04.07.2026 / 15:07

У Віцебску вынеслі на грамадскае абмеркаванне дэталёвы план развіцця гістарычнага цэнтра горада да 2035 года, які прадугледжвае вынас буйных вытворчасцей, пешахадызацыю "шагалаўскіх" кварталаў, будаўніцтва мастоў і стварэнне новых зон адпачынку. Праект ахоплівае тэрыторыю плошчай звыш 500 гектараў і закліканы кардынальна змяніць гарадскую прастору за кошт рэвіталізацыі былых прамысловых аб'ектаў і рэарганізацыі транспартных патокаў.

План исторического центра г.Витебска с проектом регенерации исторической застройки
Детальный план исторического центра г.Витебска с проектом регенерации исторической застройки

Адна з найбольш радыкальных змен звязана з праектаваннем Паўночнага моста: каб захаваць будынак музея Шмырова, новую магістраль пусцяць праз парк Партызанскай славы, што прывядзе да знішчэння яго значнай часткі, – паведаміў Reform.news са спасылкай на аналіз дакументаў тэлеграм-каналам "Спадчына".

Пры гэтым у Задзвінні чакаецца маштабная рэарганізацыя: гіганцкую прамзону завода "Вістан" поўнасцю вынесуць, а вызваленую тэрыторыю асвояць пад адміністрацыйныя, гандлёвыя аб'екты і жыллё. Значная частка вуліц Пакроўскай і Савецкай Арміі ў раёне дома Шагала стане пешаходнай, а ўздоўж Заходняй Дзвіны ад Кіраўскага моста да моста Блахіна абсталююць новую набярэжную.

У межах гістарычного ядра таксама закладзены зоны пад аднаўленне знішчаных святынь – касцёла Святога Антонія і Мікалаеўскага сабора. Аднак чырвоныя лініі забудовы паказваюць, што будынак касцёла плануюць ссунуць з яго арыгінальных падмуркаў углыб плошчы дзеля захавання шырыні праезнай часткі вуліцы Леніна.

"Такое ўмяшанне катэгарычна не дазваляе называць праект навуковай рэканструкцыяй – горад атрымае звычайны муляж у рэальную велічыню", – папярэджвае аўтар тэлеграм-канала "Спадчына".

Акрамя таго, Успенскую горку і вуліцу Савецкай Арміі наўпрост звяжа новы пешаходны мост цераз раку. Грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі працягнецца да 6 ліпеня 2026 года, і жыхары могуць накіраваць свае заўвагі ў Віцебскі гарвыканкам.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость