Найбольш вядомая і зручная платформа, якая вывела звароты грамадзян на якасна новы ўзровень – гэта petitions.by. Гэтымі днямі яна, дарэчы, назірае свой уласны рэкорд – упершыню адна з петыцый набрала 84 000 подпісаў. І збор яшчэ працягваецца. Гэта петыцыя супраць прызнання бела-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.
Амаль роўна год таму каманда праекта “Зручны горад. Petitions.by” напісала зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў. У ім стваральнікі ініцыятывы, абапіраючыся на ўласны вопыт з калектыўнымі электроннымі зваротамі і на сусветныя практыкі, прапанавалі ўнесці змены ў закон па дзевяці напрамкам.
Яны датычыліся стварэння інстытута петыцый, выкарыстання іх для ініцыяцыі змен у заканадаўстве, магчымасці больш дэталёвага разгляду зваротаў з вялікай колькасцю подпісаў. Акрамя таго, прапаноўвалася абавязаць недзяржаўныя арганізацыі разглядаць звароты, зрабіць магчымасць адправіць зварот больш відавочнай і працягнуць тэрмін разгляду петыцый. Плюс была ідэя ўвесці ідэнтыфікацыйны нумар замест адраса, а таксама анлайн прыём замест асабістых сустрэч.
Большасць змен працавала б на тое, каб дзяржаўныя дзеячы маглі б надаваць больш увагі сапраўды важным праблемам, якія хвалююць грамадства. Пры гэтым невялікія пытанні можна было б вырашаць лягчэй. Напрыклад, на анлайн прыёме ці праз большы тэрмін разгляду, які дае магчымасць чыноўніку за адзін раз разабрацца ў пытанні і напісаць нармальны адказ, а не адпіску, на якую заяўнік, чые пытанне не вырашана, зноў жа напіша зварот.
Аднак дзяржаўныя дзеячы вырашылі звярнуць увагу на іншыя, на іх думку, праблемы. У абгрунтаванні плана законапраектаў напісана, што ў апошнія гады з’явіліся неафіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы ў гэтай сферы.
Яны не ідэнтыфікуюць асобу, якая ставіць подпіс, а гэта можа прывесці да накруткі подпісаў “у мэтах стварэння бачнасці важнасці той ці іншай праблемы”. Да таго ж хацелася б урэгуляваць парадак работы з пісьмовымі зваротамі, якія маюць масавы характар, бо гэта “можа прыводзіць да парушэння нармальнага функцыянавання арганізацый”.
Пакуль няма тэксту законапраекту, немагчыма казаць, якія змены рэальна могуць быць унесены ў закон. Але, мяркуючы па абгрунтаванні, чыноўнікам не надта падабаецца, што шмат людзей звяртаюць увагу на адну і тую ж праблему, робяць яе бачнай і закідваюць дзяржарганізацыі зваротамі.
Заснавальнік праекта “Зручны горад. Petitions.by” Уладзімір Кавалкін адзначыў, што замест рашэння рэальных праблем, звязаных з законам аб зваротах, чыноўнікі зацыкліліся на ідэнтыфікацыі грамадзян і выдуманых накрутках.
“Да чаго прыводзяць накруткі і фальсіфікацыя волевыяўлення грамадзян, мы можам бачыць на прыкладзе прэзідэнцкіх выбараў 2020, арганізаваных афіцыйнымі дзяржаўнымі органамі”, – лічыць актывіст.
Сярод рэальных праблем, з якімі сутыкаюцца грамадзяне, заснавальнік платформы вылучыў адсутнасць адказу прыкладна ў 30% выпадках, выкарыстанне выканкамамі для перапіскі расійскіх емэйл-сервісаў, а таксама ўбогія формы падачы электронных зваротаў, якія складана знайсці на афіцыйным сайце дзяржоргана.
Уладзімір Кавалкін лічыць, што ідэнтыфікацыя грамадзян без шырокага і бясплатнага ўкаранення электроннага лічбавага подпісу немагчыма. Кампрамісам можа стаць неабходнасць указваць ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта, што і прапаноўвала яго каманда год таму.
Каманда “Зручнага горада” заўсёды лічыла, што петыцыі – гэта магчымасць даць зваротную сувязь дзяржорганаў, а тыя тым самым могуць своечасова звярнуць увагу на праблему і вырашыць яе, не даводзячы да крызісу.
“Чыноўнікам важна памятаць, што “да парушэння нармальнага функцыянавання арганізацый” прыводзяць не звароты грамадзян, а хлусня, беззаконне і ігнараванне праблем грамадзян афіцыйнымі службовымі асобамі”, – лічыць заснавальнік праекта.