05.07.2016 / 14:07

Рэактары і будаўнічыя краны на новай атамнай станцыі, якія бачна за некалькі дзясяткаў кіламетраў, уносяць трывогу ў звыклы краявід.

Да вёсачкі Быстрыца вядзе гравійка, якая пачынаецца неўзабаве пасля ідэальнай асфальтаванай трасы з Астраўца. Тут ездзяць хіба рэдкія легкавікі мясцовых ды машыны памежнікаў – да мяжы адсюль 8 кіламетраў. У вёсцы знаходзіцца крыніца Святога Яна. Крыніца – свавольны (бо каторы ўжо раз мяняе русла) помнік прыроды, і, як кажуць месцічы, мае цудадзейную сілу. Напрыклад, мясцовыя кажуць, што ў людзей, якія ўмываліся крынічнай вадой, паляпшаўся зрок.

Быстрыца – унікальная вёска, і адна з самых старажытных на Беларусі. Упершыню яна згадваецца ў 1390 годзе, калі вялікі князь Ягайла заснаваў тут касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Гэты храм цягам сваёй гісторыі ніколі не зачыняўся, хіба што на час перабудоў, калі ў 1760 годзе яго ўвасобілі ў стылі барока, пасля паўстання 1863 года перарабілі ў праваслаўную царкву, ды падчас рэканструкцыі ў 1926-м, калі касцёлу вярнулі яго папярэдні выгляд і перадалі каталікам.

Журналісты і валанцёры спыніліся на ноч у цёці Лёлі. Яна жыве адна і трымае вялікую гаспадарку: карову, цялушку, чатырох свіней, два дзясяткі курэй, гусей, два сабакі і двух катоў. А яшчэ агарод з бульбай, ніву з жытам ды дзялянку пад сенакос. Гаспадыня 40 гадоў адпрацавала на ферме і па выніку атрымлівае два мільёны пенсіі – і з яе яшчэ ўмудраецца дапамагаць унуку, які вучыцца ў Гродне.

Да будаўнічай пляцоўкі АЭС адсюль 15 кіламетраў, цёця Лёля бачыць яе, калі выганяе пасвіць карову.

– Гэта ж другі Чарнобыль будзе, – хістае галавой жанчына.

Апроч крыніцы і касцёла ёсць у Быстрыцы яшчэ адна славутасць – старадаўні вадзяны млын. І хоць колавага механізму на ім ужо няма, але нейкім чынам млын працягвае працаваць, прынамсі, на збудаванні вісіць шыльда з рэжымам працы.

У вёсцы журналісты сустрэліся і з памежнікамі. Праверыўшы дакументы і дазвол на знаходжанне на памежнай тэрыторыі, яны пакінулі тэлефон, па якім трэба званіць на выпадак сустрэчы «нярускіх» – значыць, бежанцаў. Паводле мясцовых жыхароў, час ад часу тут сапраўды сустракаюцца ўцекачы з Украіны.

 

Будуюць дамы «для начальства» і крамы

Завіталі журналісты і ў Астравец. Чысты прыемны гарадок з царквой, двума касцёламі і вадзяным млынам. І нават помнік Леніну тут не такі аграмадны, як у большасці беларускіх гарадоў, і надпіс на ім зроблены па-беларуску. Паўсюль акуратныя клумбачкі, трава выкашана, кустоўе прыгожа падрэзана, дамы пафарбаваныя. У будні дзень людзей на вуліцах больш, чым у Мінску, шмат бесклапотных мам з дзіцячымі вазкамі. Горад і цяпер выглядае някепска, а пры запуску атамнай станцыі, пэўна, яшчэ больш расквітнее. Аднак усё, што нагадвае пра рэактар у горадзе – будынак інфармацыйнага цэнтра АЭС, які стварылі «для правядзення інфармацыйна-асветнай працы з рознымі групамі насельніцтва» на тэму атамнай энергетыкі. Пакуль жа мясцовыя жыхары нейкіх зменаў у сувязі з будаўніцтвам станцыі не адчулі.

– Хіба што дамы новыя будуюць і крамы. Дамы, напэўна, для атамшчыкаў, але больш для начальства. А так нічога не змянілася, – падзялілася прадавачка адной з мясцовых крамак і дадала, што месцічы ўсё ж крыху пабойваюцца новай станцыі.

Пабойвацца ёсць чаго, нават сам краявід, у які побач з прыгожым вытанчаным варнянскім касцёлам уварваліся каржакаватыя блокі АЭС, выглядае пагрозліва.

Усход і поўдзень Беларусі ўжо пакрытыя чорнай плямай радыяцыі, дык няўжо мы хочам пакрыць ёю і поўнач з захадам?..

Недалёка ад будучай АЭС знаходзіцца касцёл Святой Троіцы ў Гервятах – адзін з найпрыгажэйшых у Беларусі
Недалёка ад будучай АЭС знаходзіцца касцёл Святой Троіцы ў Гервятах – адзін з найпрыгажэйшых у Беларусі

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Литва призывает соседей не покупать электроэнергию с БелАЭС

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость