Пры вялізным выбары цацак на любы густ і кашалёк абраць штосьці сапраўды вартае бывае вельмі цяжка. Пачынаем з аддзела для самых маленькіх - з бразготак і розных развівальных цацак. Большасць цацак ў гэтым аддзеле польскага вытворцы Canpol. Прадукцыя гэтай фірмы мае еўрапейскі сертыфікат якасці, а таму выклікае ў нас давер. Калі нашыя дзеці былі маленькімі, мы набывалі не толькі цацкі, але і посуд гэтага вытворцы.
Але вось канполаўскія цацкі для купання выклікалі ў нас падазрэнне – афарбоўка яркіх кіслотных колераў. Па словах Рымы, гэта сведчанне таго, што фарбы утрымліваюць цяжкія металы: свінец, кадмій, ртуць, хром.
Таму яна раіць набываць цацкі, якія маюць на пакунку адзнаку СЕ. Пры гэтым трэба асцерагацца падробак, бо кітайскія тавары таксама могуць мець такую адзнаку. Таму трэба звяртаць увагу на адлегласць паміж літарамі.
Побач з цацкамі Canpol мы заўважылі і выключна кітайскі прадукт. Яркія кубікі ў просценькім пакунку. Распакоўваем пакунак, але рэзкага непрыемнага хімічнага паху, як мы чакалі, не адчуваем. Затое знешне відаць, што фарба на кубіках няякасная, на швах можна адарваць кавалак пластыку.
Пытаюся ў Рымы, якія б цацкі яна абрала для музычнай каруселькі – пластыкавыя ці з тканіны. Мая суразмоўца выбірае апошняе. Рыма лічыць пластык больш шкодным для навакольнага асяроддзя і, як ёй падаецца, пластык менш развівае ў дзіцяці тактыльнае ўспрыняцце свету. Асабіста я выбрала б пластыкавыя цацкі, бо яны лепш мыюцца, а маленькае дзіця ўсё цягне ў рот. Тканіна таксама можа быць апрацаваная шкодным рэчывам. Дарэчы, сыходзімся з Рымай на тым, што няякасныя цацкі трапляюць да нашых дзяцей у большасці ад сваякоў і сяброў.
Наступны аб’ект нашага даследавання - лялькі. Бяром «Барбі» – запаветную мару любой савецкай дзяўчынкі. Бачым, што галава і цела непрапарцыянальныя: аграмадная галава, тонкія ручкі і ножкі. Зробленая з няякаснага пластыку. На жаль, я не сустрэла «Барбі», якая была ў маім дзяцінстве: у яе гнуліся рукі і ногі. Побач знаходзяцца «Барбі» галандскай вытворчасці. Выглядаюць сапраўды якасна, але і кошт у два разы большы.
Глядзім лялькі беларускай вытворчасці. Знешне выглядаюць прыгожымі і трывалымі. Праўда, галава зробленая з не вельмі якаснай гумы. Звяртаем увагу, што вытворца нідзе не пазначае склад цацкі.
Разглядаем цацачны посуд. Увагу прыцягваюць мініяцюрныя кубачкі са сподачкамі з керамікі. Гэты посуд вельмі маленькі і крохкі, а значыць, можа хутка разбіцца. Таму Рыма аддала б перавагу драўлянаму. Асабіста я ўсё ж за посуд керамічны або пластыкавы, бо ён найбольш падобны да сапраўднага.
Ідзём у аддзел, арыентаваны на хлопчыкаў. У цацачным арсенале нашых сыноў пластыкавыя машынкі беларускага вытворцы «Палессе». Абедзьве сыходзімся на тым, што прадукцыя гэтай фірмы нам падабаецца. Іх пластык дастаткова трывалы.
Рыма падказвае, як адрозніць якасны пластык ад няякаснага. Няякасны лёгка згінаецца, і застаецца белая палоска. Якасны пластык не проста сціснуць рукамі, ён адразу ламаецца, а не гнецца.
Адзінае, што мяне не зусім задавальняе ў «Палессі» – абмежаваная каляровая гама. Таму для эстэтычнага задавальнення я аддаю перавагу Canpol.
Глядзім на інструменты і зброю. Усё толькі з кепскага пластыку, які непрыемна трымаць у руках і які мае рэзкі хімічны пах. Зноўку ўзгадваю, што ў маім дзяцінстве набор інструментаў быў падобны да сапраўднага - з дрэва і жалеза. Ды і зброю можна было знайсці драўляную. Часта бацькі самі яе выраблялі.
Усе дзеці любяць будаваць. Накіроўваемся ў аддзел з канструктарамі. Ёсць якасныя наборы вытворчасці «Палессе». Адзінае, пакунак абсалютна неэкалагічны: з мяккага пластыку і мае вельмі востры непрыемны пах. Радуе, што вытворца пазначае: «Не выкарыстоўваць пакунак для гульні».
Увагу Рымы прыцягвае канструктар LEGO кітайскай вытворчасці. Распакоўваем каробку, каб параўнаць з арыгіналам. Бачым спалучэнне якаснага і няякаснага прадукту. Дэталі, падобныя да арыгінальнага канструктара, запакаваныя асобна. Пакунак цэлы, яго немагчыма адкрыць. Пакунак з выразнай кітайскай падробкай ужо пашкоджаны. Дэталі лёгкія, падрапаныя, зробленыя з няякаснага таннага пластыку.
Апроч кітайскай, знайшлі і расійскую падробку LEGO. Дастакова параўнаць толькі каробкі. На тым самым месцы лагатып, аднолькавая каляровая гама. Вырашыць, дзе арыгінал, а дзе падробка, дапаможа толькі кошт.
Ідзём у мой любімы аддзел дзіцячай творчасці. Паколькі мая дачка вельмі любіць маляваць і ляпіць, сюды я прыходжу часта. Тут можна набыць шмат цікавых рэчаў, але, на жаль, большасць з іх цяжка назваць экалагічнымі. Самым папулярным з’яўляецца цестапластылін, які прадстаўлены многімі маркамі. На маю думку, самая лепшая Play Doh. Рыма раіць рабіць цеста дома.
Мая суразмоўца аддае перавагу драўляным цацкам: яны трывалыя і звычайна экалагічныя. У асартыменце крамы прадстаўленыя драўляныя цацкі беларускай вытворчасці Woody. Яны непафарбаваныя і даюць шырокія магчымасці для дзіцячай творчасці. Ёсць і драўляныя цацкі расійскай вытворчасці, пакрытыя каляровымі фарбамі. Задаемся пытаннем, ці з’яўляецца такі прадукт экалагічным? Таму Рыма раіць набываць нефарбаваныя драўляныя цацкі.
Побач аддзел з мяккімі цацкамі. Рыма прызнаецца, што не вельмі любіць такія цацкі, паколькі не бачыць іх асаблівай ролі ў педагагічным выхаванні дзіцяці. Я з ёю не пахаджаюся. Мяккія цацкі добра выкарыстоўваць для ролевых гульняў, класці дзіцяці на сон, бо пластыкавай цацкай можна параніцца. Адзінае, што мне не падабаецца ў мяккіх цацках - яны вельмі добра збіраюць пыл і іх цяжка чысціць. Таму колькасць мяккіх цацак у дзіцяці павінна быць абмежаванай. Такія цацкі варта набываць толькі ў краме і толькі з гладкім ворсам.
Парады ад мам і эколагаў
Даследаванні “Цэнтра экалагічных рашэнняў”, праведзеныя ў 2012 годзе, паказалі, што кожная чацвёртая цацка ў краінах Мытнага саюза патэнцыйна небяспечная: утрымлівае цяжкія металы (свінец, мыш’як, ртуць, сурму, кадмій і хром).
Таму, збіраючыся набываць чарговую цацку, звяртайце ўвагу на якасць і бяспеку тавару, а не на яго танны кошт.
- Памятайце, лепш набываць цацкі ў спецыялізаваных дзіцячых крамах, а не на рынках ці ў кіёсках.
- Калі якасць цацкі выклікае ў вас недавер, прасіце ў прадаўца сертыфікат якасці.
- Звяртайце ўвагу на маркіроўку: вытворца, пастаўшчык, спосабы догляду, узрост дзіцяці, тэрмін службы і інш.
- Цацкі з рэзкім непрыемным пахам, едкімі кіслотнымі колерамі або з механічнымі пашкоджаннямі лепш не браць.
- Выбірайце цацкі з цвёрдага пластыку, паколькі ён утрымлівае менш шкодных рэчываў – фталатаў.
- Аддавайце перавагу драўляным цацкам. Пажадана, каб драўляная цацка не была пакрытая фарбай ці алеем і каб была цэльнай.
- Набывайце цацку адпаведна ўзросту дзіцяці.
- Не набывайце нерэалістычных персанажаў або цацкі з яўным парушэннем прапорцый.
Пры гэтым памятайце, што ніякія цацкі не заменяць дзецям увагу і любоў родных і блізкіх.