04.09.2015 / 15:09

Чаяванне правяла кіраўнік інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў Мінску Масака Тацумі. Каб паказаць японскую чайную цырымонію, сп. Масака прывезла ў Ашмяны і сваіх родных.

Гэты вельмі цікавы рытуал, які ўключае запрашэнне гасцей, прыгатаванне “залатога элексіру” і само чаяванне, уяўляе сабой цэлую філасофію, у аснове якой ляжыць гармонія, яднанне чалавека са светам, піша "Ашмянскі веснік". Як адзначыла Масака-сан, нават посуд і прадметы, што знаходзяцца вакол, не павінны адцягваць увагу ўдзельнікаў цырымоніі. Адзінае ўпрыгожванне, якое дапускаецца, – ікебана ці какемано, якім адводзіцца ў доме спецыяльнае месца.

Каб максімальна наблізіць абстаноўку ў чытальнай зале бібліятэкі да той, што адпавядае правілам цырымоніі, госці разаслалі спецыяльны дыван – татамі, які замяняе стол, і падрыхтавалі посуд. Дачка Масака Юйэ паказала японскі танец з веерам. Па ўмовах даўняй японскай традыцыі госці карыстаюцца не вытанчаным бела-сінім фарфорам, які, дарэчы, маецца амаль у кожным доме, а простымі керамічнымі кубачкамі няправільнай формы, што падвяргаюцца штучнаму старэнню. Падбор кубачкаў – цэлая навука. Напрыклад, зімой яны больш закрытыя і грубыя, а ў цёплы сезон – наадварот.

У ролі гаспадыні выступіла маці Масака. Напачатку яна правяла абрад ачышчэння посуду. Зрабіла гэта жанчына з дапамогай шаўковай хустачкі, чатыры ражкі якой сімвалізуюць чатыры бакі свету.

Зялены чай, які выкарыстоўваецца ў чаяванні, нагадвае сабой змолатыя ў парашок чайныя лісты. Смак напою залежыць ад таго, наколькі доўга збівалася вадкасць спецыяльным бамбукавым пэндзлікам, а таксама ад тэмпературы і колькасці вады. Перад тым як выпіць чаю, госці адведваюць салодкіх пачастункаў: кладуць на спецыяльна падрыхтаваную сурвэтку з дапамогай палачак невялічкія круглыя пячэнькі. Чай п’ецца нетаропка, маленькімі глыткамі. Безумоўна, усё гэта дзейства нельга перанесці на наша класічнае піццё чаю, ніякага параўнання і быць не можа. Сэнс японскай чайнай цырымоніі не ў тым, каб пачаставаць госця чаем і сумесна адпачыць. Асноўная мэта яе – дапамагчы людзям пазбавіцца мітусні, дасягнуць унутранай раўнавагі, адчуць узаемасувязь і яднанне з Сусветам. Гэта свайго роду медытацыя, бо неабходна супакоіць чалавека, ураўнаважыць яго ўнутраны стан, ачысціць яго пачуцці і думкі.

У чайнай цырымоніі маглі прыняць удзел усе жадаючыя, што і было зроблена. Мажліва, госці-беларусы і не адчулі ў сваёй душы таго спакою і ціхамірнасці падчас цырымоніі, аднак чай прыйшоўся даспадобы, а шчырасць і гасціннасць гаспадыні перадалася ўсяму залу. Ізноў жа, як і падчас першай сустрэчы з Масака Тацумі, гасцям было зададзена шмат пытанняў: пра традыцыйныя японскія стравы, веравызнанне, сямейныя абрады і традыцыі. Цікавасць выклікала і прыгожае адзенне японак – кімано, асабліва адметны элемент жаночай вопраткі — расшыты пояс, які завяршае вобраз. Не абышлося і без пытання пра любімую кветку ў японскай культуры – сакуру, а таксама пра хрызантэму, якая лічыцца імператарскай кветкай, таму што змяшчаецца на гербе.

 

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость