Насамрэч, даволі лёгка. Зараз дзейнічае новая ініцыятыва ў рамках Erasmus+ – Еўрапейскі корпус салідарнасці (ЕКС). Па сутнасці, гэта былая Еўрапейская валанцёрская служба, пра якую вы, мабыць, ужо чулі.
Гэты праект дае магчымасць паехаць да нейкай арганізацыі і папрацаваць там у якасці валанцёра на працягу 2-12 месяцаў. Удзельнікаў праграмы звычайна падтрымліваюць:
- забяспечваюць жытлом;
- кампенсуюць выдаткі на дарогу;
- дапамагаюць з візай;
- даюць невялікую стыпендыю;
- страхоўку;
- базавыя курсы мовы;
- ментара.
Відавочна, на кожную такую пазіцыю трэба прайсці адбор. Тут ужо як пашчасціць: некаторыя трапляюць з першага разу, а іншыя – з 49-га.
За 10 гадоў, як існуюць абмены, па гэтай праграме з’ездзіла толькі 330 беларусаў.
Ёсць нагода палепшыць статыстыку, бо новыя заяўкі на валанцёраў з’яўляюцца круглы год. Каб зацікавіць моладзь з’ездзіць па досвед па ініцыятыве ЕКС, у Мінску у лістападзе ў Мінску правялі валанцёрскі івэнт Solidarity Stories.
На ім 35 хлопцаў і дзяўчат з Беларусі і Расіі дзяліліся сваім вопытам працы. Яны кажуць, што не абавязкова мець прафесійны досвед у той сферы, дзе збіраешся працаваць. Галоўнае – абіраць валанцёрскія праекты сэрцам. Мы сабралі гісторыі пяці валанцёраў, якія ездзілі ў Еўропу і працавалі над экалагічнымі праблемамі.
Падаць заяўку на валанцёрства можна па спасылцы.
Іспанцы шмат спажываюць – любяць усяго накупіць
Аня Земляная:
– Мы з дзецьмі стваралі вырабы з пластыкавых бутэлек і ўсяго, што можна такім чынам перавыкарыстаць. Арганізацыя, якая мяне прымала, была скаўтскай. І адзін з напрамкаў працы – праводзіць такія экалагічныя майстар-класы. Мы рабілі іх на пляжы для ўсіх, хто жадае. Гэта ў Іспаніі, і дзеці падчас летніх канікул самі да нас прыходзілі.
У Іспаніі сартуюць смецце, і ў нас нават былі сувеніры ў выглядзе жоўтага баку для пластыка. Там тэму правільнага раздзялення шмат хто абмяркоўвае. А яшчэ тое, што яны вельмі шмат спажываюць – любяць усяго накупіць. Дзеці вучацца перапрацоўваць адзенне, рабіць васьміногаў з пластыкавых бутэлек, трусікаў з рулончыкаў туалетнай паперы…
Калі я з’язджала з дому, мне падаецца, увогуле ніхто пра збор смецця не клапаціўся. Зараз у нас усё звозяць у адно месца і потым сартуюць, што не дужа эфектыўна. Там, у Іспаніі, наўпрост у школьным класе стаіць сіні кантэйнер для паперы, жоўты – для пластыку. Паўсюль ёсць чатыры скрынкі розных колераў для смецця.
Што я зразумела падчас абмену – важней за ўсё абіраць справу, якая табе цікавая, дзе ты хочаш атрымаць вопыт. Такім чынам вакол цябе збіраюцца аднадумцы, якія займаюцца той жа тэмай прафесійна або таксама як валанцёры.
У мяне былі розныя пакеты для смецця, і мама дужа сварылася
Лена Яршова:
– Я была на праекце ў Румыніі. Ён называецца “Сябры навакольнага асяроддзя” Green Sun Association. Мы займаліся прасоўваннем новага для Румыніі асобнага збору смецця. Тлумачылі ў школах, дзіцячых садках ці наўпрост на вуліцы, што ёсць кантэйнеры для пластыку, паперы, шкла…
Потым хадзілі на перапрацоўчы завод разам з дзецьмі. Яны глядзелі, што робяць з пластыку. Расказвалі пра другасную перапрацоўку смецця. Мы самі рабілі цацкі і розныя рэчы з дзецьмі ў школах.
Я настаўнік, таму ўжо была звязаная са сваімі абавязкамі як валанцёра. Экалагічная тэма зараз стаіць востра, бо ў нас у Расіі асобны збор смецця, мабыць, у Маскве неяк культывуецца… Але я, напрыклад, жыву ў паўночным горадзе. У нас увогуле няма асобнага збору смецця. Плюс у нас зараз на ўсю краіны грыміць праблема смеццевага палігона, які будуецца ў Шыесе. У абласцях, якія знаходзяцца побач, праходзяць мітынгі, пікеты. Для рэгіёна гэта экалагічная праблема.
Пасля валанцёрства, я думаю, самой таксама можна перайсці да асобнага збору смецця. Чаму мы не можам выкарыстоўваць тое, што ўжо працуе ў еўрапейскіх краінах? Першы час, калі я прыехала дадому пасля праекта, у мяне былі розныя пакеты для смецця. Мама дужа сварылася, бо ў нас жа няма асобнага збору. Але так мне было спакайней. Я ўвогуле перастала карыстацца пластыкавымі пакетамі, бо ў Румыніі іх у крамах няма.
Я лічу, што кожны чалавек можа паўплываць на экалогію. Пачынаеш мяняцца сам – і ўсё акружэнне мяняецца. Гэта бачаць сваякі, знаёмыя… Мабыць, нейкі маленькі горад так і пачне вырашаць праблемы навакольнага асяроддзя.
Расказвалі дзецям пра экалогію і рабілі хаткі для насякомых
Саша Крылоў:
– Я быў валанцёрам у Іспаніі і працаваў у маленькай арганізацыі, дзе толькі пяць супрацоўнікаў. Яны з большага расказвалі пра захаванне прыроды і экалогію дзецям. Мы вельмі часта хадзілі ў школы з рознымі лекцыямі і майстар-класамі. Рабілі шпакоўні і хаткі для насякомых. Расказвалі пра прыроду і вучылі працаваць з інструментамі, як ў нас на уроку працы.
З маёй прафесіяй гэта наўпрост не звязана – я скончыў горнабудаўнічы факультэт. Проста вырашыў прыехаць і паспрабаваць уцягнуцца ў гэтую тэму. Каля прыязджаеш з такога праекта, заражаешся добрымі звычкамі і некаторыя з іх захоўваеш у сябе дома. Напрыклад, стаў заўважаць, што многія не эканомяць ваду. Я заўсёды выключаю кран і імкнуся больш зберагчы рэсурсаў.
У нас быў свой сад наўпрост пасярэдзіне горада
Улад Белкін:
– Я ездзіў на год у Берлін. Некамерцыйная арганізацыя Kulturlabor Trial & Error займаецца многімі напрамкамі, але ўсе яны звязаныя з устойлівым развіццём. У тым ліку яны змагаюцца са спажывальніцтвам і развіваюць гарадское садоўніцтва.
У нас быў свой сад наўпрост пасярэдзіне горада – невялікі агарод паміж двума тратуарамі. Мы праводзілі лакальныя праекты, майстар-класы пра тое, як зрабіць сваё жыццё больш экалагічным: вучылі фарбаваць адзенне, гатаваць мыла, гель для душу, зубную пасту, перашываць старыя рэчы. І заўсёды мы набіралі патрэбную колькасць удзельнікаў, бо ў Берліне гэты трэнд вельмі моцны. Там шмат людзей клапоцяцца пра экалогію.
Да таго ж мы праводзілі міжнародныя трэнінгі. Я паспеў паўдзельнічаць арганізатарам у двух. Адзін украінска-нямецкі, звязаны з творчым актывізмам: мы запрашалі людзей, якія займаюцца стрытартам, у нас былі спачатку творчыя сесіі, а потым кожная каманда рабіла свой мастацкі аб’ект. Напрыклад, адны рабяты прыдумалі праект супраць спажывальніцтва і перарабілі вядомыя рэкламныя кампаніі, каб яны сталі як бы “антырэкламай”.
І яшчэ адзін праект быў пра тое, як стварыць свой SwopShop. Гэта такое месца накшталт сэканд-хэнду, куды людзі могуць прыносіць што хочаш, але звычайна гэта ўсё ж такі адзенне, і браць рэчы, якія ім патрэбныя. Усё працуе толькі на аснове ахвяраванняў.
Мы праводзілі трэнінг-курс, як арганізаваць такую штуку, дзе знайсці валанцёраў, з якімі праблемамі можна сутыкнуцца. Удзельнікі прыязджалі з розных краін. У асноўным гэта былі супрацоўнікі нейкіх маладзёжных аб’яднанняў.
Падчас сваёй штодзённай працы я мог рабіць, што захачу. Тобок у мяне не было строгіх абавязкаў. Я люблю фатаграфаваць і займацца медыя, таму я здымаў фота і відэа, дапамагаў з перакладамі на рускую мову. Пару разоў праводзіў сесіі на тэму валанцёрства і медыя.
Гэты праект паўплываў на мяне. Я вярнуўся ў ліпені і змяніў свой падыход да жыцця у плане экалогіі. Я нават не п’ю каву на мерапрыемстве, калі ёсць толькі аднаразовыя кубачкі – прынцыпова імі не карыстаюся.
Я стаў флексітарыянцам, тобок рэдка дазваляю сабе мяса, бо гэтая вытворчасць вельмі неэкалагічная. І спажыванне мяса – гэта цяжка таксама для арганізму, таму трэба есці яго ў меру. Змяніліся звычкі і з’явіліся новыя прынцыпы, якія я падхапіў у іншай культуры.
Я веру ў актывізм, асабліва там, дзе няма іншых спосабаў
Маша Ведзякова:
– Арганізацыя, дзе я працавала, называецца EKOenergy і знаходзіцца ў Фінляндыі. Яна з’яўляецца часткай Фінскай асацыяцыі па абароне прыроды і займаецца прасоўваннем аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ).
Каманда EKOenergy па строгім крытэрыям адбірае вытворцаў АКЭ, якія наносяць мінімальную шкоду наваколлю, і прапаноўвае спажыўцам электраэнергіі карыстацца менавіта іх паслугамі. Яшчэ маркіроўку гэтай арганізацыі размяшчаюць на ўпакоўцы кампаніі, якія выкарыстоўваюць энергію ад гэтых вытворцаў. Даходы EKOenergy ідуць на фінансаванне праектаў у галіне АКЭ ў краінах, якія развіваюцца, а таксама на аднаўленне рэк Фінляндыі.
У арганізацыі працуе шмат валанцёраў з розных краін. Мы звязваліся з кампаніямі нашых краін, тлумачылі ім, чаму важна пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы і як лёгка гэта зрабіць, набываючы EKOenergy.
Але ў мяне былі абмежаванні, бо ў Расіі рынак электраэнергіі не лібералізаваны і я не магла прасоўваць АКЭ як тавар (як гэта рабілі іншыя валанцёры). Таму я ўцягнулася ў іншыя рабочыя працэсы, выкарыстоўвала свае дызайнерскія навыкі: рабіла шмат візуальных матэрыялаў, ролік, перакладала сайт на рускую, пісала артыкулы. Мы часта хадзілі на мітынгі і шэсці, якія былі прысвечаныя абароне наваколля.
Мяне турбавалі экалагічныя праблемы яшчэ да праекта, але пасля яго для мяне адкрыўся зусім іншы маштаб. Раней я не асэнсоўвала, што літаральна кожны мой крок пакідае экалагічны след.
Жыццё ў Фінляндыі і зносіны з людзьмі, якія маюць вялікі вопыт у сферы аховы наваколля, змянілі маё ўспрыманне. За час праекта я стала веганам. Я была вегетарыянцам ужо некалькі гадоў, але даведалася, што вытворчасць мяса – гэта не толькі забойства жывёл, але і нерацыянальнае выкарыстоўванне рэсурсаў і выкіды гіганцкіх аб’ёмаў вуглякіслага газу.
Гэта ўсё пераважыла маю любоў нават да сыру. Акрамя таго, я амаль не набываю новае адзенне, імкнуся абіраць прадукты без пластыку, менш лятаць. Цяпер кожнае маё рашэнне праходзіць экалагічную цэнзуру.
Я веру ў актывізм, асабліва там, дзе няма іншых спосабаў расказаць пра надзённы экалагічныя праблемы. Мне падаецца лагічным, што сёння менавіта моладзь з’яўляецца рухаючай сілай. Усе разбураючыя наступствы кліматычных змяненняў, да якіх вядзе цяперашняя эканоміка, упадуць на плечы сённяшніх школьнікаў.
І калі пятнаццацігадовая школьніца змагла стварыць шматмільённы рух аднадумцаў, то кожны з нас можа ўнесці свой уклад. Кожны маленькі, але асэнсаваны крок вядзе да вялікіх змен.