«У аснове сучаснага мастацтва ляжаць традыцыі шматвекавой культуры, якая грунтуецца на цеснай узаемасувязі чалавека і прыроды і на тым факце, што мы з'яўляемся неадымнай часткай навакольнага асяроддзя», — зазначае Юрый Аляксеевіч Іваноў, мастацтвазнаўца, кіраўнік народнай арт-студыі «Востраў», вядучы аўтарскай праграмы «Двое ў горадзе» на радыё «Культура».
Менавіта таму экалагічныя і прыродныя тэмы можна сустрэць у творах розных гістарычных эпох, бо на фарміраванне культуры моцны ўплыў мела жывёльная сутнасць чалавека. Праз мастацтва людзі раскрываюць свой унутраны свет і закладзеныя ў нас інстынкты, страх перад прыроднай сілай. Асабліва такія тэндэнцыі прасочваюцца ў народным мастацтве, дзе спалучаецца прыгажосць і небяспека наваколля ў сакральных сімвалах, якімі людзі ўпрыгожвалі штодзённыя рэчы вакол сябе: посуд, мэблю, дом, каб правільна «ўпусціць» прыроднае, стыхійнае, тое, што мацней за чалавека. Нельга забываць, што са старажытных часоў людзі выкарыстоўвалі прыродныя матэрыялы для стварэння ўнікальных твораў мастацтва. Не згублена гэта традыцыя і сёння. Найбольш яскравым і незвычайным яе ўвасабленнем можна лічыць адносна новы від мастацтва — лэнд-арт, які зарадзіўся ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў ЗША і не так даўно развіўся ў нашай краіне, калі творцы працуюць не толькі з матэрыялам, але і навакольнай прасторай, акуратна, арганічна ўпісваючы цэлыя архітэктурныя формы ў прыродныя ландшафты.
«Калі разглядаць у шырокім сэнсе разуменне сувязі экалогіі і мастацтва, гэта адчуванне мастака ў Космасе — суаднясенне мікра- і макракосмасу. Адсячэнне чагосьці лішняга, але пры гэтым ненанясенне шкоды і дарэмнага ўздзеяння вакол сябе. І самае каштоўнае, калі праз свае творы мастаку ўдаецца адкрыць вочы гледача на рэчы, якія ён проста мог не заўважаць, калі ён выходзіць са сваёй зоны камфорту», — кажа Аляксей Юр'евіч Іваноў, член Беларускага саюза мастакоў, педагог народнай арт-студыі «Востраў».
На жаль, на сённяшні дзень, як падкрэслівае Юрый Аляксеевіч, у грамадстве згублена сувязь з прыродай. Чалавек ставіцца да навакольнага асяроддзя як да сыравіны і расходнага матэрыялу, якім вельмі няўмела і неабдумана карыстаецца. Прычына гэтага крыецца не толькі ў адукацыйнай сістэме, калі ў вучэбных праграмах школ скарачаюцца такія прадметы, як літаратура ці сусветная мастацкая культура, і ўвесь працэс накіроўваецца на дзейнасныя навукі — эканоміку, тэхналогіі, але і ў сямейных традыцыях і культуры.
«У гэтым прыхавана пастка: чалавек, які дасягне вышынь у тэхнічнай сферы, але пазбаўлены свядомасці, духоўнасці, сентыментальнасці і рамантыкі, ператвараецца ў пагрозу для свету. Ён становіцца вынаходнікам неверагодных тэхнічных дасягненняў, але не задумваецца, наколькі гэта можа быць разбуральным для экалогіі», — канстатуе мастацтвазнаўца.
Такім чынам, прырода перастала быць для нас прадметам дыялогу, парушыліся многія законы, якімі кіраваліся ў мінулым пры ўзаемадзеянні з наваколлем, праз што перад чалавецтвам паўсталі новыя выклікі. Вядома, што мастацтва не магло не адрэагаваць на гэтыя працэсы.
«Сучаснае мастацтва змянілася радыкальна, і дзеля таго, каб чалавек звярнуў увагу на тое, што адбываецца вакол яго, пачынаюць выкарыстоўвацца шакіруючыя рэчы, падымаюцца тэмы разбурэння экалагічнага асяроддзя. Напрыклад, забруджванне вады, бо чалавеку неабходна чыстая вада, але нават у горадзе мы практычна пазбаўлены гэтага задавальнення, — дадае Юрый Аляксеевіч. — У арсенале творцаў ёсць шмат практычнай «зброі»: кіно, медыяінструменты, відэаінсталяцыі, перфомансы і г.д. Усё гэта даводзіцца да эпатажу, абсурду, каб чалавек усвядоміў становішча рэчаў у прыродзе. Бо калі мастакі ХІХ ст. малявалі проста карціны і прапаноўвалі нам палюбавацца імі, то сённяшнія творцы бяруць нас за каўнер і тыкаюць тварам прама ў існуючую праблему. Сучаснае мастацтва стала іншым, бо і выклікі перад намі больш сур'ёзныя. Мы стаім перад небяспекай і неабходнасцю выжывання з-за сваіх неабдуманых дзеянняў».
Творцы сёння звяртаюцца да экалагічных праблем не толькі як да тэмы, але і карыстаюцца іх пабочнымі «прадуктамі» для стварэння твораў мастацтва. Напрыклад, многія мастакі і скульптары выкарыстоўваюць смецце ў якасці матэрыялу, творчы актуалізуючы пытанне неверагоднай колькасці адходаў і іх перапрацоўкі, стварэнне новага прадукту.
Аднак, нягледзячы на новыя формы і падыходы, якімі карыстаюцца мастакі дзеля дэманстрацыі ўжо відавочных з'яў у навакольным асяроддзі, важна не забываць, што чалавек эпохі спажывання можа быць не гатовы ўбіраць у сябе сэнс мастацкіх твораў, бо час закладае ў яго іншыя каштоўнасці і дыктуе свае правілы гульні. І гэта, па меркаванню Юрыя Аляксеевіча, трэба вырашаць праз падручныя сродкі як мастакам, так і экалагічнаму руху.
«Шыкоўным «полем» для дзяржаўнай экалагічнай палітыкі можа быць тэлебачанне, якое мае, акрамя ўсяго астатняга, і выхаваўчую функцыю. Колькі цікавых і займальных праграм можна зрабіць для дзетак, развіць у іх гістарычную і мастацкую свядомасць. Бо важнасць мастацтва заключаецца менавіта ў развіцці эмацыйнай сферы, якая дазваляе чалавеку не проста ўспрымаць інфармацыю, а ўсведамляць яе, прапускаць праз сэрца. А мы забываемся на душу, на экалогію душы... Мы разбураны ўнутрана», — сумна качае галавой суразмоўца.
- З гэтай жа нагоды таварыства «Зялёная сетка» запрашае ўсіх жадаючых у дворык кафэ «Beetlejuice» на мінскі экалагічны пленэр 6 чэрвеня, які пройдзе ў рамках штогадовай акцыі «Клімат, застанься!». На ім кожны зможа паспрабаваць праз творчыя сродкі расказаць пра самае дарагое, што павінна захавацца на планеце.
«У залежнасці ад таго, хто прыйдзе і ў якой ступені будзе зацікаўлены ў працэсе, мы будзем іправізаваць на пленэры», — падкрэслівае Аляксей Іваноў, пад кіраўніцтвам якога ўдзельнікі змогуць раскрыць у сабе творчы пачатак і сказаць пра самае галоўнае.