03.03.2015 / 08:03

Такое страшнае відовішча назіралі жыхары горада Слуцка ў канцы лютага.

У Слуцку пад дрэвамі валяюцца мёртвыя птушкі – аб гэтым у рэдакцыю "Беларускага Зялёнага Партала" напісаў ліст жыхар горада Шысцюк Віктар.

"Гэта сёння ля цэнтральнай пошты горада – вул. Багдановіча, 2. На фота некаторыя птушкі яшчэ жывыя, бачна як галка ну проста моўчкі памірае, мёртвыя птушкі вісяць на дрэвах", - піша ён.

Інфармацыю падцвердзілі слуцкія сябры грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Фота зробленыя ўдзень 24 лютага, удзень 25 лютага на гэтым месцы ўжо нічога не было.

У Слуцкай інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету таксама ў курсе, але прычын не ведаюць:

"Гэтая з’ява не масавая, адзінкавыя выпадкі. Сабрана каля 10 штук, ЖКГ збірае для перадачы ў Рэспубліканскую ветэрынарную лабараторыю. Праўда, мінімальная партыя, якую бяруць там – 20 і болей", - пракаментаваў Сяргей Цыбулька, кіраўнік інспекцыі. Па яго словах, такое ў горадзе першы раз.

На думку Віктара, які паведаміў нам пра выпадак, гэта можа быць звязана з масавай высечкай дрэваў ў другой палове снежня 2014 году, праз што птушкі пазбавіліся свайго месца жыхарства. Нагадаем, тады ў горадзе было прыбрана 237 дрэваў, што дастаткова шмат. А ў Слуцкай інспекцыі па ахове расліннага і жывёльнага свету Віктару паведамілі, што робіцца гэта па рашэнню выканкама.

Каментар ветэрынарнай лабараторыі атрымаць пакуль не атрымалася, магчымыя абнаўленні.

Автор:
Фотограф:
st-roll.ru, Віктар Шысцюк
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость