Да 2012 года пытанне ўтылізацыі адпрацаванага машыннага масла ніякім чынам не вырашалася ў Беларусі, бо не існавала цэнтралізаванай сістэмы кантролю і збору гэтага шкоднага віду адходаў, а тым больш, перапрацоўкі яго ў другасны рэсурс і вяртанне ў гаспадарчы абарот. Пакуль у нашу краіну па запрашэнню Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не прышла ізраільская фірма, якая, згодна з інвестыцыйнай дамовай, узялася арганізаваць гэту самую сістэму збору і выкарыстання адпрацаваных масел.
З мэтай стварэння прадпрыемства па перапрацоўцы адпрацаванага масла кампанія «МДД-БЕЛ» набыла старую нафтабазу Міністэрства абароны недалёка ад пасёлка Крупскі. Па словах Дзмітрыя Чарыкавера, кіруючага партнёра кампаніі, сыходзячы ўжо з вопыту, першапачаткова на гэтай тэрыторыі быў праведзены экалагічны аўдыт і выдалены ўсе вынайдзеныя месцы забруджвання глебы, рэаніміраваны «парк» ёмкасцяў і пабудаваны завод, які з'яўляецца ўнікальным для ўсёй постсавецкай прасторы.
«Ні для кога не сакрэт, што ў Беларусі існуе праблема абыходжання з адпрацаваным маслам. Напрыклад, у краінах Еўразвязу збіраецца ля 75% ад утварэння гэтага прадукту, у той час як у Беларусі гэта лічба дасягае ўсяго 7%, — дадаў ён. — Рэалізацыя гэтага праекта адбывалася пасля выступу прэзідэнта аб звароце другасных рэсурсаў у эканамічны баланс краіны, Бо, сапраўды, дзякуючы сучасным тэхналогіям магчыма ператварыць адпрацаванае масла ў чысты прадукт, замест таго, каб яго спальваць у печах ці проста кудысьці зліваць, наносячы шкоду здароўю і навакольнаму асяроддзю».
Аднак, прадстаўнікі экалагічных грамадскіх арганізацый адразу зазначылі, што заўвагі, якія яны маюць, ні ў якім разе не датычацца самаго прадпрыемства, а адносяцца менавіта да якасці справаздачы аб АУНА.
Так, Таццяна Сініца, юрыст грамадскага аб'яднання «Экадом», якое якраз і ініцыіравала правядзенне сходу ў Крупках, зазначыла пра парушэнні, якія былі дапушчаны па працэдуры правядзення грамадскіх абмеркаванняў, а менавіта, тое, што на афіцыйным сайце заказчыка не была апублікавана аб'ява пра іх правядзенне, як і не была размешчана сама справаздача аб АУНА. На яе думку, гэта прывяло да таго, што мясцовыя жыхары і ўсе зацікаўленыя не былі праінфармаваны належным чынам, як і не мелі магчымасці азнаёміцца з самім праектам, а значыць, не маглі накіраваць свае заўвагі ці прапановы. Заўвага па працэдуры таксама паступіла і ў адрас райвыканкаму, бо на яго сайце занадта позна па тэрмінах згодна з заканадаўствам было заяўлена пра правядзенне сходу.
Больш канкрэтныя тэхнічныя заўвагі да самаго праекту справаздачы аб АУНА праставіла Наталля Блышчык, супрацоўнік праграмы па хімічнай бяспецы і адходам установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў».
«Я хацела б адразу падкрэсліць, што маю ля 20 заўваг. І больш за ўсё пытанняў у мяне выклікала сістэма водаадвядзення», — падкрэсліла яна.
Для спецыялістаў, напрыклад, стаў незразумелым момант мэтазгоднасці выбару палёў фільтрацыі для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод, бо, нягледзячы на тое, што будаўнічыя нормы дапускаюць такі метад пры адпаведным абгрунтаванні, у краіне назіраецца тэндэнцыя адмаўлення ад яго ў сувязі са старэлымі тэхналогіямі і іх неэфектыўнасцю. Акрамя гэтага, у праекце справаздачы не было прадстаўлена дастатковых абгрунтаванняў выбару такой сістэмы скіду.
На што Дзмітры Гурыкаў, дырэктар ТАА «Экалогія», якое распрацоўвала праект, зазначыў, што на такі крок пайшлі, бо палі фільтрацыі не з'яўляюцца асноўнай тэхналагічнай ступенню ачысткі, а ўсяго толькі канчатковая стадыя гэтага працэсу, даачыстка, якая дазволіць «вярнуць» ваду ў навакольнае асяроддзе.
«Мы гэтым пытаннем займаліся вельмі сур'ёзна і шмат думалі над ім. Бо наш аб'ект накіраваны вырашыць экалагічную праблему, а не стварыць новую ці нанесці нейкую шкоду наваколлю. Таму палі фільтрацыі — гэта не ачышчальныя збудаванні, а месца куды будзе злівацца адносна чыстая вада, — дадаў Дзмітры Чарыкавер. — У нас ёсць свая спецыялізаваная лабараторыя, у якой будзе праводзіцца аналіз і поўны кантроль. Акрамя таго, мы думаем наконт таго, каб вяртаць гэтую ваду ў абарот прадпрыемства на тэхнічныя патрэбы. Разглядаецца такі варыянт, бо ён у інтарэсах эканомікі бізнэсу. Гэта не абавязак, а выключна ўжо наша зацікаўленасць».
Апошнюю ідэю заказчыка Наталля з энтузіязмам падтрымала, бо гэта сапраўды можа быць эканамічна мэтазгодным для прадпрыемства. Аднак падкрэсліла, што калі ў праекце справаздачы існуе пункт па выкарыстанню такой сістэмы, то яна павінна адпавядаць усім заканадаўчым нормам. А ў дакуменце адсутнічае інфармацыя па дальнасці транспарціроўкі ачышчаных сцёкавых вод, хаця прымяненне палёў фільтрацыі ў сувязі з гэтым дапускаецца толькі тады, калі адлегласць не прывышае 1 км.
Яшчэ адно пытанне, якое датычыцца сцёкавых вод, выклікаў кантроль іх якасці.
«Тое, што ў кампаніі ёсць свая лабараторыя, — гэта выдатна. Але ў справаздачы пазначана, што кантроль будзе праводзіцца адзін раз на тыдзень. Сыходзячы з прадстаўленага аб'ёму сцёкавых вод і рэзервуару, ён будзе напаўняцца за 3 дні. Атрымоўваецца, што кантроль неабходна праводзіць мінімум два разы на тыдзеню», — падкрэсліла Наталля.
Па гэтаму моманту распрацоўшчык паабяцаў унесці папраўкі для правядзення кантролю па меры запаўнення рэзервуараў і распрацаваць яго графік.
Таксама ў дакуменце адсутнічае поўная інфармацыя па септыках. Указана, што пры ачыстцы яны будуць выкарыстоўвацца, але не зразумела, які менавіта дэзінфекат і ў якіх канцэнтрацыях. А гэта пытанне спецыяліст па хімічнай бяспецы і адходах лічыць важным.
Няма і характарыстыкі ўмоўна чыстых тэхнічных вод, якія плануецца скідваць у сістэму каналізацыі.
«Ваша пытанне мае права быць. Хутчэй за ўсё, у справаздачы аб АУНА такіх характарыстык не будзе, яны ўвайдуць у раздзел ''Ахова навакольнага асяроддзя''», — зазначыў распрацоўшчык дакумента і паабяцаў прадаставіць інфармацыю эколагам па электроннай пошце.
Што тычыцца разліку ўтварэння аб'ёму паверхневых сцёкавых вод, які таксама адсутнічае ў справаздачы, то, па словах распрацоўшчыка, ён быў выкананы ў раздзеле «Вадаправод. Каналізацыя», і, адпаведна, дадзеныя ў АУНА былі ўзяты адтуль як сыходныя ад распрацоўшчыкаў раздзела састава праектнай дакументацыі.
З парушэннем Воднага кодэксу ў справаздачы прадугледжаны выпуск ачышчанага дажджавога сцёку ў прыдарожны кювет, які з'яўляецца рэльефам мясцовасці і які выкарыстоўваць у гэтых мэтах забаронена.
«Калі пры праходжанні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па гэтаму пункту ўзнікнуць якія-небудзь пытанні і заўвагі, то, як варыянт, можна будзе замяніць кювет на фільтрацыйную траншэю, на нейкае тэхнічнае збудаванне, якое будзе прызначана для выпуску сцёкавых вод», — адказаў распрацоўшчык.
Акрамя гэтага, у дакуменце адсутнічаюць тэхнічныя характарыстыкі ачышчальных збудаванняў. Дзмітры Гурыкаў заўпэўніў, што яны змогуць справіцца з нагрузкай. Пасля правядзення экспертызы і аналізу пашпартнай дакументацыі спецыялістамі было дадзена станоўчае заключэнне па іх выкарыстанню. Аднак, каб грамадскія эксперты таксама ўпэўніліся ў гэтым, прапанаваў асабіста прадаставіць усе неабходныя дадзеныя.
Узніклі пытанні ў экспертаў і да санітарна-абарончых зон як самаго заводу, так і свідравін, што знаходзяцца ў непасрэднай блізасці на яго тэрыторыі. Як пазначана ў справаздачы, базавы памер санітарнай зоны нафтабазы, якая рэканструюецца, складае 100 м. Па праекту С33, які распрацоўваўся філіялам «Беларуснафта-Нафтахімпраект», жылая забудова ў межах прадпрыемства адсутнічае. Хаця на самой справе бліжэйшая жылая тэрыторыя размешчана ўсяго ў 53 м ад прадпрыемства.
«Так, я згодны, што гэта нейкая памылка ў дакуменце, мы абавязкова справім яе», — сказаў распрацоўшчык справаздачы.
Сітуацыя з санітарнай зонай свідравіны пітной вады аказалася куды складаней. Нафтабаза ўваходзіць у другі і трэці паясы гэтай самай зоны.
«Каб вы разумелі сітуацыю: нафтабаза была пабудавана даўно, і артэзіянская свідравіна таксама бурылася ў адпаведнасці з ўсімі дзеючымі правіламі таго часу. На прадпрыемстве праводзіцца пастаянны кантроль якасці вады, бо яна з'яўляецца пітной. І пры правядзенні рэканструкцыі мы не ўзводзім ніякіх новых аб'ектаў, а толькі аднаўляем старыя і даўно запраектаваныя», — патлумачыў Дзмітрый Гурыкаў.
Аднак, Наталля звярнула ўвагу на тое, што, згодна з нормамі, размяшчэнне складоў нафтапрадуктаў дазволена толькі ў межах трэцяга пояса. Таму на прадпрыемстве павінны быць распрацаваны мерапрыемствы па забеспячэнню абароны свідравіны і патраплення нафтапрадуктаў у глебу, якія адсутнічаюць у справаздачы.
Пакрытыкаваў эксперт і выбар поліэтыленавых труб для супрацьпажарнай сістэмы ў лабараторных памяшканнях, бо, згодна з тэхнічным кодэксам усталяванай практыкі (ТКП), яны павінны быць з негаручых матэрыялаў. Наталля папрасіла распрацоўшчыка праекта звярнуць на гэта ўвагу і справіць магчымую памылку.
Не знайшлося месца ў дакуменце і для мерапрыемстваў па абароне жывёльнага свету. У адпаведнасці з законам, у незалежнасці ад таго, будаўніцтва гэта новага аб'екту ці рэканструкцыя старога, мерапрыемствы па абароне жывёльнага свету маюць месца быць у любым выпадку.
«Так, неабходна правесці інвентарызацыю ўсёй жыўнасці», — ухвальна выкрыкнуў нехта з залы.
«І калі вы мяркуеце, што ўздзеяння на жывёльны свет не будзе, то так і пазначце», — падказала Таццяна Сініца.
Не абышлося ў справаздачы аб АУНА і без камічных момантаў. Так, згодна з дакументам, на тэрыторыі прадпрыемства павінны функцыянаваць фанерны цэх і дызель-генератары на выпадак адключэння электраэнергіі, на якія, дарэчы, няма разліку выкідаў. Зразумела, што такая інфармацыя паставіла ў тупік не толькі эколагаў, але і саміх заказчыкаў, бо ні першы, ні другі «аб'екты» на заводзе ўсталёўваць не плануецца.
Як зазначылі ў прававой службе таварыства «Зялёная сетка», распрацоўка неналежным чынам справаздач аб АУНА разнастайных аб'ектаў, на жаль, ужо мае сістэмны характар. З большага яны ўсе апісваюць праект, і пры гэтым не прыводзіцца сама яго ацэнка, улік, адсутнічаюць даследчыя працы ці пробы.
«Вядома, што гэта абсалютна недапушчальна. Таму мы лічым, што арганізацыі, якія займаюцца распрацоўкамі такіх дакументаў, павінны абавязкова падвяргацца ліцэнзаванню, што якраз зараз абмяркоўваецца ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пасля чаго, магчыма, будуць ініцыяваны змяненні ў Закон аб дзяржаўнай экспертызе. Мы спадзяемся, што такі крок зменіць сітуацыю з АУНА да лепшага. Адпаведна, і аб'екты будуць больш бяспечнымі, і жыхары будуць мець лепшае ўяўленне пра тое, якое ўздзеянне можа аказаць на іх жыццё той ці іншы праект», — падкрэслілі ў прававой службе таварыства.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Пад Мінскам адкрылі завод па перапрацоўцы адпрацаванага масла