Звычайна першыя птушкі гэтага віду ў нашых краях з'яўляюцца ў канцы лютага, аднак анамальна цёплае надвор'е паўплывала і на птушак, распавёў БЕЛТА намеснік старшыні абласнога аддзялення «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Дзмітры Вінчэўскі.
– Гусі адносяцца да гэтак званых блізкіх мігрантаў, гэта значыць да тых, хто зімуе ў краінах заходняй ці паўднёвай Еўропы. Яны арыентуюцца на надвор'е, нават складаюць свой прагноз і, калі надвор'е дазваляе, перабіраюцца бліжэй да месцаў гнездавання, - распавёў Дзмітры.
Разлік у птушак просты: у таго, хто прыляціць раней, больш магчымасцей пасяліцца ў найбольш зручным месцы і выгадаваць нашчадкаў. Таму птушкі і спяшаюцца вярнуцца.
– На днях на Нёмане заўважылі таксама пару вялікіх белых чапляў. Звычайна гэтыя птушкі ў нашых краях не зімуюць, найбольш верагодна, яны прыляцелі ў Гродна з больш цёплых краёў, - сказаў арнітолаг.
Адзначылі таксама і з'яўленне лебедзяў-клікуноў. Звычайна некалькі дзясяткаў гэтых птушак зімуюць паблізу на нізінным балоце Грайна, або даядаюць пазасталую кукурузу на навакольных палях, піша birdwatch.by. Аднак сёлета моцныя маразы і глыбокі снег вымусілі птушак адляцець на нейкі час, каб цяпер вярнуцца – менавіта на гэтым балоце, ў арніталагічным заказніку «Свіслач», апошнія гады гняздуе дзве пары клікуноў. Цікава, што лебедзі-бацькі да пачатку новага сезону гнездавання мусяць развітацца з вывадкам з папярэдняга году.
Усё ж чакаць масавага з'яўлення пералётных птушак у бліжэйшы час не варта. Гэтак званыя дальнія мігранты, якія зімуюць у Афрыцы і Азіі, арыентуюцца на даўжыню светлавога дня, а не на надвор'е, і таму вяртаюцца па графіку, які складаўся гадамі.