02.04.2020 / 08:04

Каранцін – гэта не толькі пра скарачэнне выкідаў ад заводаў і самалётаў. Гэта яшчэ і пра дадатковыя горы пластыкавага смецця ад павышанага попыту на дастаўку. І пра цяжкія часы для малога бізнесу, сярод якога і той, які клапоціцца пра планету.

Зялёны партал прапаноўвае інфармацыйную падтрымку тым зялёным бізнэсам, якія сёння апынуліся ў няпростай сітуацыі. Калі ваш бізнэс – менавіта такі, калі ласка, пішыце, мы з задавальненнем распавядзем пра вас нашым чытачам.

Сёння ж Зялёны партал паразмаўляў з заснавальнікам слоўфуд-дастаўкі і кафэ “Шпаркія вілкі” Аляксандрам Журкевічам. Фішка гэтай дастаўкі – прывозіць ежу кліентам ў сапраўдных керамічных гаршчочках. Такая ідэя прыйшла Аляксандру яшчэ ў 2015 годзе.

“Тады вельмі моцна мусіравалася ў СМІ пытанне нацыянальнай ежы, папулярызацыі беларускай кухні. Я доўга думаў, што з гэтым зрабіць, – кажа заснавальнік, – і ўзгадаў пра такое выдатнае блюда, як беларуская бабка ў гаршчочку. Вырашыў яго зрабіць крыху лепш. На вёсцы бывала, што бабка вельмі смачна атрымлівалася, бывала – ня дужа. Хацелася знайсці стабільна смачны рэцэпт. Так і нарадзіліся “Шпаркія вілкі”.

З часам меню пашырылася: “Шпаркія вілкі” гатуюць розныя бабкі, нават салодкую стварылі, ёсць варыянты і для вегетарыянцаў. Амаль усе прадукты мясцовыя, набываюць іх у фермераў.  

Аляксандр цэлы год выдаткаваў на тое, каб знайсці ідэальны сорт бульбы, бо ад яе вельмі моцна залежыць смак блюда. А знайшоў літаральна пад носам: у суседа-фермера. Ужо чатыры гады набывае толькі ў яго.

Многія пытаюць, што сярод усёй гэтай “беларускасці” робіць бабка з ласосем? А адказ ёсць: “Я ездзіў у валанцёрскую вандроўку на ахову ласося. У нас у Беларусі ён нерастуе з боку Вільні. Раней яго было больш, рыбу бочкамі салілі, ласось нават да Мінску даплываў. Зараз рэкі абмялелі, і на іх паставілі зашмат дамбаў. Рыба ня можа свабодна падымацца ўверх па цячэнню. У Літве ўсё зроблена для таго, каб былі прахадныя шляхі. У нас іх няма, таму засталося літаральна пару рэк, дзе гэта рыба нерастуе. Але тым не менш яна ўсё яшчэ дагэтуль ёсць”.

Але самае цікавае ў “Шпаркіх вілках” – гэта дастаўка ў гаршчочках. Іх набывалі ва ўкраінскіх пастаўшчыкоў.

Спрабавалі працаваць і з беларускімі вытворцамі: гаршчочкі “Белмастацкерамікі” ўвогуле больш за ўсё падабаліся Аляксандру, бо выглядаюць нібы сапраўдыя з вёскі, але ж цана была вышэйшая за ўкраінскую. Дарэчы, посуд застаецца ў кліентаў.

Мы ў любым выпадку маем на ўвазе, што гаршчок для нас – посуд аднаразовы. Па сутнасці гэта гліна: яе з зямлі дасталі – і туды ж вярнулі. Гэта не пластыкавы пакет, які будзе ляжаць стагоддзямі, а карысная структура, – кажа дырэктар. – Але ж у тых, хто хоча гаршчочкі вярнуць, мы іх прымаем. За кожныя сем – у падарунак даем любую бабку на выбар”.

Цягам апошніх двух тыдняў многія беларусы сталі працаваць з хаты. Хоць афіцыйна каранціну няма, але ж людзей у кафэ відавочна стала менш.

Аляксандр кажа, што на яго бізнесе гэта пакуль моцна не адлюстравалася. У другой палове 2019-га дастаўка сыходзіла ў адпачынак і паўгады не працавала. І вось толькі ў лютым пачала зноў прымаць заказы.

Калі занава адкрыліся, усе нашы пастаянныя кліенты, за гэта ім асобны дзякуй, падтрымалі нас. Кажуць, што чакалі. Перапынак у працы нам дазволіў скараціць да мінімуму наш штат, нашы выдаткі. Усё абдумаць. Са скарачэннем штату прыйшлося самому прымаць і прывозіць заказы. Але пры гэтым бізнэс стаў больш рэнтабельным”.

Зараз людзі сталі больш заказваць ежу на дом, і гэта паўплывала на размеркаванне заказаў па часе. Бо раней у абедзенны перапынак шмат заказаў дастаўлялі на офісы.

“Паколькі цяпер многія выдалена працуюць у кватэрах, яны самі размяркоўваюць час, калі рабіць перапынак на абед, таму заказы неяк расцягнуліся па другой палове дня”.

Што датычыцца кафэ, яно таксама працуе. Знаходзіцца яно ў будынку з моладзевым бізнес-інкубатарам, і стартаперы пакуль не даюць яму пуставаць.

Калі вам таксама, як і нам, захацелася замовіць бабку ў гаршчочках ці цэлы комплекс, то зрабіць гэта можна па гэтай спасылцы.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость