04.07.2016 / 15:07

У Беларусі абіралі найлепшую рэкламную прадукцыю ў межах Сёмага фэстывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «aDNaK!». Сярод пераможцаў і рэкламныя шэдэўры з экалагічным ухілам.

Так, у намінацыі «Прынт» на 3 месцы апыныўся энергаэфектыўны кот. Серыю плакатаў «Нават кот ведае» на тэму энергаэфектыўнасці для МГА «Экапартнёрства» распрацавала Вольга Кузьміч. Кожны плакат паведамляе пра розныя факты, як мы губляем энергію.

А вось «Птушкі на палях» ад рэкламнага агенцтва «Vondel/Hepta» для ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» занялі 3 месца ў намінацыі «Рэкламныя сувеніры і бізнэс-падарункі». Дызайн выканала ілюстратар-графік Ірына Забела.

У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь уключаныя 70 відаў птушак. Каб звярнуць увагу на праблему знікаючых відаў, аўтары распрацавалі мілыя наборы закладак са стыкерамі. Налепкі з маленькімі птушачкамі размешчаныя на празрыстай аснове, таму іх можна смела клеіць на ўлюбёным месцы ў кнізе.

Пасыл акцыі просты: «Птушачкі павінны застацца не толькі ў кнігах!» На адваротным баку закладак змешчаныя больш буйныя малюнкі чырванакніжных відаў птушак з падрабязным апісаннем іх колькасці і пагрозы знікнення.

Наборы ўжо перадалі настаўнікам і дзецям у школах. АПБ плануе раздаць наборы ў кнігарні горада, каб яны сталі бясплатным і прыемным дадаткам да пакупак.

Заўважылі журы таксама сімвал Валожынскага раёна — зімародка, якога намалявала Маша GRAPEWARE Рудакоўская ў межах кампаніі «Прыродны сімвал раёна (птушка) як каталізатар развіцця экатурызму». Зімародак заняў 3 месца ў намінацыі «Стрыт-арт».

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость