Ужо шмат год запар іх вучні займаюць высокія месцы на рэспубліканскіх алімпіядах і нават датэрмінова становяцца студэнтамі. Пра асаблівасці сваёй методыкі настаўнікі неаднаразова распавядалі ў тым ліку і на старонках "Раённых будняў". Калі Юрый Уладзіміравіч рыхтуе вучняў менавіта да алімпіяд, Алена Міхайлаўна займаецца з імі навуковымі даследаваннямі.
Тройчы навукова-даследчыя работы юных географаў СШ №5 адзначаліся дыпломамі на абласной канферэцыі. У 2013 годзе вызначылася работа Дар'і Ціхановіч, якая апісала праблему выміраючых вёсак Пружаншчыны, праз год высока адзначана была работа Георгія Казлоўскага, які даследаваў і абгрунтаваў эканамічнае значэнне аб'язной дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы.
Сёлета дыплом ІІІ ступені атрымаў Уладзіслаў Папко. Улад, як і яго старэйшыя таварышы, таксама абраў тэму блізкую і важную для нашага раёна, - "Аналіз змянення складу вады ў рацэ Мухавец ад вытока да вусця".
- У сваіх даследаваннях я хацеў зразумець і паспрабаваць даказаць, што рака адыграла вялікую ролю ў засяленні Пружанскага раёна. Вада давала ежу, служыла абаронай ад ворагаў, была асноўнай транспартнай магістраллю. У цяперашні час функцыі ракі змяніліся. Штогод у вадаём трапляе велізарная колькасць забруджвальнікаў. Забруджванне навакольнага асяроддзя ставіць пад пагрозу жыццё і здароўе людзей, існаванне расліннага і жывёльнага свету. Праблема забруджвання вады, як вынік пагаршэння экалагічнай сітуацыі, актуальная і для нашай ракі, - піша ў сваёй рабоце Улад.
Зараз Уладзіслаў вучыцца ў 9 класе, але пачаў свае доследы намнога раней, калі яму было толькі 12 гадоў. Некалькі разоў кожны год - зімой, вясной, летам і восенню - Улад браў пробы вады на розных участках (у Пружанах, Кобрыне, Брэсце). Частку аналізаў рабіў самастойна, іншыя рабіліся ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
У сваёй рабоце Уладзіслаў прыйшоў да наступных вынікаў:
"Дадзеныя аналізаў узятых пробаў паказваюць, што якасць вады ў рацэ змяняецца (пагаршаецца) ад вытоку да вусця.
З узятых летніх пробаў лабараторыя хіманалізу ДУ "Пружанскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" выявіла ў вадзе аміяк. Павелічэнне колькасці аміяку ў вадзе, ад вытоку да сярэдняй плыні і памяншэнне зноў да вусця: у г. Пружаны 0,21 мг/дм3, у г. Кобрын - 1,43 мг/дм3, у г. Брэст - 0,69 мг/дм3. Я лічу, што гэта звязана перш за ўсё з больш інтэнсіўным забруджваннем вады сцёкамі грунтовых вод з палёў на тэрыторыі Пружанскага, Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў пасля ўнясення на палі мінеральных і арганічных угнаенняў. Некаторыя гаспадаркі назапашваюць паблізу жывёлагадоўчых ферм велізарную колькасць гною, што з"яўляецца небяспечным фактарам забруджвання глебы і вады. У іх назапашваецца вялікая колькасць шкодных мікраарганізмаў, сярод якіх могуць быць ўзбуджальнікі небяспечных захворванняў - слупняку, бруцэлёзу, сібірскай язвы, сухотаў і інш. Незасваяльныя і нерастваральныя радыкалы аміяку вымываюцца ў грунтовыя воды і з імі трапляюць у воды ракі Мухавец, атручваючы іх.
Па выніках работы я зрабіў высновы: узровень забруджанасці сярэдні, таму ў вадзе можна купацца, ваду можна выкарыстоўваць у бытавых і гаспадарчых патрэбах, гэта значыць, для паліву садоў і агародаў. Наяўнасць жывёльных арганізмаў у вадзе кажа пра тое, што натуральнае сама-ачышчэнне ракі знаходзіцца на сярэднім узроўні.
Я таксама даведаўся, што ўздоўж ракі Мухавец ўсталявана прыбярэжная паласа шырынёй 20 метраў ад зрэзу вады. У межах паласы забараняецца: узворванне зямель, прымяненне хімікатаў, выпас жывёлы, выкідванне смецця, адходаў вытворчасці, стаянка і мыйка аўтамашын, устаноўка палатак".
Настаўнікі, не адмаўляючы складанасці падрыхтоўкі даследчыцкіх работы, у адзін голас зазначаюць, што справа пойдзе толькі ў тым выпадку, калі гэта цікава вучню. Ні ў якім разе нельга нагружаць нават самых здольных, калі такая праца ім у цяжар. Навуковая работа прывучае школьніка да самаадукацыі, ён вучыцца выбіраць галоўнае.
Улад і яго настаўнікі мяркуюць працягнуць даследаванне Мухаўца і на наступны год зрабіць яшчэ больш падрабязны аналіз.
Зразумела, што навуковая работа - не адзіны занятак Уладзіслава. Ён добра паспявае ў школе, удзельнічае ў гульні "Што? Дзе? Калі?", наведвае "Школу юнага географа". Пры ўсім гэтым ён сцвярджае, што працаваць над доследам яму было ў радасць, а значыць, настаўнікі дасягнулі сваёй галоўнай мэты - зацікавілі вучня і навучылі яго разважаць.