Мінімалістычная калекцыя выканана ў няяркіх прыродных колерах. У яе ўваходзяць нагавіцы, анаракі, світшоты, шорты, цішоткі і веласіпедкі. Вытворцы ўпэўніваюць, што тканіна створана на 20% з перапрацаванага пластыку.
Асноўныя мадэлі шыліся з футэру, у склад якога ўваходзіць бавоўна і паліэстэр. Тканіна прайшла ўсе тэсты і абсалютна бяспечна. У доглядзе такое адзенне не капрызнічае і па некаторых характарыстыках перавышае аналагі са звычайных матэрыялаў. Адзіны мінус – палістэравыя ніткі з перапрацаванага пластыку закупаюцца ў Еўропе, то бок вугляродны адбітак у адзення будзе вышэй, чым калі б сыравіна была беларускай.
Прынты, якія з’явіліся на рэчах, абіралі падпісчыкі брэнду ў сацыяльных сетках. На конкурс дызайнеры даслалі больш за 200 работ, лепшыя з якіх былі абраныя падчас народнага галасавання. Усе яны так ці інакш звязаны з захаваннем нашай планеты.
Як кажуць у кампаніі, калекцыя была створана такім чынам, каб мадэлі лёгка спалучаліся не толькі паміж сабою, але і з іншымі рэчамі гардэроба. Для пакупнікоў гэта таксама адзін з крокаў да таго, каб скараціць спажыванне і больш прасунуцца ў экалагічным мышленні.
Дырэктарка і сазаснавальніца групы кампаній Mark Formelle Святлана Сіпарова тлумачыць, чаму з’явілася гэта калекцыя: “Выкарыстанне другасных рэсурсаў у тым ліку пры стварэнні адзення дапамагае часткова скараціць шкоду, якая наносіцца навакольнаму асяроддзю. Менавіта клопат пра яго стаў для Mark Formelle імпульсам для выпуску новай калекцыі. Шчыра спадзяёмся, што ініцыятыва знойдзе водгук сярод паклоннікаў брэнда ва многіх краінах”.
Выпуск калекцыі Save the planet стаў адным са складнікаў маштабнай кампаніі, накіраванай на асэнсаванае спажыванне і рашэнне экалагічных праблем. Чакаецца, што брэнд яшчэ прапануе спажыўцам тэст с парадамі па экалагічных паводзінах, запусціць экачэлендж і кіне выклік іншым беларускім вытворцам.