Незвычайнымі фішкамі фестывалю сталі сонечныя панэлі і паштоўкі з экалагічнымі парадамі на кожны дзень як працяг добрай традыцыі арганізатараў мерапрыемства звяртаць увагу на разнастайныя сацыяльныя ініцыятывы.
Яшчэ ў 2009 годзе была закладзеная рок-алея, што дало пачатак падтрымцы маладых выканаўцаў: віталіся не толькі іх выступы на сцэне фестывалю, але і ратацыі іх музычных твораў у эфіры. Па словах Аляксандры Лойкі, спецыяліста па сувязях з грамадскасцю кампаніі «Heineken», калісьці для сябе арганізатары вырашылі, што «Рок за Баброў» сцірае межы. Так, у адзін год вялася актыўная супраца з рухам каўчсёрфінгу, калі на фестываль можна было запрасіць сваіх сяброў з любой іншай краіны. Надалей увагу звярнулі на тое, каб даць магчымасць камфортна прысутнічаць і слухаць любімую музыку людзям з абмежаваннямі.
«На гэты раз мы вырашылі прапанаваць людзям зараджаць свае мабільныя тэлефоны ад энергіі сонца, — распавядае Аляксандра пра невялікую эказону, якая знаходзілася практычна ў цэнтры фестывальнай прасторы і дзе сапраўды любы мог размясціцца на пуфіках, падключыўшы свой смартфон да спецыяльнай прыстасовы і назіраючы за дзеяй на сцэне. — Тым самым мы падкрэслілі бяспечнасць энергіі, якую атрымоўваем. Нам падаецца гэта зараз вельмі актуальным».
Тут жа можна было скарыстацца зялёнай поштай: адправіць сваім сябрам у любую краіну свету простыя і надзённыя экапрарады на паштоўках, што былі распрацаваныя Таварыствам «Зялёная сетка» сумесна з кампаніяй «Heineken».
«Такім чынам, у нас атрымалася стварыць сапраўдную экалагічную зону і нагадаць людзям, што паводзіць сябе больш экалагічна і ставіцца беражліва да навакольнага асяроддзя проста і магчыма штодня», — падкрэсліла прадстаўніца кампаніі.
І на самой справе гэта не выпадкова, бо ў сваёй дзейнасці «Heineken» імкнецца стаць першай «зялёнай» броварнай кампаніяй у Беларусі. Такая ініцыятыва сыходзіць з адзінай для ўсіх аперацыйных прадстаўніцтв «Heineken» па ўсім свеце «Стратэгіі ўстойлівага развіцця», прынятай ў 2010 годзе.
«Праца вядзецца па 6 асноўных накірунках: зніжэнне аб’ёмаў водаспажывання, выкідаў СО2, устойлівае выкарыстанне сыравіны і матэрыялаў, што ўключае ў сябе праекты па развіцці лакальных сыравінных зон, падтрымка мясцовых супольнасцяў (размова тут вядзецца пра сацыяльныя інвестыцыі, якія робіць кампанія), а таксама прасоўванне ідэй адказнага спажывання, здароўе і бяспека супрацоўнікаў. Па кожнаму з накірункаў кампанія мае лікавыя паказчыкі, да якіх імкнецца. На сёння мы адмаўляемся ад тых ініцыятыў, што існуюць выключна дзеля сябе. Усё, што рэалізуецца, адпавядае агульнай стратэгіі, у тым ліку і ініцыятыва на фестывалі “Рок за Баброў”», — рэзюмуе Аляксандра Лойка.
Дарэчы, некаторыя выканаўцы, што сёлета гралі на фестывалі, таксама маюць пэўнае дачыненне да экалагічных праектаў і ініцыятыў. Так, у свой час «Noize MC» выступіў у падтрымку акцый «Грынпіс» супраць нафтавых распрацовак у Арктыцы.
«Дзякуй вам за тое, што вы выбраліся з мегаполісаў, дзе дыхаеце выхлапнымі газамі. Гэта рэпрэсіўная сістэма не дае нам развівацца духоўна...» — заявіў напрыканцы свайго выступу Іван Аляксееў са сцэны «Рок за Баброў».
Ілля Лагуценка, лідар гурта «Мумій Троль», што якраз закрываў фестываль, не аднойчы быў заўважаны ў экалагічных праграмах WWF Расіі — марской і па захаванню папуляцыі амурскіх тыграў.
- Больш фота глядзіце ў нашай фотагалерэі