Арганізатарамі птушынага фестывалю традыцыйна з’яўляюцца грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Тураўскі гарвыканкам. Сёлета фестываль прайшоў пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў межах праекта АПБ «Аб’ядноўваемся вакол прыроды», распачатага ў 2014 годзе.
Тэма Еўрасаюза выразна гучала на сёлетнім птушыным свяце. З прывітальнай прамовай арганізатарам, удзельнікам і гасцям фестывалю выступіў аташэ ЕС у Рэспублікі Беларусь, каардынатар праграм супрацоўніцтва Філіп Бернар.
У межах фестывалю прэзентавалі праекты ЕС, якія былі рэалізаваныя ў Беларусі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.
На свяце прагучала шмат іншых вітальных прамоў: ад дырэктара АПБ Аляксандра Вінчэўскага, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, арнітолага Міхаіла Нікіфарава, намесніка старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерыя Рагалевіча.
Фестываль кулікоў у Тураве з’яўляецца адным з мерапрыемстваў Плана кіравання мясцовым заказнікам «Тураўскі луг». Галоўная задача свята — экаасвета мясцовых жыхароў і дзяцей. Традыцыйна большасць акцый фестывалю накіраваная на дзяцей, вучняў школ Тураўшчыны.
Навінкай свята ў гэтым годзе стала экскурсія для ўсіх жадаючых на мясцовы поймавы луг — унікальнае месца, дзе спыняюцца на адпачынак і харчаванне падчас сезонных міграцый сотні тысяч птушак.
Акрамя таго, на Тураўскім лузе штогадова гняздуюцца 36 відаў птушак, у тым ліку вялікі грыцук і дубальт, якія адносяцца да катэгорыі глабальна знікаючых і ахоўваюцца на міжнародным узроўні. Папуляцыі чырвонакніжных вялікага зуйка і куліка-марадункі тут самыя вялікія ў Беларусі.
Удзельнікі экскурсіі пад кіраўніцтвам прафесійных арнітолагаў паназіралі за птушкамі і даведаліся пра цікавыя факты і акалічнасці з жыцця насельнікаў «Тураўскага лугу».
Заключным мерапрыемствам фестывалю была прэсавая канферэнцыя для журналістаў з удзелам навукоўцаў, прадстаўнікоў мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі заказніка.
У мінулым годзе было прыкладзена шмат намаганняў, каб луг заставаўся прываблівым і ўтульным месцам для птушак. Па словах дырэктара Тураўскай станцыі кальцавання птушак, навукоўца-арнітолага Паўла Пінчука, гэта вясной луг знаходзіцца ў ідэальным стане, упершыню за апошнія 10-15 гадоў. Але праблемы існуюць. Канфлікт «птушкі — людзі» пакуль не пераадолены. Гэтай вясной луг не заліты вадой, палаводдзя на Прыпяці практычна няма. У такіх умовах вялікая вада не з’яўляецца перашкодай для людзей і не абараняе птушыныя гнёзды, яйкі і птушанят. Рэжым мясцовага заказніка не прадугледжвае забарону на наведванне тэрыторыі заказніка. Празмерная колькасць штодзённых візіцёраў на Тураўскі луг — мясцовых жыхароў, рыбакоў, хатніх і беспрытульных сабак — падчас высіджвання яек і вывядзення птушанят можа звесці поспех размнажэння рэдкіх птушак практычна да нуля.
Акрамя тага, дадатковым фактарам турбавання птушак з’яўляюцца здабыча і вываз рачнога пяску для патрэб будаўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства ва ўсходняй частцы заказніка.
У цяперашні час «Тураўскі луг», не звяртаючы ўвагі на яго ўнікальнасць і вялікую ролю ў захаванні біяразнастайнасці, мае статус заказніка толькі мясцовага значэння. І на жаль, дзяржаўная праграма развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый да 2019 года не прадугледжвае змяненне гэтага рэгламенту. Аднак, як паведаміў падчас прэс-канферэнцыі ў Тураве старшыня Жыткавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Свежанец, павысіць статус заказніка да рэспубліканскага плануюць у бліжэйшыя 2-3 гады праз адмысловы загад Савета міністраў.