Школьнікі Шаркаўшчынскага раёна правялі акцыю «Сустракаем птушак». Шпакоўні сябры клуба «Крылаты дазор» змайстравалі пад кіраўніцтвам настаўніка Анатоля Крыўкі.
А як і дзе іх лепш размясціць, паказаў сябра АПБ Валерый Кавалёнак. Яго вопыт дапамог выявіць памылкі, зробленыя дзецьмі пры будаўніцтве гняздоўяў.
Валерый растлумачыў галоўныя прынцыпы ў справе майстравання шпакоўняў і сінічнікаў. Асаблівую ўвагу ён прапанаваў звярнуць на памер лятка і гнездавой камеры. Для сініц будзе дастатковым дыяметр лятка ў 30-35 мм, а вось для шпакоў неабходна 50-60 мм. Выявілася таксама, што класічнае гняздоўе з лятком, блізкім да цэнтра, немэтазгоднае, бо такое размяшчэнне «ўваходных дзвярэй» памяншае памер гнездавой камеры.
Валерый расказаў аб уласным вопыце стварэння месцаў гнездавання для сініх сініц, соў, буслоў і іншых птушак, аб вынаходніцтвах у гэтай справе, падзяліўся сакрэтамі паспяховых рашэнняў пры выбары і пошуку аб’ектаў для фатаграфавання.
— Пры будаўніцтве гняздоўя трэба ўлічваць памер птушак і іх звычкі. Лепш за ўсё будаваць гняздоўе для канкрэтнага жыхара і там, дзе яго заўважылі, — расказвае Валерый. — Гэта дазволіць не толькі ўпэўніцца, што жыллё будзе заселена, але і дасць магчымасць паназіраць за цікавым аб’ектам.
Размяшчаць гняздоўі трэба на адлегласці не менш 20 метраў адно ад другога на вышыні 3-5 метраў ад зямлі. Лепш рабіць гэта на дрэвах (там птушкі адчуваюць сябе ў бяспецы), выкарыстоўваючы для замацавання ізаляваны дрот. Ляток пажадана накіраваць на поўдзень.
Валерый адзначыў, што самым удзячным і непатрабавальным суседам, па яго назіраннях, з’яўляецца сіняя сініца. Яна з гатоўнасцю займае нават металічныя трубы, калі ў іх зрабіць адтуліну ў якасці лятка.
Падчас сустрэчы Валерый Кавалёнак расказаў дзецям аб уласным вопыце ў назіранні за птушкамі, паказаў фотаздымкі.
На жаль, дажджлівае надвор’е не дазволіла давесці справу да канца ў той жа дзень. Але пазней усе 8 шпакоўняў, зробленых вучнямі 8 класа знайшлі сваё месца.
Сустрэчы з сябрам АПБ Валерыем Кавалёнкам і начальнікам інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Іванам Міхалёнкам праходзяць у Лужкаўскай школе ўжо не першы раз. Іван Міхалёнак з гатоўнасцю адклікаецца на запрашэнне і праводзіць з дзецьмі жывую гутарку. Падчас сустрэчы вучні задавалі пытанні, якія іх хвалявалі. Гаварылі аб правілах рыбнай лоўлі, вясновых палах травы і смецця, зборы бярозавага соку.