03.10.2017 / 13:10

З неабходнасцю выхоўваць гараджан арганізатары сутыкнуліся напярэдадні акцыі. «Навошта мне перапошчваць ваша мерапрыемства, – пісалі наведвальнікі сацыяльнай сеткі УКантакце. – Я ж ем мяса!». 
 

Клопаты па арганізацыі вегетарыянскай вечарыны ўзяў на сябе арт-паб «Торвальд».    Недасведчанаму назіральніку магло падацца, што спроба не ўдалася: гасцей нядзельным вечарам было не шмат, нягледзячы на заманлівыя прапановы. Усё вегетарыянскае меню установы стала танней на 10%, кожнаму госцю дарылі стыкер, на экране ішлі тэматычныя фільмы: «Эйс Вентура: Вышук хатніх жывёл» і «Эйс Вентура 2: Калі кліча прырода», а ў якасці гарачага напою можна было паспрабаваць прыгатаваныя па ўсіх правілах травяныя гарбаты са святаянніка, чабора, мяты, мелісы, шалфею, ісопу, піжмы ад вегетарыянца Аляксандра Драмука.    Тым не менш, малады калектыў арт-паба ўпэўнены: тое, чаго ўдалося дасягнуць у гэты вечар, варта было прыкладзеных намаганняў. Бо ацэнка поспеху залежыць ад таго, якія мэты лічыць першаснымі. Яны ж былі хай і не надта амбіцыёзнымі, але для пачатку вельмі важнымі і значнымі.

 

1. Пашырылі вегетарыянскае меню

Арт-паб «Торвальд» – адна з нешматлікіх пакуль устаноў грамадскага харчавання ў горадзе, дзе вам гатовы прапанаваць вегетарыянскае меню. Штодня тут можна заказаць фалафель, дранікі (без мяса гэтую страву ў Віцебскіх установах харчавання гатуюць вельмі рэдка), вегетарыянскія супы. У карце він веганскія напоі маюць спецыяльныя паметкі.   – Так склалася, што ў нашым грамадстве мы самі прапагандуем культуру ўжывання мяса, – заўважыла афіцыянтка арт-пабу. – Звярніце ўвагу на меню звычайных недарагіх сталовак ці кавярняў: вам прапануюць адразу некалькі гатункаў катлеты, але нават адна вегетарыянская страва будзе там не заўсёды. Рыбу і тую цяжка знайсці. Мы кажам: вегетарыянцы капрызлівыя. Але ім у нашых гарадскіх кавярнях рэальна няма чаго есці!   У чаканні Міжнароднага дня вегетарыянства меню паба стала багацейшым на тры віды супа, вялікую талерку хатняй ежы «Бабуліна патэльня» і дзве салаткі. Праўда, у склад адной з іх уваходзіць рыба. А ўсё таму, што павары распрацавалі рэцэпт да таго, як разабраліся ў тонкасцях розных вегетарыянскіх дыет. Затое цяпер афіцыянты ўпэўнена рэкламуюць рыбную салатку як страву для пескавегетарыянцаў. Таму, што дасягнулі другой мэты. 

2. Самі разабраліся ў відах вегетарыянства

Усё пачалося з таго, што ў сацыяльных сетках арганізатары выклалі меню вегетарыянскай вечарыны. Да яго адразу сталі з’яўляцца каментары. «Як так, – пісалі дасведчаныя. – Вы аб’яўляеце вегетарыянскі стол, а прапануеце рыбу?»    Пасля такіх заўваг дасведчанымі давялося станавіцца афіцыянтам. А разабраўшыся, яны прыйшлі да высновы: культура вегетарыянства ў нашым горадзе яшчэ не да канца зразумелая не толькі рэстаратарам, але і тым гасцям, што пазіцыянуюць сябе вегетарыянцамі.   – Фалафель у нас ідзе з соусам, у склад якога ўваходзяць яйкі і смятана, – расказвае Ганна, якая працуе тут афіцыянткай. – Памятаю выпадак, калі чалавек аб’явіў сябе веганам, а пасля абураўся, што заяўлены ў меню соус да яго не данеслі.   Не многія разумеюць, што і віно не заўсёды бывае веганскім. Але калі папулярны арт-паб, што знаходзіцца ў цэнтры горада, возьме на сябе асветніцкую місію – навучыць віцяблян культуры вегетарыянства – праз год 1 кастрычніка варта спадзявацца на больш сур’ёзны інтарэс да падобнага мерапрыемства. 

3. Зрабілі ўнёсак у выхаванне талерантнасці  

– Нямала сустракаеш людзей, што пазіраюць на вегетарыянцаў звысоку, – заўважае Ганна. – Бывае прыходзіць пара, дзяўчына папярэджвае: «Я прытрымліваюся этычнай дыеты». Яе спадарожнік тут жа закатвае вочы. А я разумею, наколькі важна для яе зараз агучыць сваю пазіцыю. Важна, што я гэта пачула і гатовая параіць ёй стравы, якія адпявадаюць этычным прынцыпам харчавання. І гэтая ўвага – крок да талерантнасці, якой, як высветлілася, нам не заўсёды хапае…

  Арт-паб вядомы ў горадзе, як дэмакратычнае месца, дзе адбываецца шмат культурніцкіх мерапрыемстваў, выступаюць музыкі, праходзяць інтэлектуальныя гульні. І вельмі сімвалічна, што новае для горада этычнае мерапрыемства, якое мусіць стаць традыцыйным, пачалося менавіта тут.    

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Гайд па вегетарыянстве: як і чаму людзі адмаўляюцца ад мяса і іншых прадуктаў

Автор:
Фотограф:
Вікторыя Дашкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость