагляднасці выкарыстоўваюцца плакаты.
Хаця для дзяцей, на наш погляд, яны заскладаныя і не надта займальныя. Аднак мінус такога навучання ў тым, што курс “Азбука Берагошы” носіць факультатыўны характар, а гэта азначае, што выкладаецца ён не ў кожнай школе і не ў кожным класе. Выкладанне курса залежыць выключна ад жадання педагогаў.
Разам з тым ва ўсіх класах пачатковай школы настаўнікі 2-4 разы на месяц праводзяць класныя і інфармацыйныя гадзіны на тэмы, звязаныя з экалогіяй і энергазберажэннем.
Цяпер пагартаем падручнікі па прадметах, якія вывучаюцца ў старэйшых класах. Зазірнём у падручнікі па геаграфіі. Упершыню з паняццем “экалагічныя праблемы” вучні сустракаюцца ў 8 класе, калі пачынаюць вывучаць мацерыкі, а ў 9 і 10 класах – краіны. Ва ўсіх падручніках толькі адзін параграф прысвечаны экапраблемам. У параграфе называюцца экалагічныя праблемы, аднак шляхі іх вырашэння не прыводзяцца. Да таго ж ухіл робіцца на вырашэнне праблем, звязаных з прыродай (ландшафты, раслінна-жывёльны свет), а не на прывіванне экалагічных бытавых звычак. Ілюстрацыяй гэтаму можа паслужыць табліца ў падручніку за 9 клас.
Бяром падручнікі па біялогіі. Амаль ва ўсіх падручніках з 6 па 10 клас даецца інфармацыя толькі пра тое, як чалавек уплывае на прыроду, а менавіта на раслінна-жывёльны свет, расказваецца пра тое, якім чынам мы можам захаваць гэта – стварэнне заказнікаў, запаведнікаў, біялагічных садоў, паняцце Чырвонай кнігі). Толькі ў падручніку па біялогіі за 11 клас вядзецца гаворка пра экалагічныя фактары, якія ўплываюць тым ці іншым чынам на развіццё жывых арганізмаў. Адным з такіх фактараў з’яўляецца антрапагенны, які ўключае ў сябе і бытавую дзейнасць чалавека (нерацыянальнае выкарыстанне энергарэсурсаў, злоўжыванне хімічнымі рэчывамі, несартаванне смецця). Ёсць параграф пра рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, у тым ліку і пра экалагічныя крыніцы энергіі (ветракі, гідраэлектрастанцыі) і пра безадкідныя тэхналогіі, але ўсё толькі ў тэорыі. Напрыклад, пра перапрацоўку пластыку.
Інфармацыя карысная, але для таго каб пластык патрапіў не на палігон, а ў адмысловы кантэйнер, патрэбна, каб чалавек займаўся сартаваннем смецця. Робім выснову, што тыя веды, якія атрымліваюць беларускія вучні па вышэй пералічаных прадметах, носяць хутчэй асветніцкі, а не прыкладны характар. Інфармацыі пра экапаводзіны ў штодзённым побыце надзвычай мала.
Добрым прыкладам экалагічнай адукацыі ў Гродне з’яўляецца СШ №12, на базе якой ажыццяўляецца праект “Школа руплівых гаспадароў” і дзейнічае музей-лабараторыя. Тут вучні праводзяць розныя акцыі і мерапрыемствы, выдаюць брашуры і ўлёткі на экалагічную тэматыку. У музеі-лабараторыі дзеці праводзяць разнастайныя вопыты, ладзяць экскурсіі для вучняў і бацькоў сваёй школы і гасцей. Інфармацыя ў экскурсіях мае практычны характар. Напрыклад, падчас экскурсіі “Эвалюцыя бытавых прыбораў”, вучні распавядаюць не толькі пра тое, як змянялася бытавая тэхніка напрацягу дзясяткаў гадоў, але і расказваюць пра сучасныя энергазберагальныя прыборы, як можна эканоміць энергію сёння.
- Мы спадзяемся, што такое навучанне не будзе марным, - кажа каардынатар праекта “Школа руплівых гаспадароў” Галіна Богдан. – За пяць гадоў мы ўжо бачым вынікі экалагічнага навучання: вучні самі ўмеюць лічыць, колькі траціцца электраэнергіі, ведаюць, як трэба яе эканоміць. Яны самі выказваюць жаданне пайсці і прыбраць смецце на якой-небудзь тэрыторыі, у прыватнасці, актыўна ўдзельнічаюць у акцыі “Зробім!”. Радасна чуць, калі вучні дзеляцца ўражаннямі пра тое, як яны правялі “Гадзіну Зямлі” – хадзілі на шпацыр з братам ці бабуляй.
Шкада, што пакуль такога кшталту экалагічнае навучанне мае пазакласны характар і трымаецца на энтузіязме асобных настаўнікаў.