02.02.2018 / 12:02

Інфармацыя пра тое, што ў прыёмніку часовага ўтрымання безпрытульных жывёл няма вольных вальераў з'явілася на сайце «Фаўна горада». Часова арганізацыя прыпыніла прыём жывёл ад насельніцтва. Праблему перапоўненасці паднялі валанцёры ў тэматычных суполках. На іх думку, жывёл пасля адлову пачнуць усыпляць ці нават не давозіць жывымі да Гурскага, 42, дзе размяшчаецца «Фаўна горада».

«Такога жаху не было даўно!!!!!!, — напісала Таццяна Германовіч на сваёй старонцы ў VK. —  Сябры!!! Максімальны рэпост!!! Максімальны ўдзел!!!...»

Такім чынам дзяўчына спрабуе звярнуць увагу, што арганізацыя «Фаўна горада» перапоўнена  жывёламі, які патрапляюць у прыёмнік з адлова, а таксама здаюцца людзьмі. На думку Таццяны, безхацінцаў з гэтай прычыны стануць адразу ўсыпляць, не даючы ім шансаў нават на 10-дзённы каранцін.

Валанцёры схіляюцца да таго, што такая сітуацыя склалася з прычыны ўвядзення ў трох сталічных раёнах каранціну праз выяўленага сабаку з шаленствам. Што прывяло да масавага адлову жывёл у Фрунзенскім, Цэнтральным і Кастрычніцкім раёнах Мінска.

Аднак прадстаўнікі самой арганізацыі адвяргаюць гэту інфармацыю.

Як пракаментаваў сайту Naviny.by  намеснік дырэктара «Фаўна горада» Уладзімір Сігай, у гэтай гісторыі няма нічога не звычайнага і, маўляў, адсутнасць месцаў ніяк не тычыцца уведзенага каранціна.

«З выяўленнем у Мінску сабакі з шаленствам 17 студзеня гэта не звязана, у сістэме адлову жывёл нічога не змянілася», — адзначыў ён інфармацыйнаму рэсурсу.

«У прыёмнік вязуць сабак і катоў не толькі з горада, але і яго ваколіц — Мінскага раёна. Прыносяць сваіх гадаванцаў самі людзі. Адбываецца перапаўненне, не хапае вальераў, — тлумачыць валанцёрка з Гурскага. — Адпаведна тым, хто знаходзіцца даўно, не запатрабаваны, стары ці мае праблемы са здароўем, напраклад, траўму — перш за ўсё пагражае ўсыпленне».

Жывёлы, што паступаюць зараз з Цэнтральнага, Фрунзенскага і Кастрычніцкага раёнаў ставяць асобна на 10-дзённым каранціне. І нават, калі ў адлоў патрапілі свойскія сабакі ці каты, і гаспадар пазнаў свайго гадаванца, забраць яго можа пасля сканчэння каранціннага тэрміна.

Але, як сцвярджаюць валанцёры, людзі рэдка імкнуцца забіраць жывёл з Гурскага. І ўсё ж у такой крытычнай сітуацыі зааабаронцы просяць дапамогі ў насельніцтва ў паратунку «пастаяльцаў» прыёмніка. Тым больш, што сярод мноства сабак і катоў ёсць тыя, хто прайшоў поўную вакцынацыю, добрыя, адаптаваныя ці былыя хатнія жывёлы.

«Звярніце асаблівую ўвагу на шэрагі, што абазначаны лацінскімі літарамі A, B, C, і D, — піша Таццяна Германовіч. — Усе сабакі ў гэтых вальерах не на каранціне, усе прывітыя Мульцікан-8 — поўным комплексам, у тым ліку і ад шаленства. Большасць з іх добрыя, кантактныя, арыентаваныя на чалавека жывёлы. Прыходзьце! Яны чакаюць!»

Калі вы намерыліся завесці сабе гадаванца з Гурскага захапіце з сабой пашпарт, аброжак, павадок для сабакі і пашпарт, пераноску ці каробку — для ката ці шчанюка. І вядома, узважце свае сілы і сур'ёзнасць намераў.

Усе жывёлы аддаюцца бясплатна!

Што ж тычыцца барацьбы з шаленствам, то на думку зааабаронцаў, найлепшым выйсце  будзе ўкараненне ў практыку міжнароднага досведа.

«У Берліне, напрыклад, гарадскіх лісаў прыкормліваюць ласункамі з вакцынай ад шаленства і іншых хвароб. Уявіце, у вялікім горадзе дзікія жывёлы не з'яўляюцца пагрозай. У Мінску, калі эпідэмія шаленства ў прынцыпе можа быць, то распаўсюджваюць яе хутчэй за ўсё грызуны. Таму тут важна абмежаваць ім кармавую базу. Акрамя таго, у барацьбе з пацукамі і мышамі дапамагаюць коткі. І замест таго, каб іх адлоўліваць, можна б было распрацаваць праграму па кантролю папуляцыі — праз кастрацыю і стэрылізацыю жывёл».

Адрас пункта часовага ўтрымання «Фаўна горада»: г. Мінск, вул. Гурскага, 42.

Час працы: Без выхадных з 9.00 да 19.00. Абед з 13.00 да 14.00.

Фота з тэматычных суполак у сацыяльных сетках. Усе жывёлы з адлова 29-31 студзеня 2018 года

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость