Аматарскі веламарафон “Суседзі”…
…набірае абароты і з’яўляецца ці не самым вядомым роварным мерапрыемствам у горадзе і за ягонымі межамі.
У сёлетнім 5-ым па ліку заездзе паўдзельнічала больш за 700 асобаў. Для параўнання ў 2014-м годзе стартавала 690, а ў 2013-м – 475 чалавек.
Паводле сябра Праўлення “ВелаГродна” Івана Найдзёнава, многія раварысты спецыяльна плануюць адпачынак на працы, каб трапіць на марафон.
Як грыбы пасля дажджу павялічваецца разнастайнасць дыстанцый і катэгорый удзельнікаў. Здаецца, арганізатары ахапілі ўсе ўзросты патэнцыйных зацікаўленых раварыстаў і раварыстак: ад дзяцей да 4 годзікаў да Супер Ветэранаў (ад 67 год) і Жанчын Супер Фіт (ад 40 год).
Найменшая дыстанцыя ў гэтым годзе была, натуральна, у дзіцячым заездзе – 200 м, а самая доўгая – 60 км. Аматарскі веламарафон “Суседзі” штогод дапамагае арганізоўваць аддзел адукацыі, спорта і турызму райвыканкаму.
Далейшы маштаб падзеі будзе празаічна залежаць ад грошаў. Бюджэт марафону нашмат перавышае агучаныя на агульным сходзе 19 мільёнаў рублёў.
Кубак “Тры вярсты”…
…упэўнена рухаецца ў бок прафесійнага спорту. Тым больш што крос-кантрыйная гонка – алімпійская дысцыпліна.
Напачатку “Тры вярсты”, як і “Суседзі”, быў разлічаны выключна на аматараў. Цяпер у спаборніцтве за ачкі змагаюцца і велапрофі. Гонка на спартовых роварах па перасечанай мясцовасці значна пашырыла сваю геаграфію. Напрыклад, у пачатку верасня адзін з выязных этапаў прайшоў у Слоніме.
Кубак “Тры вярсты” звяртаецца да велаграмадскасці ў пошуках валанцёраў. З-за арганізацыйнай нагрузкі каардынатары самі прапускаюць заезды, хоць, паводле актывіста Сяргей Нікуліна, “за апошні год набралі добрую форму”.
Велаінфраструктура і велакультура
Грамадскае аб’яднанне не перастае пісаць звароты з просьбамі ўсталяваць паркоўкі альбо прывесці ў адпаведнасць з тэхнічнымі нормамі вышыню бардзюраў.
Тры гады таму гарадзенскія раварысты складалі інтэрактыўную карту з месцамі, дзе неабходна велапаркоўка. “Перыядычна па тых адрасах, дзе ўсё яшчэ чырвоная кропка, ад нас працягваюць ляцець лісты”, - зазначыла старшыня грамадскага аб’яднання Юлія Каляда.
Цяпер раварысты збіраюцца нагадаць пра веладарожку ад Кургана славы да “Азота”, якую публічна абяцаў пакласці дырэктар прадпрыемства.
З актуальных праблем – пешаходы на веларазметцы. Раварысты скардзяцца, што людзі часам нахабна займаюць не сваё месца на тратуары. Таксама шмат нязручнасцяў ствараюць раварысты без ліхтарыкаў і фар у цемры. Звычайна гэта навічкі, што пагарджаюць правіламі руху. Сябры “ВелаГродна” абмярковаюць інфармацыйную кампанію – хаця б раздаваць у велакрамах улёткі – каб непісьменных велакіроўцаў станавілася менш.
ВелоГродно: автомобилистам и пешеходам пора привыкнуть к новому участнику движения
Іншае
Неабыякавых раварыстаў запрашае далучыцца да сваёй працы пошукавы атрад “ЦэнтрСпас”. Супольнасці валанцёраў, якія шукаюць зніклых людзей, паспяхова дзейнічаюць у розных беларускіх гарадах. Чым тут могуць быць карыснымі раварысты? Часам яны могуць абследаваць раён больш аператыўна і эфектыўна за пешага ці аўтамабіліста. Асабліва калі гэта за горадам ці ў лесе. На ровары можна хутка расклеіць арыентыроўкі. Цяпер з адным з такіх атрадаў сябруе “ВелаГродна”.
Велосипедистов Гродно приглашают к созданию ВелоПатруля
Верагодна, хутка такое ж роварнае аб’яднанне з’явіцца ў Лідзе. Прынамсі, актыўных аматараў двух колаў там хапае. Паводле Юліі Каляды, яны зараз задумаліся над рэгістрацыяй грамадскага аб’яднання.
Перасадзіць на ровары сябры “ВелаГродна” хочуць не толькі дарослых, але і дзетак. Апошні год актывісты зладзілі дзіцячыя заезды, прычым тут транспартныя сродкі былі куды больш разнастайныя: самакат, бегавел, двух- альбо чатырохколавы ровар. На гэтым “дзіцячыя актыўнасці” не скончацца. Лідарка Юлія Каляда запрасіла ўсіх цікаўных далучацца да гэтага накірунку.
Грамадскае аб’яднанне раварыстаў “ВелаГродна” зарэгістравана 2 кастрычніка 2013 г.. Ягоныя мэты: развіццё веларуху і адпаведнай інфрастурктуры, папулярызацыя ровара як экалагічнанага віда транспарта. У касцяк аб’яднання ўвайшлі некаторыя актывісты вядомай акцыі “Крытычная маса”, якая ў 2012 г. была катэгарычна забаронена мясцовымі ўладамі і ДАІ.