04.09.2018 / 08:09

У мінскім клубе “Бруге” першага верасня прайшоў дабрачынны канцэрт “Фолькоцікі” з удзелам гуртоў Rokash, Sakramant, Адарвірог і Dymna Lotva. Атрыманыя сродкі пайшлі у фонд грамадскага аб’яднання абароны жывёл “Эгіда”, а таксама прытулка “Домик Спасённых Душ”.

Мабыць, ссумаваўшыся за лета па клубных сэйшнах, аматары фольк-метал (ці каля таго) музыкі запоўнілі “Бруге” даволі шчыльна. Прынамсі, ужо на другім гурце, Dymna Lotva, клуб быў паўнюткі, а на выступе трэцяга, “Адарвірог”, на танцполе стала па-сапраўднаму спякотна. Квіток каштаваў сімвалічныя пяць рублёў.

Лёгкі шлях і любімую музыку паслухаць, і жывёлам дапамагчы. З грошаў за квіткі аплацілі арэнду клуба, арганізацыйныя выдаткі, а ўсё астатняе пайшло на дапамогу беспрытульным жывёлам. Музыкі выступалі задарма. Дадаткова можна было ахвяраваць сродкі на стэндзе прытулка “Домик Спасённых Душ”, арганізаванага ў фае, набыць сувеніры з выявамі жывёл і мерчындайзінг-прадукцыю гуртоў, што выступалі.

Прадаваўся таксама мерч інфармацыйных партнёраў мерапрыемства, музычна-культурніцкага праекта ByMetal.

Яго лідар Ян Мачульскі паведаміў: “Мы ахвяруем жывёлкам прыбытак з продажу нашых маек, такім чынам праект ускосна спрычыняецца да экалагічнай справы. Па тэматычнай спецыфіцы мы не эколагі, але так ці інакш – экалагічна-дбайныя людзі самі па сабе. І калі выпадае магчымасьць падтрымаць падобныя захады на музычнай ніве – мы не можам быць раўнадушнымі і задзейнічаем максімум сваіх рэсурсаў. Увогуле імкнемся падтрымліваць вартыя ініцыятывы, як і гэтую імпрэзу нашых сяброў Hornbreaking Promo. Мы выступаем яе інфармацыйнымі партнёрамі, шырока заклікаем публіку далучыцца да дабрачыннасці, чым ёсьць ужо толькі наведваньне канцэрту з класнымі гуртамі”.

Валанцёры тлумачылі, што акрамя грошаў прытулку патрэбна дапамога кармамі для жывёл, лекамі, цацкамі… Арганізацыя заўсёды радая новым валанцёрам. Патрэбныя тыя, хто можа дапамагаць рэкламай у інтэрнэце, транспартыроўкай жывёл.

Валанцёрка прытулка “Домик Спасённых Душ” Дар’я Груша распавяла: “Я думаю, па стаўленні да жывёл можна характарызаваць чалавека: калі ён мае добрыя пачуцці да братоў нашых меншых, то такія ж пачуцці будзе мець і да іншых людзей. Я вегетарыянка, і ў нас вельмі шмат валанцёраў-вегетарыянцаў, экалагічна свядомых людзей, якія раздзельна збіраюць смецце, імкнуцца не проста выкідаць рэчы, а неяк іх яшчэ выкарыстоўваць, аддаваць на перапрацоўку. Зямля – наш агульны дом, і мы павінны адказваць і за прыроду, і за ўсе жывыя стварэнні, калі чалавек пазіцыянуе сябе як разумную істоту. Асабіста для мяне ўсё пачалося з дапамогі жывёлам, а потым я прыйшла да іншых аспектаў экалагічнага ладу жыцця”.

Гурт “Адарвірог”
Гурт “Адарвірог”

Арганізатар канцэрта, вакаліст гурта “Адарвірог” Леанід Аўдзей-Жыгуноў пракаментаваў: “Фолькоцікі” – гэта проста назва, канечне, ставімся мы да ўсіх жывёл аднолькава добра. Мы жывем на гэтай зямлі, карыстаемся тым, што яна нам дае, тут яшчэ нашым дзецям ды ўнукам жыць. Трэба неяк быць удзячным за гэта, спрабаваць захаваць яе. Дабрачынны канцэрт мы рабілі ўпершыню, таму дзейнічалі так, як нам больш-менш звыкла – запрасілі гурты менавіта метал-накірунку”.

Гурт “Адарвірог” выступіў у абноўленым складзе. Нядаўна яго пакінулі дудар і адзін з вакалістаў. На “Фолькоціках” публіцы прадставілі новых удзельнікаў. Цяпер з гуртом граюць гітарыст Улад Ліпень і віяланчэлістка Юнона Рагаўцова.

Апошняя разам са скрыпачкай Каралінай Наско спакушала публіку глыбокім разрэзам на спадніцы, прымацаваўшы віяланчэль да сцёгнаў, і грала стоячы.

Гурт Dymna Lotva
Гурт Dymna Lotva

Гурт Dymna Lotva, як заўсёды, уразіў пранікнёнымі спевамі і экспрэсіяй вакалісткі Кацярыны Манкевіч. Экалагічныя алюзіі можна было згледзець у яе вянку, які нават пашчасціла памераць на пару песень камусьці з публікі. У рэпертуары гурта – песня на словы з “Чарнобыльскай малітвы” Святланы Алексіевіч.

Гурт Sakramant
Гурт Sakramant

Sakramant зноў выступіў з новым вакалістам. З падзела гурта “Літвінтроль” на Trollwald і Sakramant апошні мяняе вакалістаў амаль на кожны выступ. Неяк з імі спяваў нават легендарны Lesley Knife з Gods Tower. Дудар і лідар Sakramant Васіль Верабейчыкаў яўна кайфаваў на сцэне, пазіраваў фатографам, а пад канец па моднай цяпер традыцыі зрабіў з гуртом і публікай сэлфі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость