05.03.2021 / 08:03

Экасцежка на найбуйнейшым верхавым балоце Беларусі была пабудавана яшчэ ў 2014 годзе. Яе працягласць складае 1,5 км. Аднак пачынаецца сцежка не ад мяжы заказніка.

Да яе трэба прайсці яшчэ каля кіламетра, а ў межсезонне і дажджы гэта вельмі складана зрабіць.

“Ідэя падоўжыць экасцежку існавала ў галовах ужо даўно, і добра, што ў рамках праекта нам удасца яе ажыццявіць, - адзначыла тэматычны каардынатар па “зялёнай” інфраструктуры праекта Марына Гернат.

Падаўжэнне знакамітага драўлянага насцілу экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня” дазволіць не толькі прывабіць у заказнік больш наведнікаў, але і палегчыць доступ да сцежкі для маламабільнай групы людзей.

На тэрыторыі заказніка ў рамках праекта таксама з’явіцца месца для адпачынку. Ужо ўсталяваны драўляны навес. Да пачатку летняга турыстычнага сезона паставяць смеццевыя кантэйнеры і інфармацыйныя ўказальнікі.

Змены на экасцежцы сталі магчымымі дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам у партнёрстве з ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам.

У рамках праекта таксама ідзе капітальны рамонт гарадской спартыўнай залы фізкультурна-спартыўнага клуба “Міёры”. Гэты аб'ект значны, у першую чаргу, для мясцовых жыхароў. Тут праходзяць заняткі для дзяцей і дарослых па футболе, валейболе і лёгкай атлетыцы, а таксама раённыя і абласныя спаборніцтвы.

Плануецца, што спартыўную залу здадуць у эксплуатацыю 25 сакавіка, адзначыў тэматычны каардынатар па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость