Арганізатары «Гадзіны Зямлі» разам з арганізатарамі «Жывых бібліятэк» вырашылі даць мачымасць мінчанам пашырыць свой светапогляд і свае адносіны да экалагічных сфер жыцця праз спатканне з цікавымі і заангажаванымі людзьмі.
На «бібліятэцы», прысвечанай самай масавай экалагічнай акцыі, можна было знайсці розныя жывыя «кнігі»: ад сыраедаў і веганаў да тых, хто сваімі рукамі ў літаральным сэнсе ратуе дрэвы ад высечак. На знаёмства з гісторыяй чалавека і магчымасцю больш паглыбіцца ў яе, на жаль, адводзіцца не так шмат часу, як хацелася б «чытачам». Але з іншага боку гэта дазваляе распытаць ці ўдакладніць у выбранай «кнігі» толькі тое, што даўно карцела даведацца.
Хаця некаторым шчасціла ў гэты дзень «прагартаць» для сябе двутомнік у асобе Канстанціна Чыкалава, абаронцы беларускіх балот і аматара падарожжаў.
«Чытачы» Канстанціна змаглі даведацца пра яго прыгоды на Камчатцы, як ён шукаў сустрэчы з мядзведзем і якім чынам можна выжыць у - 40 марозу. Не менш цікавым быў аповед героя пра ініцыятыву, якая займаецца абаронай беларускіх балот ад асушэння, гісторыя зараджэння кампаніі і яе дасягненні.
«Я стараўся будаваць размову так, каб людзі маглі задаваць пытанні, бо камусьці больш цікава маё жыццё на Камчатцы ў цэлым, камусьці асобныя выпадкі, напрыклад, як паводзіць сябе пры сустрэчы з мядзведзям ці пра народы, якія там жывуць. Кагосьці вельмі зацікавілі мае ўражанні ад узыходжання на вулкан.
Былі і тыя, хто прасілі кантакты балотнай ініцыятывы, каб больш даведацца пра праблему ці далучыцца да яе ў якасці валанцёра», - падзяліўся Канстанцін.
Цікавай і ў некаторым сэнсе нечаканай для наведвальнікаў «бібліятэкі» стала «кніга» Піта Паўлава, які з'яўляецца экалагічным аптымістам, але скептычна ставіцца да экалагічных функцыянераў, т.я., на яго думку, прафесіяналы ад экалогіі пастолькі паколькі цікавяцца праблемамі навакольнага асяроддзя. Яны хутчэй робяць на гэтым свой бізнэс, чым рэальна суперажываюць прыродзе, чаго нельга сказаць пра валанцёраў, шчырых і апантанных справай.
«У самаго мяне ёсць правіла, як у аматара адпачынкаў на прыроде, каб месца пасля мяне было чысцейшым, чым да гэтага. Таму калі выязджаю куды-небудзь, я ініцыюю суботнік вакол сябе», - распавёў Піт.
Самай жа галоўнай праблемай свету, па яго меркаванню, з'яўляецца навязаная сістэма «грамадства спажывання»:
«Я спрабую максімальна змагацца з дактрынай, што кожны год трэба мяняць чацвёрты iPhone на пяты, а пяты на шосты. Што неабходна кожны год пашыраць свой «парк» камп'ютараў, сачыць за новымі дасягненнямі ці набываць новыя шмоткі, новае, лепшае... Я супраць ланцужковага спажывання. Мне падаецца, калі пераламаць у людзей жаданне спажываць бясконца, тады нам усім хопіць і месца, і жытла, і мы не будзем вымушаны ўвесь час ствараць новыя гаджэты і механізмы, каб засвойваць большыя тэрыторыі. Як, напрыклад, у нас у краіне, дзе не самая эфектыўная сельская гаспадарка і можна б было засадзіць некаторыя прасторы пушчамі, бо вялікія лясныя масівы лепш сябе ўтрымліваюць, у іх лепш захоўваюцца мікраэкасістэмы».