02.11.2016 / 17:11

У выставачнай зале прыродна-экалагічнага музея ў Полацку да 9 лістапада праходзіць фотавыстава Аляксандра і Алы Эрдман «Качыныя гісторыі», прысвечаная Птушцы 2016 года — гогалю звычайнаму і іншым качыным Беларусі. Тут, на чацвёртым узроўні музея — сімвалічнай вяршыні экалагічнай свядомасці, сапраўды гарманічна перасекліся прыгажосць некранутай прыроды і чалавек, які можа гэтую прыгажосць адчуць і ўбачыць.

Фотапрацы спалучаюць у сабе мастацкае бачанне і дакладнасць у перадачы характара і асаблівасцей аб’екта. Гэта не толькі мастацкія творы, а яшчэ і дапаможнік у вывучэнні птушак сямейства качыных. Таму наведванне выставы можа быць аднолькава цікавым і для аматараў мастацкага здымку, і для жадаючых пазнаёміцца бліжэй з птушкай 2016 года і яе блізкімі родзічамі.

Можна толькі здагадвацца, колькі цярпення і часу аўтары затрацілі ў імкненні атрымаць жаданы здымак, але, па ўсім бачна, гэтая ахвяра была недарэмнай.

Прыродна-экалагічны музей з’яўляецца філіялам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і адчынены 3 верасня 2005 года. Знаходзіцца ён у памяшканні былой воданапорнай башні і размешчаны на 4 экспазіцыйных узроўнях. Вузкі шматпавярховы будынак «нанізаны» на лесвіцу, якая сімвалізуе дрэва жыцця, падарожжа па якому ўзнімае наведвальнікаўз да вяршыні экалагічнай свядомасці.

Першы ўзровень «Беларусь — наш дом» расказвае аб біялагічнай разнастайнасці, прыгажосці і ўнікальнасці прыроды Беларусі.

Другі ўзровень завецца «Пасаг цывілізацыі». Ён знаёміць з экалагічнымі праблемамі жылля і сучаснага горада.

На трэццім узроўні размешчаная экспазіцыя «Ахоўныя тэрыторыі», якая распавядае аб запаведных тэрыторыях і рэдкіх, знікаючых відах, занесеных у Чырвоную кнігу.

На чацвёртым узроўні знаходзіцца кіно-, лекцыйная і выставачная зала, а таксама аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца цудоўная панарама горада.

Асноўная ідэя экспазіцыі — паказаць прыроду як каштоўнасць і частку чалавечага існавання, а чалавека — як частку прыроднага космасу.

Ледзь не самымі актыўнымі наведвальнікамі музея, па словах яго супрацоўнікаў, з’яўляюцца дашкольнікі. Кіраўніцтва запаведніка распрацавала план заняткаў, згодна з якім музей наведваюць выхаванцы дашкольных устаноў Полацка. Урокі ўтвараюць  тэматычныя цыклы. Апошнім з такіх быў цыкл «Восень у прыродзе». Падчас заняткаў выкарыстоўваюцца розныя метады. Дзеці маюць магчымасць не толькі ўбачыць выставачныя экспанаты, але і маляваць, адгадваць загадкі, выконваць тэматычныя заданні. 

Падобныя цыклы прадугледжаныя і для малодшых школьнікаў. Для таго, каб заняткі былі больш пазнавальнымі і цікавымі, супрацоўнікі музея нарыхтоўваюць дыдактычны прыродны матэрыял, які захоўваецца ў фондзе і шырока прымяняецца.

За кастрычнік 2016 года ў музеі было праведзена 14 тэматычных заняткаў. Што датычыцца экскурсій, то гарачая пара толькі пачынаецца. Наступіў час восеньскіх канікул, а гэта значыць, што сумаваць экскурсаводам не давядзецца. Госці прыбудуць не толькі з Полацка і Наваполаца, але і з іншых гарадоў Беларусі.

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая, ecology.polotsk.museum.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость