03.02.2017 / 15:02

Неўзабаве Мінск страціць яшчэ адзін унікальны куточак — двухпавярховы пасёлак Трактарнага завода. У лютым гарадскія ўлады пачнуць яго зносіць, каб замест пабудаваць ля метро шматпавярховікі. Калі вы хочаце ўбачыць гэты раён такім, якім ён ужо не будзе, наведайце 4 лютага пешыя экскурсіі на рускай, англійскай і французкай мовах. Удзел у іх бясплатны.

Жытло з «празмернасцямі»

Расказваць пра былое пасляваеннага пасёлка будуць удзельнікі праекта «Менскі велашпацыр»:

— Пасёлак будаваўся ў пасляваенным Мінску самым першым. Ён вельмі прадуманы і канцэптуальны, бо прызначаны для рабочых завода саюзнага значэння, — кажа экскурсавод і заснавальнік праекта Раман Абрамчук. — Спланаваны двума вядомымі архітэктарамі, ён атрымаўся эстэтычна прыгожым, багатым на архітэктурную аздобу.

Пасёлак унікальны і тым, што частку яго пабудавалі перад тым, як выйшла пераломнае пастанаўленне Хрушчова «Аб знішчэнні празмернасцяў у праектаванні і будаванні» Менавіта таму, пры ўсім падабенстве да Асмалоўкі ці пасёлка Аўтазавода, архітэктурныя формы Трактаразаводскага больш выкшталцоныя.

Былы дзіцячы садок, плануецца да зносу адным з першых
Былы дзіцячы садок, плануецца да зносу адным з першых

 

Адэпты ваеннай ідэалогіі зносяць свой помнік

— Відавочна, пасёлак Трактарнага завода з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На жаль, гэта не падцверджана нашай дзяржавай, — працягвае Раман.

Прыярытэтам у тых, хто кіруе горадам, з’яўляецца матэрыяльная выгада.

— Зразумела, што зараз нялёгкі крызісны час, але ж гаворка ідзе пра памяць і будаўнікоў пасляваеннага Мінска. Гэтая памяць упісваецца ў сучасную ідэалогію, і дзіўна, што адэпты гэтай жа ідэалогіі падпісваюць загады на знос помнікаў. Грошы апынаюцца больш важнымі — такая сумная тэндэнцыя, — разважае кіраўнік праекта.

Такім чынам, пасёлак будзе знесены ў лютым 2017 года, калі праектная дакументацыя пройдзе ўсе ўзгадненні. Замоўца па асваенню квартала — адміністрацыя Заводскага раёна Мінска, праекціроўшчык — УП «Мінскпраект». На вызваленай тэрыторыі пабудуюць дамы вышынёй 5-7 паверхаў.

Раман Абрамчук, фота з суполкі «Трактарагорад»
Раман Абрамчук, фота з суполкі «Трактарагорад»

Зараз людзі з дамоў пад знос адселеныя, вокны забітыя. Але будаўнічай тэхнікі пакуль няма. Прапануем вам убачыць, якім пасёлак быў у лютым 2015 года, праз інсайдарскі рэпартаж з месца аб дрэвах, дамах і людзях.

 

Месца, дзе займаліся селекцыяй дрэваў

Мінаеш метро, бабуль з квашанай капустай, шкарпэткамі і кропам — і ты ў глыбіні пасляваеннага пасёлка. Тут ляпніна, савецкія скульптуры і белы негарадскі снег.

— Да вайны тут былі часткова дрэвы, часткова пакгаўзы і склады. А 150 год таму месца называлася Архіерэйскі лес, — расказвае пра гісторыю Ігар Корзун, кіраўнік кампаніі «Гарадскі Ляснічы». — Дзе вуліца Клумава выходзіць да Сляпянскай воднай сістэмы — Архіерэйскае ўрочышча, і там стаяў маёнтак Антонія Зубко, які быў ля вытокаў яднання ўніяцкай і праваслаўнай цэркваў.

 Ігар Корзун
Ігар Корзун

Ён быў вядомым прыродазнаўцам, меў сады, займаўся селекцыяй і развядзеннем раслін. І на гэтай тэрыторыі, у тым ліку месцы, дзе Аўтазавод (Архіерэйская пустыня), ён вывучаў лес.

Ад колішняга лесу засталося мала: некалькі сосен, асобныя елкі.

 

Каштаны не ўратуеш: як раён перастае быць зялёным

Невялікія дамкі, два-тры паверхі, будыніна завадскога тыпу, дабітая агароджа. Дрэвы абрэзаныя абы-як, шэсць клёнаў і такія ж «амалоджаныя» каштаны:

— Клёны могуць аправіцца, яны маладыя, а вось каштаны ўжо не ўратуеш, — каментуе Ігар. Паводле яго, купіраваныя дрэвы паміраюць у 90% выпадкаў. Не адразу, але пражываюць ад сілы 10 год. — На гэтыя спілы ўздзейнічае вільгаць, гніль. У дрэва не хапае сіл, каб вырасціць нармальную крону і забяспечыць харчаванне.

Па словах Ігара, далёка не ўсе дрэвы пераносяць такую абрэзку і далёка не ўсім яна патрэбная. Але практыкуецца, і тут — у прыватнасці.

Жанчына, якую высяляюць: «А што рабіць? Нікуды не папрэш»

Фатаграфуем. З вакна высоўваюцца дзядуля ды нейкая цётачка, назіраюць. Нецвярозы мужчына прымае нас за рэжысёра і памочніцу, расказвае: маўляў, звярніце ўвагу, у некаторых дамоў пафарбавана толькі адна сцяна, ад дарогі. Чаму? Чэмпіянат па хакеі быў.

Ці сапраўды гэта прычына — нам невядома, але хаця б адна са сцен.

Іншыя дамы не фарбавалі ўжо даўно і, падаецца, зрабілі ўсё, каб людзі не трымаліся за жыллё ў зацішным раёне ля метро: сцены трэсканыя, дахавыя вакенцы — як з фільма жахаў.

Частка раёна нагадвае Данецк, асабліва той квадрат, які адсялілі (між Чабатарова, Шчарбакова, Клумава і Стаханаўскай). Па перыметры двухпавярхоўкі, цэнтр кампазіцыі — адносна зялёны двор з закінутым дзіцячым садком. Некаторыя пад’езды апячатаныя.

У адным з адкрытых вельмі цёпла і пахне супам. Людзі тут ведаюць адзін аднаго, вітаюцца пры сустрэчы.

У пад’езд заходзіць жанчына ва ўзросце.

— Добры дзень! Высяляюць вас ужо? — пытае Ігар.

— Высяляюць, на Каржанеўскага, у новы дом. Гэта, дзе шпіталь хуткай дапамогі.

— Жудасць якая, жылі амаль у цэнтры, а будзеце — на краі.

— А што рабіць? Нікуды не папрэш. Яны аддаюць метры. Кватэра, што нам далі, някепская. Ну, толькі што… Ведаеце, гэта спакойны раён, усе адзін аднаго ведаем. А там... Неахвота з’язджаць.

Па словах жанчыны, дамы на вуліцы дажываюць: капрамонт рабілі ў 1979 годзе, а бягучы — нават не памятае калі. Яшчэ пагаворваюць, што людзям праз дарогу ўжо прыйшлі паперы, што іх выселяць туды, дзе ў старых на лаўках сядзець не прынята.

А ўвосень уздоўж дарогі пасадзілі маладыя дрэўцы, доўгі шэраг. Ігар скептычны: наўрадці яны выжывуць пры перабудове раёна.

 

У раёне пад знос — адна з рэдкіх у Мінску сосен

Ля былога дзіцячага садка зкалонамі растуць дзве блакітныя шыкоўныя елкі і адна сасна Веймутава.

— Гэта важнае дрэва, і пацярпець пры будоўлі яно не мусіць ні ў якім выпадку, — здзіўлена зазначае Ігар. — Нават да таго, што пры будоўлі яны мусяць яго выкопаць і завезці ў іншае месца. Такія працы робяцца: выкапваюцца карані, куб зямлі, кранам падымаецца... У Мінску з дзясятак такіх дрэваў не набярэцца.

Гэты від натуральны для Паўночнай Амерыкі, па вышыні ў сярэднім у паўтары разы вышэйшы за звычайную сасну. Яе дужа любяць лесаводы і называюць белай ўсходняй сасной.

Ігар падсумоўвае:

— У гэтым двары ўсё, што можна было сапсаваць, ужо сапсавана, каб спыніць усялякую палеміку. Дамы даведзеныя да стану аварыйных за гады неналежнай эксплуатацыі, а дрэвы абрэзаныя так, што частка з іх ужо загінула, частцы засталося зусім нядоўга, і выглядаюць яны непрывабна. Мала ў каго ўзнікне жаданне змагацца за іх.

І між пасляваенных дамкоў ужо вырастаюць будынкі з жэсці і шкла.

Гэтыя дамы застаюцца жылымі
Гэтыя дамы застаюцца жылымі

А гэтыя неўзабаве знясуць
А гэтыя неўзабаве знясуць

А гэтыя неўзабаве знясуць
А гэтыя неўзабаве знясуць

Апошні жыхар
Апошні жыхар

Рай для кубіста
Рай для кубіста

Той самы пад’езд, дзе мы два гады таму размаўлялі з жанчынай
Той самы пад’езд, дзе мы два гады таму размаўлялі з жанчынай

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость