02.11.2020 / 11:11

Першае мерапрыемства Хаб/Лаб прайшло ў сераду ў Мінску. Гэта новае месца, дзе сустракаюцца актывісты і абмяркоўваць сучасныя праблемы. Перш за ўсё яны вырашылі заняцца наваколлем – і заявілі тэму “Як жыць экалагічней”. Спачатку на гэта пытанне адказалі спікеры, а потым удзельнікі ў брэйншторме накідалі яшчэ некалькі класных ідэй.  

Пільнаваць зубра і спыніць будоўлю брудных заводаў

 

Асноўныя праблемы, з якімі зараз сутыкаецца чалавецтва, нагадаў Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў.

 

  • Глабальны памер насельніцтва, пераезд людзей у гарады, змяненне клімату.

Беларусь – адна з самых урбанізаваных краін на постсавецкай прасторы.

  • Гандаль дзікімі жывёламі і зніжэнне біяразнастайнасці.

Яны толькі на першы погляд могуць падасца не зусім актуальнымі для Беларусі. Аднак літаральна на гэтым тыдні ўсё грамадства абмяркоўвала прапанову ад Савета Міністраў змяніць правілы і пашырыць паляванне на зубра – чырвонакніжны від.

  • Усіх краін таксама датычацца праблемы, звязаныя з забруджваннем вадаёмаў.

Калі туды трапляе зашмат арганікі, яны пачынаюць зарастаць. Гэта аднолькава датычыцца і возера пад Барысавам, і Балтыйскага мора. Працэсы і корань праблемы – у адным: экасістэма не спраўляецца з нагрузкай.

Усяго спікер назваў каля дзесяці пунктаў, якія непакояць эколагаў.

Але ёсць і добрая навіна:

“У Беларусі экалогія стала трэндам у грамадскім развіцці за апошнія гады. Мы бачым рост інтарэсу з боку людзей. Экалогія становіцца драйверам не толькі для грамадскіх праектаў, але і для бізнесу. Дзяржава пачынае па-рознаму рэагаваць на гэты грамадскі інтарэс.

З пазітыўнага – летась уступіў у сілу закон пра арганічную сельскую гаспадарку. Сёлета быў прыняты даволі прагрэсіўны план дзеянняў па абмежаванні аднаразовага пластыку. Але пры гэтым мы бачым рост колькасці канфліктаў па лініі экалогія – эканоміка – сацыяльная сфера. Нагадаем, што ў Брэсце ўжо два гады ідуць пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу”, – падкрэсліў Яўген Лабанаў.

 

Экалогія як элемент карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці

“Вельмі моцна зараз павышаецца ўзровень асэнсаванасці ў людзей, таму ўсё прасцей іх запрашаць на маршы па клімату ці супраць футравых ферм, – кажа Ганна Панікарчук, сузаснавальніца першай украінскай zero waste кампаніі Ozero.

– Усё больш людзей падключаецца і прыходзіць. Але пакуль што яшчэ вялікая частка сядзіць дома і чакае дапамогі ад дзяржавы, ад мясцовай улады. Мы таксама працуем над гэтым. Плюс усюды ў маленькіх супольнасцях ёсць “агенты змен”, якія запускаюць праекты па збору макулатуры, батэрэек ці нечага яшчэ. Гэта вельмі радуе”.

Яна падзялілася вопытам развіцця экалагічнага руху ў Украіне і яе экалагічнымі трэндамі.

  • Па-першае, бізнес пачаў развіваць карпаратыўную сацыяльную адказнасць.

У вялікіх карпарацыях ёсць або асобны аддзел, або чалавек, які генерыруе ідэі, якія могуць зрабіць жыццё людзей лепш, у тым ліку з пункту гледжання экалогіі.

  • Па-другое, сталі актыўна развівацца паслугі арэнды.

І гэта шэрынг не толькі аўто, але і інструментаў, і гардэробу, а таксама калівінг – сумесная арэнды жылля.

Флагманы актыўнасці – Ozero, Zero Waste Lviv і Kharkiv Zero Waste – летась аб’ядналіся ў альянс і ўвайшлі ў склад Zero Waste Europe. Гэта дало магчымасць больш шырока супрацоўнічаць з айчыннымі бізнесамі і прывесці ў Украіну яшчэ некалькі крутых ініцыятыў, напрыклад, Plastic Free July.

Ганна лічыць, што не трэба імкнуцца паўтарыць шлях Заходняй Еўропы – развіваць перапрацоўку, а толькі потым тэму нулявых адходаў. Гэта момант, дзе можна скараціць, адразу адмовіўшыся ад непатрэбных рэчаў і смецця, перайсці да асэнсаванага спажывання.

 

Кансалтынг і лекцыі

Што тычыцца самаго праекта Ozero, то ён нарадзіўся пасля таго, як Ганна Панікарчук ў жывую пабачыла, як ідуць справы на смеццевым палігоне. Гэта было тры гады таму. За гэты час ёй пашчасціла сустрэць такіх жа натхнёных людзей, і яны заснавалі Ozero. Спачатку гэта была анлайн крама і лекцыі, а месяц таму ўдзельнікі адкрылі сваю класную прастору ў цэнтры Кіева.

У іх бізнесе ёсць тры напрамкі:

  • Zero waste шоу-рум.

Як кажа Ганна, тавары праходзяць вельмі пільны кантроль. Заснавальнікі ініцыятывы правяраюць, з якой сыравіны яны зроблены і ў якіх умовах, каб усё на паліцах было сапраўды этычна і экалагічна. Такія праверкі могуць займаць некалькі тыдняў.

  • Экаадукацыя.

Актывісты чытаюць лекцыі ўсім, хто іх запрашае. Самая маладая аўдыторыя на сёння – гэта дзеткі чатырох гадоў. Самая сталая – бабулі і дзядулі на мерапрыемстве дабрачыннага фонду “Жыццялюб”.

  • Zero waste кансалтынг.

Калі бізнес ці асобны чалавек хоча прааналізаваць сваё жыццё на экалагічнасць, то тут ён можа заказаць аўдыт кампаній, офісаў ці прыватнай прасторы.

У хуткім часе, дарэчы, Ozero адкрые яшчэ і адукацыйную платформу. На ёй, як тлумачыць Ганна, плануецца сабраць усе цікавыя лекцыі, звязаныя з экалогіі. Летам гэты праект быў падтрыманы грантам.

Автор:
Фотограф:
Pexels.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость