05.03.2016 / 18:03

Падаецца, зусім нядаўна быў лістапад, і ўсіх жадаючых да сябе запрашаў другі экамаркет «Пастэрнак», як ужо надышла каляндарная вясна, і напярэдадні жаночага дня мінчане і госці сталіцы могуць наведаць трэці па ліку маркет экалагічных і вегетарыянска-веганскіх тавараў і паслуг. Чым на гэты раз парадуе «Пастэрнак» сваіх наведвальнікаў, Зялёны партал даведаўся ў Яўгеніі і Уладзіміра, адных з арганізатараў экамаркету.

Я — «Пастэрнак»

Большасць гародніны мае плады і бацвінне. Калі плод прыхаваны ў глебе, вельмі цяжка сказаць, што там знаходзіцца, якая гародніна. А па бацвінню мы можам здагадацца і пра від, і нават пра гатунак, бо гэта адметная рыса.

Вось так і з лагатыпам экамаркету «Пастэрнак»: імправізаванае бацвінне ў выглядзе трох рысачак — гэта адметнасць тых людзей, якія наведваюць мерапрыемства, раздзяляюць каштоўнасці, ідэі, што транслююцца на ім, не баяцца адкрываць для сябе штосьці новае, знаёміцца з веганска-вегетарыянскім рухам.

Сама ж назва — гульня сэнсаў. Усе хаця б раз чулі пра такі караняплод. Ну і, вядома, пра Барыса Пастэрнака — рускага пісьменніка, паэта і перакладчыка, аўтара рамана «Доктар Жывага», за які ён быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй па літаратуры.

«Так і атрымоўваецца, што наш экамаркет для тых, хто здольны мысліць і лічыць сябе прагрэсіўным чалавекам», — падкрэслівае Яўгенія.

 

Чым багаты, таму і рады

Нягледзячы на тое, што другі экамаркет быў зусім не так даўно, трэці прадставіць сваім гасцям не менш цікавыя і новыя ініцыятывы і паслугі, як абяцаюць арганізатары.

«Сёння прасочваецца такая тэндэнцыя, што людзі жадаюць харчавацца правільна. І гэта можна будзе заўважыць на «Пастэрнаку» па новым удзельнікам, што ўзніклі з часу апошняга экамаркету», — кажа Уладзімір.

У праграме чакаюцца таксама некаторыя змены, усе яны накіраваныя выключна на паляпшэнне якасці правядзення мерапрыемства і для камфорту прысутных на ім людзей. Так, напрыклад, арганізатары адмовіліся ад спікераў, што вяшчаюць са сцэны і перавялі іх у кансультацыйную зону, каб кожны жадаючы мог у больш вузкім коле задаць хвалюючыя яго пытанні.

«Улічваючы, што гэты «Пастэрнак» прысвечаны 8 сакавіка, мы пастараліся скіраваць яго на жанчын. Паклікалі вопытнага масажыста, які на працягу ўсяго дня будзе праводзіць кароткія, па 15 хвілін, майстар-класы. Абсалютна бясплатныя, і тым больш на іх можна запісацца загадзя, на найбольш зручны час», — распавядае Яўгенія.

Традыцыйна для тых, хто прыйдзе з дзеткамі, будзе працаваць спецыяльная пашыраная зона з вялікай колькасцю забавак. Усе, хто плануюць правесці на экамаркеце цэлы дзень, змогуць зрабіць гэта ў зоне рэлаксу, дзе будуць заняткі ёгі і медытацыі. Дапамогуць стварыць атмасферу спакою і два безвакальных выступы:

«Калі раней «Пастэрнак» — гэта шум і гам, усё non stop, то зараз мы вырашылі зрабіць яго рэлаксуючым, каб людзі змаглі больш часу правесці на экамаркеце», — дадае Яўгенія.

Не забылі арганізатары і пра экалагічную складаючую «Пастэрнака». Так, можна будзе пазнаёміцца з цікавымі ініцыятывамі, павучыцца ашчаднаму і экапрыязнаму ладу жыцця, вырашэнню гарадскіх праблем, звязаных з наваколлем.

Дзякуючы аднаму з партнёраў мерапрыемства хтосьці з наведвальнікаў стане ўладальнікам шыкоўнага прызу, а менавіта сокавыціскалкі Huran, якая ў хатніх умовах дазваляе атрымоўваць асалоду ад натуральных сокаў і смузі. Але на гэтым сюрпрызы не закончацца, гарантуюць Уладзімір і Яўгенія.

 

На «Пастэрнаку» 100% няма мяса

Арнізатары экамаркету вельмі трапятліва ставяцца да іміджу мерапрыемства, які атрымалася напрацаваць за мінулы год.

«У нас афіцыйнае мерапрыемства, і ўдзел у ім таксама афіцыйны. Таму з кожным удзельнікам мы заключаем дамову, у дадатку да якой прапісаны рэгламент да тавараў і паслуг. Напрыклад, там указаны ўсе Е, што могуць прысутнічаць у таварах і якіх катэгарычна быць не павінна, дапушчальныя элементы і іншае», — зазначае Яўгенія.

Такім чынам, можна смела казаць пра тое, што ўсе прадстаўленыя харчовыя прадукты на 100% падыходзяць для лактавегетарыянца, ёсць смакоты і для веганаў. Аднак арганізатары не цураюцца людзей з іншымі поглядамі, наадварот, яны разглядаюць «Пастэрнак» як магчымасць паказаць альтэрнатывы ў харчаванні, вопратцы і звычках.

«Ніякіх тавараў, што ўтрымліваюць яйкі, мяса, рыбу, жэлацін і сычужны фермент, у нас не было і не будзе ніколі. Таму нават тыя праекты, што распрацоўваюць меню, уключаючы ў яго мяса, на «Пастэрнаку» прадстаўляюць вегетарыянска-веганскія стравы. Тое, што яны робяць па-за межамі мерапрыемства, мы не можам кантраляваць. Экамаркет — гэта асяроддзе, якое атрымоўваецца стварыць на адзін дзень. Мы піярым здаровы лад жыцця, які для нас не адлучны ад вегетарыянства, экалогіі.

А можа складзецца так, што хтосьці паглядзіць на попыт у вегетарыянстве і веганстве і зменіць свае паслугі пад спажыўцоў », — дадае яна.

 

Асобы падыход да «Пастэрнака»

Яшчэ адна рэч, пра якую арганізатары экамаркету вельмі клапоцяцца, гэта прэзентабельнасць удзельнікаў. Менавіта таму асобым патрабаваннем з'яўляецца крэатыўны падыход у афармленні стэндаў, да выступленняў і прэзентацый.

«Я ў мінулым маркетолаг, таму даводзілася часта бываць на розных беларускіх выставах. І адназначна магу сказаць, што мне яны не падабаюцца. Усе яны праходзяць неяк па-саўковаму, з пластыкавымі безаблічнымі перагародкамі, сумнымі прэзентацыямі. Паверце, такі падыход можа звесці на «не» нават самыя цікавыя і творчыя спецыялізаваныя выставы», — кажа Яўгенія

«Мы ўсім адразу кажам, што, калі патрэбна дапамога, мы з радасцю прыдумаем і прэзентацыі, і розныя конкурсы, афармленне. Для нас жа важна, каб удзельнікам таксама спадабалася, і водгукі былі добрымі, каб на наступны раз яны захацелі паўдзельнічаць зноў», — падкрэслівае Уладзімір.

З гэтай жа мэтай упершыню, перад трэцім маркетам, для ўдзельнікаў і партнёраў быў арганізаваны спецыяльны майстар-клас па брэндзінгу, візуалу і крэатыву.

 

Сабраныя грошы пойдуць на дабрачынныя ініцыятывы

Яшчэ адным новаўвядзеннем, але на гэты раз вымушаным стаў платны ўваход на «Пастэрнак». Сума зусім не вялікая — 20 тысяч рублёў, і арганізатары спадзяюцца, што гэта нікога не спужае. Прычынай такога рашэння стала тое, што, на жаль, у папярэднія разы не атрымоўвалася сабраць хоць нейкія сродкі дабрачынным праектам і ініцыятывам.

«З іншага боку, выдатна разумеем людзей, якія прыходзяць на мерапрыемства. Фалафель, смузі ці кава — ўсё гэта каштуе грошаў. І на дабрачыннасць ужо неяк не хапае. Таму зараз людзі будуць адразу рабіць невялікі «ўзнос» на ўваходзе, частка з якога 100% пойдзе на дабрачынныя ініцыятывы», — кажа Уладзімір.

«А таксама гэта будзе добрым стымулам паўдзельнічаць ва ўсіх майстар-класах», — усміхаецца Яўгенія.

Заўтра, 6 сакавіка, усіх жадаючых чакае «Пастэрнак». Экамаркет пройдзе ў «Cotton Hall» (вул. Старажоўская, 15а) з 10.00 да 19.00.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость