02.08.2021 / 11:08

Можна cказаць, што тым мядзведзям, якія патрапілі сюды, пашчасціла. Некаторых выкарыстоўвалі як жывы атракцыён. Іншыя пакутавалі ў клетках ля рэстарацый ці на лясных станцыях, дзе на іх нацкоўвалі сабак. Зараз гэтыя небаракі жывуць у “Дамажыры” на адпачынку. Выпускаць у дзікі свет іх нельга, бо ўсе яны маюць посттраўматычны сіндром. А некаторыя пасля жыцця з “чалавекам” нават засталіся інвалідамі.

Фота - прытулак "Дамажыр"

 

"Дамажыр" заснаваны ў 2017 годзе глабальнай арганізацыяй абароны жывёл «Four paws»/«Чатыры лапкі», штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Вене, Аўстрыя. Ідэя была ў тым, каб выратаваць найбольшую колькасць мядзведзей з чалавечага палона. Некаторых мішак забіралі праз суд, некаторых даводзілася выкупаць. Сёння на 15 гектарах прытулку знаходзяцца на рэабілітацыі 25 мядзведзяў. У наступным годзе плануецца павялічыць тэрыторыю, каб мець магчымасць перавесці на пансіён большую колькасць жывёл.

Цяжка ўявіць, але ва Украіне яшчэ магчыма пабачыць зняволеных у клетках мядведзяў каля некаторых рэстарацый ці нават у грамадскіх парках. Перад тым, як трапіць сюды, сённяшнія пастаяльцы “Дамажыра” жылі ў жудасных умовах. Напрыклад, мядзведзіца Юля правяла большую частку свайго жыцця ў клетцы адзін на адзін метр у вандроўным цырку. Ад дрэнных ўмоваў яна страціла здароўе ды атрымала цукровы дыябет. Як распавядаюць супрацоўнікі прытулка, цыркавых мядзведзяў не толькі вельмі дрэнна кормяць, але таксама вучаць «танчыць» на распаленых вуглях. Іх выводзяць на вуглі ды ўключаюць музыку. Робіцца гэта столькі разоў, колькі патрабуецца каб сфарміравалася інстынктыўную рэакцыю: «музыка — боль — танчыць». Іншая мядзведзіца Зоя страціла ў няволі зрок.

Яшчэ больш не пашчасціла мядзведзям, якія трапілі на лясныя станцыі. Гэтыя нелегальныя паляўнічыя сядзібы знаходзяцца ў самым гушчары леса, дзе да іх нельга дабрацца. Там мядзведзяў трымаюць, каб нацкоўваць сабак. Каб тыя не маглі абараняцца, ім выбіваюць зубы ды зразаюць кіпцюры. Вельмі выразны прыклад Кветкі, мядзведзіцы, якая жыла ў маленькай клетцы, з якой яе выводзілі толькі для таго, каб падбухторыць зграю. Некаторыя з жыхароў “Дамажыра” да сённяшнего часа баяцца сабак, напрыклад, Маша.

У кожнага з мядзведзяў прытулка свая гісторыя, нават у маленькага Андора, які з'явіўся ў гэтым годзе не толькі ў Дамажыры, але ўвогуле на свеце. Некаторыя гісторыі вельмі цяжкія, але ўсе маюць добры фінал. Сёння мішкі жывуць у прытулку ў добрых умовах. Адзін вальер, у якім можа жыць адзін жыхар ці пара, займае 1.5 гектара. У кожным “нумары” прытулка-пансіяната ёсць басейн. А каб пастаяльцам было цікавей жыць, наглядчыкі хаваюць ежу ў розныя забаўкі.

Прытулак "Дамажыр" ратуе мядзведзяў
Прытулак "Дамажыр" ратуе мядзведзяў
Прытулак "Дамажыр" ратуе мядзведзяў
Прытулак "Дамажыр" ратуе мядзведзяў

Дарэчы, харчуюцца мядзведзі добра. Цікава, што дыета ў ніх амаль пескатэрыянская (рыбная - ЗП). А некаторыя, напрыклад Тайсан, увогуле вегетарыянцы па уласным жаданні. З 10 кілаграмаў штодзённага рацыёна мядзведзя ў Дамажыры 80% складаюць агародніна ды садавіна, а 20% – часцей за ўсё рыба. Прычым не якая-небудзь, а ласось. У добрых абставінах ды з такім рацыёнам мыдзведзі крок за крокам вяртаюцца да шчаслівага жыцця. Напрыклад, Патап, першы з уратаваных, сёння поўнасцю асвоіўся ў “Дамажыры. І нават стаў мясцовай зоркай. На ягоны Дзень нараджэння ў ліпені ў прытулак з’яжджаюцца госці не толькі з Львоўшчыны, але і з іншых краёў.

Сёння ў “Дамажыры” спрабуюць зарабляць самастойна. Уваход у прытулак каштуе 100 грыўняў для дарослага (каля 4 даляраў). Можна заказаць спецыяльны тур з экскурсаводам, якая распавядзе пра мясцовых пастаяльцаў. Працуе прытулак з 10 ранку да 17 гадзіны вечара штодня, акрамя панядзелка.

Існуе у “Дамажыры” таксама адукацыйныя праграма. Так, для дзяцей адчынена “Лясная школа”, дзе яны даведаюцца не толькі пра мядзведзяў ды іншых жывёл, але ўвогуле засвояць добразычлівы падыход да прыроды. Раяць завітаць на кубачак гарбаты і ў кавярню “Мёд ды ягады”, каб пачаставацца якой мясцовай стравай.

Нягледзячы на тое, што прытулак “Дамажыр” стараецца перайсці на самаакупальнасць, без “Чаторых лапак” (Four paws) яму па-ранейшаму складана – гэта арганізацыя, якая аказвае амаль усю ветэрынарную дапамогу. Таксама Four paws працягвае пошук мядзведзяў, якія ў няволі і пакутаюць ад чалавечай лютасці. Але нядаўна ва Украіне адбыліся падзеі, якія, спадзяемся, з’явяцца пераломным момантам. 15 ліпеня Вярхоўная Рада зрабіла больш жорсткай адказнасць за варварскія адносіны да жывёл. Такім чынам быў абазначаны намер і далей ісці шляхам Еўрапейскай канвенцыі па абароне хатніх жывёл, якую Украіна ратыфікавала ў 2013 годзе. Зараз трэба, каб гэтую ініцыятыву падхапілі простыя грамадзяне. Тады хутка надыйдзе той час, калі ў Дамажыры не будуць думаць, як пашырыць тэрыторыю. Таму што не застанецца больш зняволенных мядзведзей, якіх трэба ўратаваць.

Прытулак "Дамажыр" ратуе мядзведзяў
Прытулак "Дамажыр" ратуе мядзведзяў

Сёння ва Украіне навукоўцы налічваюць 250-300 мядзведзяў, якія жывуць у дзікай прыродзе. Як від яны абароненыя Чырвонай кнігай. Але, паводле падліку спецыялістаў, столькі ж знаходзіцца ў няволі. Акрамя “Дамажыра”, уратаваннем мішак таксама займаецца прытулак White Rock, які нядаўна пераехаў у мястэчка Чубіньскае каля Кіева ў Барыспальскім раёне. Так што калі будзеце ў тых краях, то абавязкова наведайце прытулак. А калі трапіце ў Львоў, то завітайце ў Дамажыр. Больш пра прытулак можна даведацца на яго старонцы ў фэйсбучыку.

Автор:
Фотограф:
Аляксей Аўчыннікаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость