Юбілейны 20-ы тыдзень моды прайшоў у каранцінных умовах. Усе паказы праводзіліся анлайн, а на некаторыя дызайнеры/кі яшчэ і пашылі маскі для сваіх мадэляў. У цэлым, падаецца, мода стала больш утылітарнай за гэты год – усе пераселі працаваць дадому, таму важнасць шматфункцыянальнасці і камфорту ўзрасла.
Заснавальніца Belarus Fashion Week і старшыня Беларускай палаты моды Яніна Ганчарова заўважыла: “І спажыўцы, і дызайнеры пачынаюць асэнсоўваць экалагічныя і сацыяльныя наступствы хуткай моды: павелічэнне выкідаў таксічных рэчываў ад тэкстыльных фабрык, забруджванне вады ад вытворчасці сінтэтычных валокнаў, дэградацыю глебы і выміранне лясоў. Таму так важна прасоўваць этычную і ўстойлівую моду, што мы і робім апошнія некалькі гадоў”.
Чатыры дызайнера/кі ўдзельнічалі ў аб’яднаным паказе Ethical Fashion Show. Павел Кацэвіч пад сваім брэндам Key-to-Art прадставіў калекцыю, створаную з натуральных матэрыялаў: знаёмых бавоўны і шэрсці ды незвычайных для тканіны крапівы і эўкаліпту.
Кацярына Занько пад брэндам ZanKa паказала калекцыю “Думкі”. Дызайнерка часта стварае не толькі адзенне, але і сам тэкстыль для яго. Гэтая калекцыя выканана з натуральнай пражы і тканіны з дабаўленнем перапрацаваных матэрыялаў.
Дызайнерка Таццяна Тур паказала самую этнічную з этычных калекцый. Работы, аб’яднаныя пад назвай "Еду да таткі", навяваюць думкі пра вёску, калядкі і такі просты родны стыль жыцця. Гэта гісторыя пра ўзаемасувязь чалавека і прыроды, унутраны сад і цуды штодзённасці.
Наталля Кастрама прэзентавала калекцыю “Плынь”. Яна нагадвае пра тое, што адзенне павінна быць прыгожым і камфортным незалежна ад модных тэндэнцый. Мадэлі прадставілі свабодныя сукенкі, быццам бы натхнёныя прыроднай стыхіяй.
Спонсарам паказа этычнай моды стала кампанія А1. Начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў патлумачыў, чаму клопат пра наваколле – гэта адзін з прыярытэтаў кампаніі ў сацыяльных праектах.
“Мода з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай культуры, а этычная мода дэманструе клопат гэтай індустрыі аб наваколлі. Вось чаму А1, як кампанія, якая надзяляе ў сваёй дзейнасці шмат увагі падтрымцы нацыянальнай культуры і экаініцыятыў, выступае партнёрам модных паказаў. Гэта дазволіць нам не толькі паказаць стыльныя работы беларускіх дызайнераў, але наглядна прадэманстраваць, як можна рашаць праблему: скарачэнне вытворчасці адзення і адказнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”.