20.01.2026 / 10:01

Як сцяна на беларуска-польскай мяжы ўплывае на дзікіх жывёл.

Ілюстрацыя - Rebel Stroke
Ілюстрацыя - Rebel Stroke

У 2022 годзе на мяжы Польшчы і Беларусі была пабудаваная металічная агароджа пяць метраў вышынёй, якая падзяліла Белавежскую пушчу на дзве часткі і разарвала сувязь паміж папуляцыямі дзікіх жывёлаў.

Расказваем, як гэта стала магчыма, што менавіта не так і чаму жывёлаў не здолелі абараніць ні юрыдычныя нормы, ні навукоўцы з усяго свету.

 

Вялікі зубр рэгулярна заходзіць у польскую вёску Тэрэміскі, што знаходзіцца менш чым за дзесяць кіламетраў ад беларускай мяжы, дзе ў 2022 годзе пабудавалі пяціметровую агароджу даўжынёй 187 кіламетраў. Мясцовыя жыхары кажуць, што зубры сталі прыходзіць у вёску нашмат часцей, і ваўкі цяпер таксама не рэдкасць.

Хоць вяскоўцы не баяцца гэтых жывёл, іх усё больш турбуе, што сцяна змяняе мадэлі паводзінаў мясцовай дзікай фаўны. Многія людзі тут адчуваюць сябе пакінутымі і адзначаюць, што, хоць агароджа найбольш востра ўплывае на штодзённае жыццё іх – мясцовых жыхароў, –  улады гадамі ігнаравалі іх трывогі.

«Ніхто не клапаціўся пра жыхароў, ніхто не клапаціўся пра людзей, якія тут жылі. І вельмі рэдка хто-небудзь з намі размаўляў», – сказала нам жыхарка Тэрэміскаў Эла

Чым часцей дзікія жывёлы з’яўляюцца ў тутэйшых вёсках, тым вышэйшая рызыка няшчасных выпадкаў. Некалькі месяцаў таму ў Тэрэмісках зубр напаў на турыста, які падышоў да яго занадта блізка. Рафал Кавальчык, прафесар і былы дырэктар размешчанага паблізу Інстытута даследавання млекакормячых, сказаў нам, што зубр не панёс наступстваў толькі таму, што былі сведкі, якія маглі пацвердзіць: турыст парушыў правілы і праігнараваў выразныя папераджальныя сігналы жывёлы.

Але як менавіта памежная сцяна ўплывае на зуброў і іншых дзікіх жывёл? І чаму польскім уладам і прыродаахоўным экспертам не ўдаецца дасягнуць пагаднення, якое б усіх задаволіла?

 

Вясна, калі лес змяніўся 

Увесну 2022 года Белавежская пушча – апошні ў Еўропе першабытны лес – стала фонам аднаго з самых спрэчных памежных праектаў у рэгіёне. Пакуль будаўнічыя брыгады будавалі сталёвы бар’ер на польска-беларускай мяжы, мясцовыя даследчыкі штодня выходзілі ў лес, каб зафіксаваць экалагічны след гэтых работ.

Убачанае складалася ў змрочную карціну: пашкоджаныя дрэвы, пырскі засохлага бетону, выкінутыя кантэйнеры з-пад будаўнічых матэрыялаў, пластыкавае смецце і звычайныя адкіды – у тым ліку туалетная папера і чалавечыя экскрэменты. Кожны прадмет фатаграфавалі, заносілі ў каталог і наносілі на мапу – большасць знаходзілася ўздоўж лясных дарог, разараных цяжкай тэхнікай.

Калаж - Наста Захарэвіч
Калаж - Наста Захарэвіч

Кампанія Budimex, адказная за праект, – буйны польскі будаўнічы падрадчык, які належыць гішпанскаму кангламерату Ferrovial, – атрымала задачу ўзвесці 187-кіламетровы бар’ер. Завершаная ў чэрвені 2022 года, гэтая канструкцыя праходзіць непасрэдна праз землі еўрапейскай сеткі прыродаахоўных тэрыторый Natura 2000 і зоны строгай аховы. Яе кошт – больш за 350 мільёнаў еўра – уключаў будаўнічыя работы, сталёвыя элементы і электронную сістэму назірання.

У кастрычніку 2021 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон, які фактычна вызваліў праект памежнага бар’ера ад стандартных адміністрацыйных працэдур. Гэта дазволіла Польшчы абысці шэраг міжнародных абавязацельстваў, прынятых раней.

Паводле Дырэктывы ЕС аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ад 16 красавіка 2014 года, такі праект патрабуе поўнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе яшчэ да пачатку будаўніцтва.

Яшчэ раней, у 1997 годзе, Польшча ратыфікавала Канвенцыю Эспаа аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце. Паводле звестак, якія ў нас ёсць, адпаведнай ацэнкі не праводзілася. Працэдура заняла б час, і польскія ўлады лічылі, што не могуць сабе гэтага дазволіць. Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы не адказала на наш запыт.

А вось рэгіянальная дырэкцыя аховы навакольнага асяроддзя ў Беластоку сказала нам, што бар’ер будаваўся ў межах спецыяльнага прававога рэжыму, устаноўленага тым самым законам, што Анджэй Дуда падпісаў у кастрычніку 2021 года. Закон наўпрост вызваляе гэты праект ад адпавядання экалагічнаму, воднаму і будаўнічаму заканадаўству. Таксама ён вывеў будаўніцтва агароджы з-пад нормаў пра доступ да экалагічнай інфармацыі.

У выніку рэгіянальная дырэкцыя аховы навакольнага асяроддзя не праводзіла ўласных экалагічных аўдытаў, ацэнак або аналізаў падчас будаўніцтва. Яна адзначыла, што функцыі нагляду былі сканцэнтраваныя ў руках урадавай рабочай групы па падрыхтоўцы і рэалізацыі мер бяспекі дзяржаўнай мяжы, у склад якой уваходзіў генеральны дырэктар па ахове навакольнага асяроддзя.

Паводле адказу, які мы атрымалі, любыя матэрыялы пра патэнцыйны ўплыў бар’ера на тэрыторыі Natura 2000 рыхтаваліся на нацыянальным узроўні і перадаваліся ў генеральную дырэкцыю аховы навакольнага асяроддзя, якая застаецца адзіным органам, упаўнаважаным публікаваць звесткі пра наступствы для ахоўных відаў і тэрыторый Natura 2000. Беластоцкая дырэкцыя таксама паведаміла, што не мае запісаў пра скаргі або паведамленні пра экалагічную шкоду, звязаную з будаўніцтвам, і не валодае інфармацыяй пра які-кольвек паслябудаўнічы экалагічны маніторынг.

Паводле закона, падпісанага прэзідэнтам Польшчы, за гэтае будаўніцтва адказвалі больш за 10 дзяржаўных інстытуцый. Мы не знайшлі доказаў таго, што хоць адна з гэтых устаноў спрабавала аспрэчыць легалізацыю парушэння альбо само парушэнне міжнародных абавязацельстваў. Пры гэтым больш за 1800 навукоўцаў з розных краін падпісалі ліст, у якім выказаліся супраць будаўніцтва агароджы. Але гэта не паўплывала на планы польскіх уладаў.

Часткова бар’ер прайшоў праз Белавежскую пушчу, якая займае больш за 140 000 гектараў зямлі і уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Улетку 2021 года лес апынуўся ў цэнтры геапалітычнага супрацьстаяння. Групы замежнікаў, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі альбо накіроўваў наўпрост, альб не замінаў незаконна перасякаць дзяржаўную мяжу, і якім дапамагалі мясцовыя кантрабандысты, пачалі з’яўляцца ўздоўж усходняй мяжы Еўразвяза.

Гуманітарныя рызыкі нарасталі, напружанасць павялічвалася, і польскі ўрад прыняў рашэнне закрыць памежную зону. Дзесяць месяцаў уезд у яе быў дазволены толькі мясцовым жыхарам. Журналістам, валанцёрам і турыстам заязджаць было нельга.

Адначасова дзяржава імкнулася пахутчэй стварыць сталую фізічную агароджу на мяжы. Спецыяльны закон дазволіў уладам не толькі абысці ацэнку ўздзеяння сцяны на навакольнае асяроддзе, але і выбіраць падрадчыкаў без адкрытага тэндару.

Акрамя Budimex, да праекта прыцягнулі некалькі іншых кампаній – для паставак камплектуючых або будаўніцтва дадатковых участкаў. Закон заблакаваў публічны доступ да кантрактаў і фінансавых дэталяў, пакінуўшы НДА і мясцовыя супольнасці без адказаў на шматлікія пытанні.

У адказ на наш запыт Галоўнае ўпраўленне памежнай аховы Польшчы накіравала афіцыйнае тлумачэнне адносна доступу да публічнай інфармацыі пра будаўніцтва памежнай сцяны. У сваёй заяве Бюро інфармацыйнай бяспекі патлумачыла, што тэхнічныя аспекты бар’ера не з’яўляюцца публічнай інфармацыяй і таму не могуць быць раскрытыя ў межах стандартных працэдур празрыстасці. Установа таксама заявіла, што не валодае інфармацыяй пра супрацоўніцтва з Еўрапейскім агенцтвам памежнай і берагавой аховы адносна стану бар’ера на польска-беларускай мяжы.

Афіцыйны Менск рэзка асуджае будаўніцтва агароджы з польскага боку беларуска-польскай мяжы, называючы гэта актам «варварства». Беларускія ўлады прыводзяць некалькі, на першы погляд, аб’ектыўных аргументаў: яны сцвярджаюць, што бар’ер парушае натуральныя экасістэмы, стварае перашкоды для міграцыі жывёл і павялічвае светлавое і шумавое забруджванне як падчас будаўніцтва, так і падчас эксплуатацыі.

Аднак у афіцыйным наратыве замоўчваецца існаванне іншага бар’ера – таго, што стаіць з беларускага боку мяжы яшчэ з канца 1980-х, і які мае назву “Сістэма”. Гэтая двухметровая агароджа можа не так уражваць, як новая польская канструкцыя, але яна ўсё ж абмяжоўвала перамяшчэнні буйных жывёл – такіх як зубр, алень і лось – у межах Белавежскай пушчы.

Дзяржаўныя медыя ў Беларусі прызнаюць наяўнасць гэтай старой агароджы, але настойваюць, што яна не стварае істотнай перашкоды, бо дробныя віды ўсё адно могуць праз яе праходзіць. Эксперты адзначаюць, што, напрыклад, ваўкі раней свабодна пераплывалі раку – пакуль гэты шлях не перакрылі дадатковым калючым дротам, так званай «спіраллю Бруна». Гэты спіральны лязовы дрот цяпер таксама праходзіць уздоўж некаторых участкаў пяціметровай польскай агароджы.

Навукоўцы з польскага Інстытута вывучэння млекакормячых называюць гэтую спіраль Бруна адной з асноўных прычын гібелі дзікіх жывёл падчас будаўніцтва польскага бар’ера. Жывёлы, якія спрабавалі перасекчы дрот, часта атрымлівалі глыбокія парэзы, што аказваліся смяротнымі.

«Некаторым відам і раней было цяжка перасякаць мяжу», – сказаў беларускі навуковец, які папрасіў не называць яго імя з меркаванняў бяспекі. «Але цяпер сітуацыя стала значна горшай. Яшчэ ў 2017 годзе мы абмяркоўвалі магчымасць зняцця беларускай агароджы. Сёння гэтай надзеі ўжо няма – гэта больш не рэалістычна». 

Ілюстрацыя - Rebel Stroke
Ілюстрацыя - Rebel Stroke

Аднак не ўся беларуская крытыка пяціметровай польскай агароджы дастаткова абгрунтаваная. Некаторыя заявы выглядаюць як частка прапагандысцкай стратэгіі. Напрыклад, у інтэрв’ю 2022 года дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА беларускі спецыяліст па паляўнічай гаспадарцы Андрэй Малышка сцвярджаў, што папуляцыя аленяў у Ваўкавыскай паляўнічай гаспадарцы за год скарацілася ўдвая.

«Мінулай зімой каля 150 аленяў заставаліся на нашай тэрыторыі. Сёлета засталося толькі каля 70», – сказаў Малышка, прыпісаўшы падзенне колькасці выключна будаўніцтву польскай агароджы. 

Аднак гэтае сцвярджэнне не падмацавана доказамі. Няма дакладных даных пра тое, што насамрэч адбылося з жывёламі: яны маглі застацца на польскім баку, загінуць або міграваць у іншы рэгіён у межах Беларусі.

 

Экалагічны кошт сцяны

Калі памежная тэрыторыя ў Белавежскай пушчы зноў адкрылася ў ліпені 2022 года, сляды будаўніцтва былі відавочныя. Груды грунту цягнуліся ўздоўж Броўскай дарогі; каля Старога Масева паміж дрэвамі стаяў закінуты кантэйнер з надпісам «грузавы фургон» – маўклівы сведка месяцаў разбурэння.

Да сакавіка 2023 года Белавежская пушча стала трывожна ціхай. Рэстараны скарацілі гадзіны працы; сцежкі апусцелі; гатэлі стаялі напаўзакінутыя. Зніклі экскаватары, вайсковыя грузавікі і аўтамабілі памежнай аховы, якія месяцамі былі найчасцей бачнымі ў гэтай мясцовасці. Але замежнікі ўсё яшчэ былі ў лесе – ночылі пад адкрытым небам, хварэлі і часам паміралі.

Актывісты ацэньваюць, што ў перыяд паміж сакавіком і пачаткам траўня 2023 года каля 2 000 чалавек дабраліся да польскага боку сцяны і папрасілі дапамогі. Валанцёрам удалося дапамагчы амаль палове. Толькі ў красавіку прынамсі 350 чалавек былі адціснутыя назад польскімі службамі ў Беларусь.

Гэтая дваістая рэальнасць – цішыня турыстычных мястэчкаў і схаваныя перамяшчэнні ў лесе – нараджае розныя меркаванні пра бар’ер. Ці вярнула сцяна адчуванне начной бяспекі? Альбо гэта дарагая ілюзія, якая шкодзіць лясу, але не вырашае гуманітарны крызіс?

«З аднаго боку, нічога добрага, а з другога – добрае ёсць. Усё залежыць ад таго, як на гэта глядзець», – сказала нам Бася, жыхарка Тэрэмісак. Пасля кароткай паўзы яна дадала: «Я ўпэўненая, што жывёлы ад гэтага не ў захапленні». 

У некаторых месцах побач з бар’ерам знаходзяцца так званыя зубы Дракона –  шэраг стацыянарных пірамідальных бетонных блокаў, усталяваных у некалькі шэрагаў, каб замінаць праезду транспарту. Кожны з іх важыць каля трох тон, і для іх перавозкі і мантажу неабходна выкарыстоўваць цяжкую тэхніку.

Польска-беларуская мяжа без "зубоў дракона"
Польска-беларуская мяжа без "зубоў дракона"

«Зубы дракона» уздоўж бар’ера на беларуска-польскай мяжы з польскага боку
«Зубы дракона» уздоўж бар’ера на беларуска-польскай мяжы з польскага боку

Даследчыкі з Геабатанічнай станцыі пры Варшаўскім універсітэце адсочвалі экалагічнае ўздзеянне з лютага па лістапад 2022 года. На Броўскай дарозе, якую яны наведалі 26 разоў, яны зафіксавалі рэптылій, амфібій і птушак, раздушаных будаўнічай тэхнікай, – віды, якія ахоўваюцца польскім заканадаўствам. Большасць трупаў хутка знікала, бо іх з’ядалі лісы, куніцы, ваўкі ці янотападобныя сабакі, а гэта значыць, што рэальная смяротнасць магла быць значна вышэйшай.

“У нас былі інструменты, каб правесці належны маніторынг яшчэ да пачатку будаўніцтва”, – сказаў прафесар Міхал Зміхорскі, былы дырэктар Інстытута вывучэння млекакормячых польскай акадэміі навук. “Ніхто нас не запытаў”

Цяжкая тэхніка парушыла шляхі перамяшчэння жывёл; шум заганяў дзікую фаўну глыбей у лес. Тым часам абяцаныя пераходы для жывёл – 24 вялікія праходы для зуброў, ваўкоў, аленяў і рысяў – застаюцца зачыненымі нягледзячы на завярэнні Budimex, адказнай за будаўніцтва, што бар’ер не будзе перашкаджаць жывёлам на агульнаеўрапейскім міграцыйным шляху.

Лязовы дрот, нацягнуты папярок рачных далінаў, стварае дадатковыя небяспекі для жывёл, якія мігруюць. Шмат што з гэтага ніколі не ўбачаць людзі, якія не знаходзяцца на мяжы фізічна. Але змены ў ландшафце на памежнай лініі, а таксама будаўнічая і вайсковая тэхніка бачны са спадарожніка.

Як выглядала мяжа, да таго як па ёй прайшлася цяжкая тэхніка
Як выглядала мяжа, да таго як па ёй прайшлася цяжкая тэхніка

Цяжкая тэхніка і высечка лесу прыкметныя ў некалькіх месцах уздоўж мяжы з польскага боку. Гэтыя грузавікі маглі выкарыстоўвацца для будаўніцтва бар’ера і/або для перавозкі людзей – як цывільных работнікаў, так і вайскоўцаў.
Цяжкая тэхніка і высечка лесу прыкметныя ў некалькіх месцах уздоўж мяжы з польскага боку. Гэтыя грузавікі маглі выкарыстоўвацца для будаўніцтва бар’ера і/або для перавозкі людзей – як цывільных работнікаў, так і вайскоўцаў.

Навуковая група на чале з прафесаркай Катаржынай Новак, якая выконвала праект «Разуменне і змяншэнне экалагічнага следу дзяржаўных памежных бар’ераў», зафіксавала больш высокую прысутнасць людзей уздоўж мяжы, чым уздоўж больш аддаленых кантрольных дарог, што пацвярджалася і данымі транектаў, і фотапасткамі. На транектах даследчыкі знаходзілі менш слядоў жывёл як каля самога бар’ера, так і каля бліжніх дарог, што сведчыць пра ўхіленне гэтых зон дзікай фаўнай.

«Мы бачым рост колькасці транспартных сродкаў, людзей, вайсковых падраздзяленняў, памежнікаў і гэтак далей», – сказаў прафесар Кавальчык. «І мы бачым, як гэта ўплывае на размеркаванне млекакормячых, на іх актыўнасць, і ўвогуле вельмі папярэднія вынікі кажуць пра тое, што зубры, ваўкі і высакародныя алені сустракаюцца бліжэй да мяжы радзей у параўнанні з зонамі, больш аддаленымі ад агароджы».  

На падставе зімовага трэкiнгу, праведзенага ў 2024 годзе, даследчыкі вызначылі, што некаторыя дробныя млекакормячыя і драпежнікі сярэдняга памеру здольныя пераадольваць дадатковыя перашкоды, і што некаторыя драпежнікі прывабліваюцца да памежнай зоны лёгкадаступнымі крыніцамі ежы на вайсковых пастах, дзе былі харчовыя адкіды і пустая тара.

Гэта, у сваю чаргу, уплывае на ўзаемасувязі паміж людзьмі, дзікімі жывёламі і хатнімі жывёламі. Салдаты паведамлялі навукоўцам пра «візіты» ліс, куніц, хатніх катоў і іншых відаў – як зімой 2024 года, так і зноў у студзені 2025-га.

Даследчыкі таксама зрабілі аналіз гукавога ландшафту: адзін тыдзень бесперапынных запісаў на шырокай тэрыторыі ўзімку 2024 года і доўгатэрміновыя запісы на працягу больш за восем месяцаў у строгім рэжымным рэзерве нацыянальнага парку. Высветлілася, што некаторыя антрапагенныя гукі (напрыклад, верталёты, стрэлы) пранікаюць глыбока ў лес.

Падчас даследавання праходы ў бар’еры заставаліся зачыненымі. Даследчыкі прапануюць, каб умовы адкрыцця існых варотаў або стварэння новых пераходаў для жывёл былі прадметам перамоваў, пажадана з удзелам беларускага боку і такіх арганізацый, як ЮНЭСКА або Міжнародны саюз аховы прыроды. Аптымальнымі былі б месцы каля ключавых рэсурсаў – рэк, ручаёў або вадапояў. Па меры таго як засухі будуць здарацца часцей, доступ да вады будзе набываць усё больш крытычнае значэнне для мясцовых жывёл.

“Ёсць зубры – і, верагодна, іншыя буйныя млекакормячыя – якія апынуліся заблакаванымі паміж асноўным памежным бар’ерам Польшчы і беларускай Сістэмай”, – кажа прафесарка Катаржына Новак. “Немагчыма ацаніць, колькі жывёл і якія віды закранутыя, бо большая частка гэтай тэрыторыі знаходзіцца з беларускага боку.

Плошча паміж двума бар’ерамі толькі ўздоўж Белавежскай пушчы складае 37 квадратных кіламетраў, але гэтая тэрыторыя падзеленая прыкладна на пяць участкаў, злучаных вузкімі калідорамі, дзе бар’еры праходзяць вельмі блізка адзін да аднаго (і праз якія буйныя жывёлы, такія як зубры, могуць неахвотна праходзіць).

Яшчэ ў жніўні мы назіралі быка-зубра, які стаяў адразу за польскім бар’ерам і глядзеў на захад. У ідэале Польшча і Беларусь павінны тэрмінова супрацоўнічаць, каб як мага хутчэй вызваліць гэтых жывёл». 

Зубр стаіць паміж польскай і беларускай памежнымі агароджамі, жнівень 2025 года, паўночная частка Белавежскай пушчы. Фота: Інстытут вывучэння млекакормячых Польскай акадэміі навук.
Зубр стаіць паміж польскай і беларускай памежнымі агароджамі, жнівень 2025 года, паўночная частка Белавежскай пушчы. Фота: Інстытут вывучэння млекакормячых Польскай акадэміі навук.

 

Неабходны маніторынг, якога насамрэч няма 

На пачатку 2025 года Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЭСКА апублікаваў Справаздачу пра стан захаванасці, у якой гаварылася, што ў 2024 годзе – праз два гады пасля пачатку будаўніцтва сцяны – быў замоўлены частковы навуковы аналіз уплыву бар’ера на млекакормячых і інвазійныя віды раслін.

«Наступным этапам будзе фармаванне каманды, у склад якой увойдуць прадстаўнікі кіраўніцтва аб’екта, міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя, памежная ахова, вайскоўцы і навукоўцы. Гэты маніторынг дапаможа распрацаваць асновы праграмы комплекснага маніторынгу экасістэмы Белавежскай пушчы і плана карэкцыйных дзеянняў па змяншэнні ўплыву бар’ера, а таксама дзейнасці памежнай аховы і вайскоўцаў на біяразнастайнасць і экалагічныя і біялагічныя працэсы на тэрыторыі аб’екта», – сцвярджалася ў дакуменце, створаным праз тры гады пасля будаўніцтва агароджы.

Пазней у тым жа годзе стала яшчэ больш прычын для трывогі: пасля справаздачы Міжнароднага саюза аховы прыроды, якая панізіла ахоўны статус Белавежскай пушчы да «крытычнага», дзяржаўная рада па ахове прыроды апублікавала тэрміновую заяву. Лес, які ўсё яшчэ спрабуе аднавіцца пасля хвалі незаконных высечак 2017 года, цяпер сутыкаецца з дадатковымі пагрозамі: бар’ер, узмацненне развіцця лясной інфраструктуры і асушэнне месцапражыванняў.

Рада заклікала да надзвычайных мер – стварыць новыя рэзерваты, зменшыць трафік на лясных дарогах, спыніць паляванне, аднавіць водна-балотныя угоддзі і інтэграваны план аховы для тэрыторый ЮНЭСКА і Natura 2000. Без рашучых дзеянняў, папярэджваюць эксперты, Польшча рызыкуе страціць сваю найкаштоўнейшую прыродную спадчыну.

Яе аналіз таксама паказвае, што пасля будаўніцтва бар’ера размеркаванне дзікай фаўны змянілася. Зубры і алені пазбягаюць сцяны; затое лісы, янотападобныя сабакі і здзічэлыя каты канцэнтруюцца каля вайсковых пастоў, дзе назапашваюцца арганічныя адкіды, – утвараючы «гарачыя кропкі» для распаўсюду хвароб.

У найбольшай небяспецы, што пацвярджаюць і даследчыкі з Інстытута вывучэння млекакормячых, знаходзяцца папуляцыі рысі. Далейшая генетычная ізаляцыя можа падштурхнуць іх да незваротнага заняпаду. На беларускім баку Белавежскай пушчы даследчыкі фіксуюць каля 20 рысяў, на польскім баку – 10-12.

Паводле прафесара Рафала Кавальчыка, некаторыя рысі могуць перасякаць беларускую СІстэму да 50 разоў на год. Трапіць у Польшчу яны цяпер ніяк не могуць. Навукоўцы прапаноўваюць кампенсацыяныя меры – працуючыя пераходы для драпежнікаў, лепшае абыходжанне з адкідамі, выдаленне інвазійных відаў і працяг маніторынгу.

Ілюстрацыя - Rebel Stroke
Ілюстрацыя - Rebel Stroke

Цяпер палітычная сітуацыя робіць дэмантаж памежнай агароджы нерэалістычным. Але навукоўцы кажуць, што доўгатэрміновая мэта ў Плане развіцця павінна быць яснай: прыбраць агароджы, калі ўмовы дазволяць гэта зрабіць, – або як мінімум радыкальна знізіць шкоду, якую яны наносяць экасістэмам.

Даследчыкі з Інстытута вывучэння млекакормячых папярэджваюць: адно толькі адкрыццё брамаў польскай агароджы не вырашыць ключавую праблему. Пакуль беларускі бар’ер застаецца закрытым, некаторыя жывёлы ўсё адно будуць «зачыненыя» ў асобных папуляцыях.

Любое рэальнае паляпшэнне міграцыі запатрабуе, каб абодва бакі адначасова зрабілі мяжу больш пранікальнай. І якія б меры па змяншэнні шкоды ні прымаліся, ім патрэбны шчыльны, пастаянны маніторынг – каб службоўцы бачылі, што працуе, што не, і хутка карэктавалі падыход.

У цяперашнім выглядзе агароджа разрывае папуляцыі і блакуе перамяшчэнне буйных жывёл, зніжаючы абмен генамі і ставячы пад пагрозу генетычную разнастайнасць рэдкіх відаў. Буйныя млекакормячыя вымушаныя змяняць маршруты і межы сваіх тэрыторый, трацячы больш энергіі на пошук ежы – гэта можа аслабляць асобін і зніжаць паспяховасць размнажэння.

У памежнай зоне сярэднія па памеры драпежнікі становяцца больш актыўнымі, і гэта можа спрыяць распаўсюджванню хвароб. Расчыстка паласы ўздоўж агароджы таксама працуе як калідор для інвазійных раслін, выціскаючы мясцовыя віды і парушаючы харчовыя рэсурсы для дзікай фаўны.

Ілюстрацыя - Rebel Stroke
Ілюстрацыя - Rebel Stroke

Ад пачатку, дарэчы, доўгатэрміновы маніторынг млекакормячых, які вядзе Існтытут вывучэння млекакормячых, увогуле не мусіў вывучаць уплыў агароджы. Аднак цяпер сабраныя даныя паказваюць, што сцяна мае вымяральны і істотны ўплыў на папуляцыі млекакормячых у Белавежскай пушчы.

Але мясцовыя жыхары не сумняюцца і, па сутнасці, не маюць патрэбы ў навуковых доказах, каб бачыць: бар’ер паўплываў на дзікіх жывёл.

«Некалькі гадоў таму да нас з Беларусі прыйшоў мядзведзь. Яго сфатаграфавалі, калі ён еў мёд. Жывёлы проста хадзілі тут. Калі я раней хадзіла на мяжу з сябрамі, я бачыла, як ваўкі яе пераходзілі. Для іх мяжы не існавала», – кажа Бася, якая ўсё яшчэ спадзяецца, што аднойчы Тэрэміскі і ўвесь рэгіён уздоўж мяжы вернуцца да нармальнага жыцця. 


Гэты артыкул быў створаны пры падтрымцы Journalismfund Europe.

.
.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость