04.10.2018 / 22:10

На гэтым тыдни юрыст грамадскай арганізацыі “Экадом” Сяргей Магонаў на паседжанні грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Мінпрыроды ў прысутнасці міністра зрабіў даклад па асветніцкай працы сваёй НДА ў сферы дасягу да экалагічнай інфармацыі. У 2018-м аб’ектамі асветы сталі органы дзяржаўнай улады. Як гэта было – чытайце ў занатаваных намі тэзісах даклада.

Патрэбу ў асвеце мае ўсё грамадства, у тым ліку экалагічна актыўная яго частка. Асвета трэба і органам дзяржаўнай улады. Падзеі ў краіне, кшталту будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, паказваюць, што ні грамадзяне не ведаюць сваіх правоў і як іх рэалізаваць, ні органы выканаўчай улады не разумеюць, як з грамадзянамі працаваць.

"Цягам года з кастрычніка 2017 па верасень 2018 гадоў "Экадом" праводзіў даследаванне ўцягнутасці грамадства ў прыняццё экалагічназначных рашэнняў і дасягу грамадзянаў да інфармацыі ў гэтым кантэксце. У межах даследвання, у тым ліку, маніторыліся сайты выканкамаў, дзе, адпаведна леташняй пастанове Саўміна, з галоўнай старонкі павінны быць дасяжным раздзел "Грамадскія  абмеркаванні", у якім змяшчаюцца паведамленні пра абмеркаванні і іх вынікі", - распавядае Сяргей Магонаў.

Юрыста НДА выбралі сайты, дзе альбо не было такога раздзела, альбо пераход на яго не здзяйсняўся з галоўнай старонкі, альбо ў раздзеле не былі змешчаныя пратаколы абмеркаванняў. І накіравалі 226 зваротаў аб прадастаўленні экалагічнай інфармацыі ў выканкамы розных узроўняў: сельскага, раённага, абласнога, у адміністрацыі раёнаў Мінска.

Акрамя вынікаў саміх грамадскіх абмеркаванняў "Экадом" запытваў экологическую інфармацыю і дакументацыю, у тым ліку і тую, якая тычыцца планаў па ліквідацыі несанкцыянаваных сметнікаў і азелянення населеных пунктаў. Запыты дасылаліся ад імя грамадскага аб'яднання і фізічных асобаў на рускай і беларускай мовах.

"Урэшце без адказу засталося толькі 15 запытаў. Што тычыцца тых, на якія адказалі, то часам гэта рабілася з пратэрміноўкай, бо чыноўнікі блыталі запыты аб дасягу да экалагічнай інфармацыі са звычайнымі зваротамі грамадзян, на якія можна адказваць да 15 дзён, а ў асобных выпадках – і да месяца. Між тым, па законе аб ахове навакольнага асяроддзя ўсталёўваюцца і формы запыту, і тэрміны адказу – 10 дзён. У выпадку адмовы ці перанакіравання да іншага трымальніка інфармацыі – нават хутчэй".

З адказаў каля 80 % задавальняюць запыты: калі прасілі копію пратакола грамадскага абмеркавання, то яе і высылалі. Частка адказаў утрымлівала пераказ пратаколаў аб грамадскім абмеркаванні замест копій. У прынцыпе, гэта таксама варта ацэньваць як належнае забеспячэнне дасягу да інфармацыі, хоць не да літары, як у законе, лічыць Сяргей Магонаў.

У трох выпадках паступіла адмова ў прадастаўленні экалагічнай інфармацыі. Асабліва "вылучыўся" Столінскі райвыканкам, які на запыт матэрыялаў грамадскага абмеркавання справаздачы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будаўніцтва міні-ГЭС на гідравузле “Стахава” на дзвюх старонках са спасылкай на Орхускую канвенцыю даводзіў, што гэта не экалагічная інфармацыя.

"Найлепшая сітуацыя ў Віцебскім рэгіёне, практычна ўсе запыты задавальняліся ў адпаведнай форме. А Курапольскі сельсавет Пастаўскага раёна на трэці дзень пасля атрымання запыта выслаў адказ экспрэс-поштай. Горш за ўсё сітуацыя ў Мінску – на запыты ці не адказвалі, ці задавальнялі іх не адэкватна".

Прааналізаваўшы адказы, "Экадом" ініцыяваў 14 судовых спраў аб прымусе тых, хто валодае экалагічнай інфармацыяй, яе прадаставіць. Суды  на дадзены момант разгледзелі чатыры з гэтых спраў, па трох прынятыя станоўчыя рашэнні: экалагічная інфармацыя прадастаўленая ў працэсе разгляду.

"Лельчыцкі райвыканкам прадубляваў згублены ліст. Калінкавіцкі ж спачатку не разумеў, у чым справа, адказ жа быў. Копію пратакола грамадскага абмеркавання ў выніку даў. Добрушскі райвыканкам два разы высылаў пярэчанні на зыскавую заяву, да таго ж другія пярэчанні – супрацьлеглыя першым. А потым за дзень да судовага паседжання выслаў запатрабаваную экалагічную інфармацыю і неабходнасць у паседжанні скасавалася".

Жлобінскі суд адмовіўся разглядаць справу і гэта рашэнне пацвердзіў Гомельскі суд. У васьмі выпадках суды адмовіліся разглядаць справы па розных працэсуальных перадпасылках. У двух выпадках адмову аргументавалі тым, што спрэчка не датычыцца экалагічнай інфармацыі.

У шасці выпадках былі пытанні пра ўдзел грамадскай арганізацыі як прадстаўніка сябра арганізацыі. Суды адмаўлялі такую магчымасць, хаця яна прадугледжаная Законам аб грамадскіх аб'яднаннях і Законам аб ахове навакольнага асяроддзя. На такія рашэнні "Экадом" падаў скаргі. Цяпер у судах застаюцца яшчэ дзве справы.

Агулам тэндэнцыя па забеспячэнні дасягу да экалагічнай інфармацыі станоўчая, адзначаюць у Экадоме.

"Каля пяці год таму запыты аб азнаямленні з пратаколамі грамадскіх абмеркаванняў часта заставаліся без адказу. Выканкамы лічылі, што не абавязанныя даваць такую інфармацыю. Цяпер, са зменамі заканадаўства і практыкі, матэрыялы прадастаўляюцца".

Што да ўцягнутасці грамадства ў прыняццё экалагічназначных рашэнняў, толькі ў трох адказах фігуравалі нейкія заўвагі ці прапановы грамадзян па планаванні гаспадарчай дзейнасці.

"Калі такая рэакцыя ёсць, то яна хоць неяк уплывае. Асноўнае пытанне ў судах – неразуменне, што такое экалагічная інфармацыя. Таму неабходна падвышаць адукаванасць грамадства, а таксама праводзіць асветную работу з органамі дзяржаўнай улады. Калі будзе гатовая аналітыка па выніках исследования, будзе зроблены зварот у Мінпрыроды, каб давесці органам выканаўчай улады, як больш поўна саблюдаць заканадаўства ў гэтай галіне", лічыць Сяргей Магонаў.

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость