05.08.2016 / 09:08

1 жніўня на непрацуючай Ігналінскай АЭС у Літве адбываецца надзвычайнае здарэнне. У адным з будынкаў першага рэактара заўважаюць задымленне. Еўрарадыё параўноўвае, як літоўцы і беларусы даведваюцца пра здарэнні на АЭС, піша Еўрарадыё.

У Літве

1 жніўня ў 17:45 у будынку, дзе знаходзяцца непрацоўныя дэаэратары (прылада, якая ачышчае вадкасць ад газу) заўважаюць дым. Неадкладна выклікаюцца пажарныя і прымаюцца ўсе неабходныя меры па забеспячэнні бяспекі. Пажарныя прыязджаюць у 17:59 (праз 14 хвілін). У 18:40 прычына задымлення ліквідуецца”, — гэта цытаты з паведамлення прэс-службы Ігналінскай АЭС на наступны дзень пасля здарэння, 2 жніўня.

Тлелі “дробныя будаўнічыя адкіды”. На пытанне Еўрарадыё, чаму тлеючае смецце тушылі амаль гадзіну, прэс-сакратар АЭС Наталля Сурвіла-Глебава адразу адказвае, што дым ішоў з-пад падлогі памяшкання, а “для таго, каб знайсці, адкуль ідзе дым, трэба было выразаць частку гэтай падлогі і знайсці крыніцу задымлення. Вось гэта і заняло час”.

Інцыдэнт не аказаў уплыву на дзейнасць АЭС, радыяцыйны фон не змяніўся, уплыву на ядзерную бяспеку няма. Прэс-сакратар нагадвае, што на Ігналінскай АЭС абодва рэактара выключаныя. Першы рэактар спынілі 31 снежня 2004 года, другі — 31 снежня 2009 года. На першым блоку, дзе і адбылося здарэнне, нават няма ядзернага паліва. У другім — 2/3 паліва пакуль яшчэ ў рэактары.

Інфармацыя пра задымленне была тэрмінова перададзена Дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы атамнай энергіі, у самакіраванні Вісагінаса, Зарасая і Ігналіны, а таксама грамадскасці.

У Беларусі

 Павел Осіпаў /wildlife.by
Павел Осіпаў /wildlife.by

25 ліпеня ў незалежных СМІ з’яўляецца інфармацыя пра тое, што на Астравецкай АЭС 10 ліпеня (15 дзён таму), магчыма, адбылося здарэнне: з 4-метровай вышыні нібыта падае корпус рэактара. У Дырэкцыі будаўніцтва Астравецкай АЭС у той дзень Еўрарадыё не могуць ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтыя чуткі. Параілі пісаць афіцыйны запыт.

― Ніякай інфармацыі не будзе, ніякіх каментароў. Мы чуткі ўвогуле не каментуем. Чуткі мы не ка-мен-ту-ем.

― Але вы разумееце, што адмовай каментаваць выклічаце яшчэ больш чутак?

― Так, разумею. Але каментароў не будзе.

26 ліпеня на сайце дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА з'яўляецца паведамленне, што інфармацыя аб пашкоджанні корпуса рэактара Астравецкай АЭС не адпавядае рэчаіснасці. У той жа дзень на сайце Беларускай АЭС з’яўляецца наступнае паведамленне:

На справе, па інфармацыі генеральнага падрадчыка АТ “Атамбудэкспарт”, няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці. РУП “Беларуская АЭС”, якая з'яўляецца заказчыкам праекта, неадкладна запатрабавала ў генеральнага падрадчыка ўсе неабходныя дакументы і звесткі. У цяперашні час аналіз гэтай сітуацыі працягваецца”.

Прадстаўнікі расійскай кампанія “Расатам”, якая вядзе будоўлю АЭС, у гэты ж дзень паведамляюць, што корпус рэактара не мае пашкоджанняў.

Цяпер праверку рэактара ладзіць беларуская камісія.

Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам 4 жніўня падчас паездкі на Браслаўшчыну, што Беларусь адмовіцца ад корпуса рэактара АЭС, які зваліўся, калі ў яго ёсць хоць нейкае пашкоджанне. Ён абурыўся тым, што некаторыя СМІ (пераважна расійскія) напісалі, што на будаўніцтве Беларускай АЭС зваліўся рэактар.

"Ачомайцеся: там ніякага рэактара яшчэ і няма, там ёсць металічны корпус — "бочка" таўшчынёй 20 см, у які будзе змешчаны рэактар", — патлумачыў Лукашэнка. Па яго словах, будаўнікі трэніраваліся падымаць гэты корпус:

"Яго паднялі на мой рост, можа, крыху вышэй. Стропы не вытрымалі, і гэтая "бочка" адным краем звалілася на зямлю, з якой яе паднялі", — распавёў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка заявіў, што яму паказалі кадры здарэння і ён даручыў неадкладна разабрацца з інцыдэнтам: "Нават калі ёсць найменшыя пашкоджанні або драпіны, мы ад гэтага корпуса павінны адмовіцца. І расіяне кажуць, што калі беларусы адмовяцца ад гэтага корпуса, то яны прывязуць іншы і ўсталююць. Вось і ўвесь інцыдэнт".

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён асабіста кантралюе будаўніцтва АЭС.

Источник:
Фотограф:
mediakritika.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость