05.11.2014 / 18:11

Кірмаш дазваляе арганізацыям знайсці кансультанта і атрымаць паслугу ў спрошчанай форме.

25 заявак за мінулыя гады і 46 – за дзень у годзе бягучым

Пад гукі жывога саксафону інтэлігентныя госці п’юць каву – так пачалася раніца апошняга дня кастрычніка. Для ўдзелу ў трэцім Кірмашы арганізацыйнага развіцця зарэгістраваліся 45 кансультантаў, 147 арганізацый, з якіх 46 падалі заяўкі на ваўчары, каб атрымаць кансультацыю трэнераў па развіцці, 4 з іх ад экалагічных арганізацый.

За папярэднія паўтары гады Біржа атрымала іх амаль у два разы менш – 25 , з якіх адобрылі 15. Паводле Алены Харашэўскай, кіраўніца праекта “Біржа арганізацыйнага развіцця”, такая розніца таму, што ў гэтым годзе ў межах Кірмаша спрасцілі працэдуру атрымання ваўчара.

Да таго ж гэта дэма-версія – не працэснае, доўгатэрміновае кансультаванне на доўгі перыяд , а адзін-два дні. Свайго кансультанта можна было знайсці адразу на месцы, без абвяшчэння тэндара на сайце. Наступную кансультацыю пры жаданні можна замовіць у любы час у звычайным парадку, не чакаючы 6 месцаў, як пасля звычайнай працэдуры размяшчэння тэндара на сайце.

Паводле Алены Харашэўскай, такія змены дадуць “арганізацыям зразумець, што насамрэч гэта не складана, што свае патрэбы выявіць проста, як проста знайсці кансультанта і атрымаць паслугу”.

Першы Кірмаш абазначаў прастору, а зараз – вызначае пытанне росту

На думку Улада Вялічкі, сябра Рады “Біржы арганізацыйнага развіцця”, у праекта стратэгічна тыя ж мэты, але тактычна ён ужо на іншым этапе:

Калі першы Кірмаш адбываўся, каб абазначыць прастору – што мы ёсць, то зараз мы хутчэй спрабуем вырашыць пытанне росту, зрабіць гэту пляцоўку больш эфектыўнай”.

Існаванне пляцоўкі, якая не належыць ні адной з кансалтынгавых кампаній, ён лічыць дэманстрацыяй пэўнага працэсу ўсталявання сферы, які не адбываецца ні за год, ні нават за дзесяць: “Усё адно існуе шэраг праблем: неплацежаздольнасць арганізацый, у якіх няма свабодных сродкаў на кансультантаў; самі кансультанты часта маюць вузкі спектр паслуг; ёсць і іншыя праблемы - увогуле ў грамадскага сектару існуе такая колькасць абмежаванняў, што такія сумежныя сферы як кансалтынг з’яўляюцца іх ахвярай”.

Экалагічныя арганізацыі дараслі да таго, каб заняцца аргразвіццём

Для зялёнага сектара арганізацыйнае развіццё ў апошні год актуальнае як ніколі, бо менавіта зараз зялёная тэма ў беларускім трэцім сектары трапіла ў трэнд”, - мяркуе Яраслаў Бекіш, каардынатар таварыства "Зялёная сетка".

Паўплываў, на думку Яраслава, не адзін фактар: “Першае – усё больш і больш з’яўляецца рэгіянальных і сталічных ініцыятываў, з экалагічнымі мэтамі, ад сумеснай прыборкі смецця да лабіравання зялёных зон пры планаванні забудовы”.

Другі – арганізацыі, якія ўжо ўсталяваліся і ніколі не мелі зялёных мэтаў, зараз пачалі ставіць іх перад сабой. Напрыклад, Гомельскі дэмакратычны форум (ГДФ) у гэтым годзе адной з чатырох асноўных задач мае развіццё зялёнай эканомікі.

Трэцім і немалаістотным фактарам Яраслаў бачыць тое, што “экалагічныя арганізацыі дараслі да таго, каб заняцца арганізацыйным развіццём, бо ставяць задачы не проста нешта рабіць, а задумваюцца аб эфектыўнасці”.

Зялёная спецдыягностыка на Кірмашы

З тым, што ступень удзелу зялёнага сектара НДА ў актыўнасці Біржы расце, згодны Улад Вялічка. Апроч кансультантаў і арганізацый, якія імі цікавяцца, на Кірмашы быў адмысловы сектар – спецдыягностыка арганізацый на адпаведнасць прынцыпам зялёнага офісу. Паглядзець на лямцавы яблык-зямлю, распытаць, што трэба дадаць, а пра што – забыцца назаўсёды, прыходзілі абсалютна розныя арганізацыі, ад “Гендэрных перспектываў” да прадстаўнікоў ініцыятывы, створанай прадпрымальнікамі.

Цікава, што на некаторыя рэчы не заўсёды нават звярталі ўвагу, - згадвае Марыя Гуліна, трэнер з ГА “Экадом”. - Многія не ведаюць, які клас энергаспажывання ў бытавой тэхнікі, на што ўплывае асобны зліў у прыбіральні. Не ўсе глядзяць, што ўваходзіць у склад бытавой хіміі – хлора- і фосфараўтрымліваючыя сродкі лепш не выкарыстоўваць”.

Зусім нескладана выключаць абсталяванне з рэжыму стэнд-бай – але гэтай істотна эканоміць электраэнергію; раздзяляць смецце – таксама нескладана, а замяніць пластыкавы аднаразовы посуд шматразовым значыць не патраціць неаднаўляльныя рэсурсы, выкінуўшы прадметы з іх праз 10-20 хвілін выкарыстання. Марыя:

Знакамітыя прынцыпы змяншэння спажывання, паўторнага выкарыстання, перапрацоўкі – зірнуць праз іх на ўсе працэсы ў офісе”.

Керамічны посуд, торбачкі са шчыльнай тканіны і якасныя прыгожыя асадкі – гэтыя заўсёдныя атрыбуты Кірмашу арганізатары абяцаюць праз год ізноў, але магчыма, ізноў са зменамі і дапаўненнямі – як мінімум з сустрэчай напярэдадні галоўнай падзеі.

Автор:
Фотограф:
аўтара
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость