04.11.2022 / 16:11

З 6 па 12 лістапада ў егіпецкім Шарм-эль-Шейхе пройдзе чарговая сустрэча Рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змены клімату. Планавалася, што пасля насычанага COP-26 гэта будзе больш сімбалічная сустрэча, на якой кліматычныя дыпламаты прапрацуюць пытання, якія ўжо закраналі ў мінулым годзе ў шатландскім Глазга.

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Але год выдаўся вельмі напруджаным. Пад сумненне сёння пастаўлена сама верагоднасць глабальных кліматычных дамоўленнасцяў. Таму ад COP-27 чакаюць нават большага, чым ад папярэдніх сустрэч.

Зялёны партал тлумачыць, да чаго можа прывесці сустрэча ў Шарм-эль-Шэйхе. І ці варта ад яе чакаць нечага асаблівага.

 

Што такое COP

COP ці Conference of Parties – гэта сустрэча старон-падпісантаў Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату. Усё пачалося ў 1992 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра, на так званым Саміце Зямлі.

Гэта быў час, калі Савецкі Саюз перастаў існаваць, а постсавецкія краіны былі зацікаўлены ў дыялогу. Кітай і Індыя тады таксама займалі даволі адкрытую пазіцыю, таму з’явілась магчымасць сабраць прадстаўнікоў усіх краін свету і пачаць абмяркоўваць, як чалавек паўплываў на планету і ці будзе гэты ўплыў катастрафічным.

Выявілася, што навукоўцы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў б'юць у званы, падкрэсліваючы негатыўны, амаль што катастрафічны, уплыў. Індустрыяльнае развіццё прывяло да таго, што выкіды парніковых газаў паўплывалі на змену клімату, якая можа прывесці да падвышэння тэмпературы паветра на два ці нават болей градусаў. А гэта непазбежна прывядзе да сапраўдных катастроф: некаторыя гарады знікнуць, цэлыя рэгіёны будуць ужо недаступныя для жыцця.

Вынікам гэтай сустрэчы якраз стала Рамачная канвенцыя ААН аб змене клімату, якая была прынятая на Саміце Зямлі, а ратыфікавалі яе ў сакавіку 1994 года. Сёння 197 краін падпісалі гэтую Канвенцыю.

Падпісаўшы канвенцыю, краіны прызналі, што праблема змены клімату існуе і з ёй неабходна нешта рабіць. Праблема гэтая звязана з дзейнасцю чалавека, а гэта значыць, што чалавечая суполка непасрэдна ўплывае на падвышэнне канцэнтрацыі парніковых газаў у атмасферы, што з'яўляецца галоўнай прычынай змены клімату.

Мэта Канвенцыі – стабілізаваць канцэнтрацыю парніковых газаў у атмасферы «на такім узроўні, які не дапускаў бы небяспечнага антрапагеннага (гэта значыць абумоўленага дзейнасцю чалавека) уздзеяння на кліматычную сістэму».

«Такі ўзровень павінен быць дасягнуты ў тэрміны, дастатковыя для натуральнай адаптацыі экасістэм да змянення клімату, якія даюць магчымасць не ставіць пад пагрозу вытворчасць прадуктаў харчавання і забяспечваюць далейшае эканамічнае развіццё на ўстойлівай аснове».

Мэта добрая, але як яе дасягнуць і што трэба рабіць, тады ніхто не разумеў. Таму дамовіліся праводзіць перыядычна канферэнцыі старон-падпісантаў (Conference of Parties). Той самы COP.

Усяго такіх сустрэч з 1994 года прайшло 26. Першы COP адбыўся ў 1995 годзе ў Берліне. За гэты часы праводзіліся як вельмі важныя канферэнцыі, так і «прахадныя». Сярод найбольш важных можна адзначыць падпісанне Кіотскага пратакола ў 1997 годзе, які ўступіў у сілу ў 2005. І знакамітае Парыжскае пагадненне, падпісанае ў 2016 годзе.

Галоўнай мэтай такіх пагадненняў стала дасягненне дамоўленасцяў краін аб скарачэнні выкідаў. Таму што з пачатку было зразумела, што больш развітыя краіны Глабальнай поўначы, такія як дзяржавы Еўропы, ЗША, Расія ці Кітай у час актыўнай індустрыялізацыі зрабілі больш выкідаў парніковых газаў і, акрамя таго, як больш развітыя, яны могуць больш сабе дазволіць.

Пры гэтым краіны Глабальнага поўдня больш пакутуюць ад змены клімату, але ж калі яны пачнуць спыняць развіццё, то не змогуць пераадолець беднату. Таму больш развітыя краіны павінны дапамагаць менш развітым. Асабліва ўлічваючы факт каланіяльнага мінулага, калі развіццё поўначы ішло за кошт поўдня.

 

Чаму сёння мы гаворым аб тым, што з Канвенцыяй нешта пайшло не так?

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Галоўным патрабаваннем выканання Канвенцыі з'яўляецца неабходнасць супрацы ўсіх краін-падпісантаў. Але з пачаткам пандэміі COVID-19 праца COP пачала буксаваць. Спачатку адмянілі правядзенне COP у Глазга ў 2020 годзе.

Потым Трамп вырашыў, што Парыжскае пагадненне негатыўна ўплывае на развіццё эканомікі ЗША і 4 лістапада 2020 года самы вялікі з гістарычнага пункту гледжання эмітэнт парніковых газаў выйшаў з пагаднення. ЗША павярнуліся да яго пасля таго, як да ўлады прыйшоў Байдэн, але сам крок ЗША стаў падставаю думаць, што і так магчыма.

У 2021 годзе ў Глазга прайшоў COP-26. На ім былі прыняты новыя дамоўленасці, але ж краіны-падпісанты ўжо дзейнічалі не як адзіная сіла, а прымалі пагаднення паасобку. Так, напрыклад, Расія, Канада, Конга, ЗША, Бразілія і Інданэзія – краіны, на тэрыторыі якіх знаходзіцца каля 85% лясоў свету, узмацнілі дамоўленасці па скарачэнні вырубкі лясоў і прыпыненні маштабных вырубак да 2030 года.

У той жа час прапанову па скарачэнні выкідаў метану Расія адмовілася падпісаць. У сваю чэргу адмовіліся падпісаць дамоўленасць па адказу ад вугальнай прамысловасці Кітай і Індыя.

Пры гэтым голас сусветнага грамадства з кожнай сустрэчай Рамачнай канвенцыі быў усё мацнейшы. Рух нават атрымаў сваіх лідараў, такіх, напрыклад, як Грэта Тунберг. Гэтая дзяўчынка, якая нарадзілася больш чым праз 10 год пасля Самміту Зямлі, прымае актыўны ўдзел у кліматычным страйку – глабальным грамадскім руху, які лічыць што палітыкі робяць недастаткова для таго, каб пытанне змены клімату было вырашана.

Яна прымала ўдзел і ў COP-25, і ў COP-26. З часам голас Грэты загучаў усё больш грозна і нават радыкальна. Яна абвінавачвала палітыкаў у тым, што апошнія амаль нічога не робяць, што «не працуюць для таго, каб уратаваць нашу планету».

 

Вайна можа паставіць крыж на глабальнай кліматычнай палітыцы?

Иллюстративное изображение
Иллюстративное изображение

Уварванне  Расіі ва Ўкраіну, а таксама ўведзеныя супраць краіны-агрэсара санкцыі прывялі да таго, што верагоднасць глабальных кліматычных дамоўленасцяў, таксама як і дасягненне мэтаў кліматычнай нейтральнасці, пастаўлена сёння пад вялікае пытанне.

Па-першае, на фоне энергетычнага крызісу шмат размоваў ідзе пра тое, што здабыча вугляроднага паліва толькі павялічылася. Расія не скараціла сваю здабычу, але ж вымушаная была шукаць іншыя рынкі, пераводзіць пастаўкі з Еўропы на Азію. З іншага боку, Еўразвяз пакуль ня можа цалкам адмовіцца ад вугляроднага паліва, таму вымушаны быў шукаць іншыя шляхі паставак энерганосьбітаў. Напрыклад, пастаўкі газу з Афрыкі.

Па-другое, незразумела, як у атмасферы санкцый і палітычнай напружанасці могуць быць дасягнутыя дамоўленасці паміж ЗША і Еўразвязам з аднаго боку і Расіяй і Кітаем – з іншага. Вайна ва Украіне моцна паўплывала на палітычны кантэкст, у якім складана ўявіць перамовы нават па пытаннях клімату.

Аднак сёння перад канферэнцыяй пазіцыя большасці кліматычных дыпламатаў даволі рашучая. Яны кажуць, што, па-першае, вайна ва Украіне не павінна быць падставай для таго, каб мэты СОP былі змененыя ці аслабленыя. Гэта азначае, што і развіццё пагадненняў па скарачэнню выкідаў метану, і праграмы па спыненню вырубкі лясоў і, нарэшце, узмацненне механізму фінансавай дапамогі Глабальнаму поўдню па ранейшаму павінны заставацца на павесцы сустрэчы.

Між тым грамадзянскія актывісты ставяцца да COP, які распачне сваю працу 6 лістапада, даволі крытычна. Нават той факт, што сустрэча адбудзецца ў Егіпце, лічаць дурным знакам.

У краіне парушаюцца правы чалавека, у няволі знаходзіцца шмат палітвязняў, пераследуюць грамадзянскіх актывістаў (у тым ліку экалагічных), краіна застаецца адным з самых буйных здабытчыкаў нафты і газу ў Афрыцы.

Існуе меркаванне, што СOP-27 будзе ўяўляць сабою «пастановачнае шоў». Адзін толькі той факт, што спонсарам сустрэчы з'яўляецца Coca-Cola, карпарацыя, якая знаходзіцца на першым месцы ў спісе тых, хто забруджвае планету пластыкам, ставіць пад сумнеў якую-кольвек эфектыўнасць сустрэчы ў Шарм-эль-Шейхе. COP-27 ужо сёння крытыкуюць за «грынвошынг» .

 

Змену клімату нельга будзе спыніць?

Ня ўсё так дрэнна. Нягледзячы на крызісны 2022 год, арганізацыі, якія займаюцца ўлікам парніковых газаў, даюць даволі аптымістычныя прагнозы. Так, напрыклад, Statistics Netherlands (CBS) заяўляе аб зафіксаваным скарачэнні выкідаў парніковых газаў у другім квартале 2022 года (у параўнанні з тым жа перыядам 2021 года).

Выкіды СО2 па сектарах
Выкіды СО2 па сектарах

Даволі аптымістычную статыстыку дае і International Energy Agency (IEA), якое адзначае, што сёння мы назіраем рост выкідаў парніковых газаў толькі як паследак буйнога індустрыяльнага развіцця ў 2021-м. Паказальнікі за 2022 ніжэйшыя, чым год таму.

Скрыншот дадзеных International Energy Agency
Скрыншот дадзеных International Energy Agency

На думку экспертаў, такое скрачэнне можа быць звязана з глабальнай пераарыентацыяй на больш устойлівую прамысловасць і развіццё крытычнага спажывання Так, за апошнія гады бізнес стаў болей арыентавацца на прынцыпы ESG, стандарты устойлівай і экалагічна арыентаванай вытворчасці. А людзі пачалі больш цікавіцца сваім спажываннем.

Можна казаць, што адаптацыя і мітігацыя (змягчэнне) наступстваў змены клімату ідзе сёння па двух накірунках: сустрэчы старон Рамачных канвенцый застаюцца важнымі, але ж важным з’яўляецца і асабісты ўзровень вырашэння праблемы.

Крытычны падыход да спажывання, развіваццё і распаўсюд экалагічнага ладу жыцця, маленькія асабістыя крокі і рашэнні – таксама могуць паўплываць на агульную сітуацыю і даць чалавецтву шанец.  

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость