02.12.2019 / 10:12

Гэта і не толькі абмеркавалі на Мінскім транспартным форуме VISA 2.0, які прайшоў у сталіцы 28 лістапада.

Асноўнай тэмай форуму стала развіццё гарадской інфраструктуры і плацёжных транспартных рашэнняў. Але і тут без экалогіі не абышлося: большасць сесій былі прысвечаныя каршэрынгу і будучыні грамадскага транспарту. Той выпадак, калі і эканоміка, і экалогія гатовыя падтрымаць адзін аднаго.

Рашэнні шукалі па шэрагу напрамкаў. Напрыклад, як зрабіць рух па гораду “бясшоўным”? То-бок, каб для пасажыра адразу пракладаўся маршрут з перасадкамі ад пункту А ў пункт Б, каб не трэба было набываць па некалькі талонаў, жэтонаў – а адзін раз аплаціў і едзеш.

Як варыянт, прыводзілі прыклад TIX – сервісу для аплаты праезду ў грамадскім транспарце праз мабільную праграму на смартфоне. Ён ужо працуе амаль два гады ў Брэсце. Аплаціць паездку магчыма альбо праз сканіраванне штрых-коду ў аўтобусе, альбо наўпрост у праграме – там аўтаматычна вызначаецца нумар транспарту. Да таго ж можна паглядзець хвіліны да прыбыцця свайго аўтобусу.

Адна з праблем вялікіх гарадоў – кіраванне патокам пасажыраў. Як варыянт, эксперты форума прапанавалі ўвесці гібкую сістэму кіравання тарыфамі. Гэта азначае, што днём праезд можа каштаваць танней, чым у часы пік. Такім чынам, тыя, каму не прынцыпова, больш ахвотна паедуць па сваіх справах днём, калі ў транспарце менш народу.

Яшчэ ўдзельнікі форуму разглядалі варыянты, як развіваць аплату наўпрост банкаўскімі карткамі. Напрыклад, ёсць вопыт, калі VISA праводзіла акцыю ў Разані і для тых, хто плаціў карткай, квіток каштаваў на 10 % менш.

Людзі прызвычайваліся да гэтага камфорту: не трэба набываць дадаткова квіткі або транспартныя карткі – і працягвалі аплачваць карткай нават пасля завяршэння акцыі. Зараз усе інавацыі ідуць на тое, каб стварыць пасажыру больш камфортныя ўмовы. І галоўнае – змяняюцца адносіны людзей да грамадскага транспарту, яго значэнне ў гарадах.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость