Арганізатары заклікаюць рэгістравацца і падключацца анлайн а 20 да Zoom, а таксама запрашаць суседзяў на сумесны прагляд.
Плануецца, што такія лекцыі будуць праходзіць увечары кожнай пятніцы. Перад тым, як запусціць гэты праект, урбаністы ды ўрбаністкі рабілі апытанку і прасілі грамадства ацаніць дзесяць прапанаваных тэм. У тым ліку наконт самакіравання ва дварах, азоў урбаністыкі, добраўпарадкавання.
За два дні яны атрымалі больш за 800 адказаў. Беларусы падтрымалі агучаныя прапановы для лекцый, а таксама напісалі, што ім цікава было б даведацца больш пра інклюзіўнае асяроддзе, азеляненне, шчыльнасць і вышыннасць забудовы і іншыя гарадскія тэмы.
За анонсамі ўсіх наступных лекцый можна сачыць у сацсетках Мінскай урбаністычнай платформы. Арганізатары спадзяюцца, што электронныя матэрыялы дапамогуць людзям аб’ядноўвацца і працаваць са сваімі дваровымі тэрыторыямі. Усе лекцыі будуць захаваны анлайн.
Праблемы, якія зараз існуюць з добраўпарадкаваннем, трэба вырашаць комплексна. І Мінская ўрбаністычная платформа спадзяецца ў будучым падтрымліваць суполкі ў гэтым кірунку. Ужо зараз да іх звярнуліся некалькі актывістаў сталічных двароў за экспертызай па добраўпарадкаванню.
Архітэктарка і ўрбаністка Лізавета Чэпікава кажа, што цяперашняя актыўнасць – гэта тое, што іх урбаністычная суполка спрабавала абудзіць ужо доўгі час.
“Мы вельмі рады, што зараз людзі самастойна да гэтага прыйшлі. Беларусы і беларускі вельмі хутка пераступілі шмат ступеняў у развіцці грамадзянскай супольнасці ад знаёмства і даверу да сумеснага планавання. Мы хвалюемся, што суполкі, сфарміраваныя для экстраннай дапамогі адзін аднаму могуць разваліцца, калі не знойдуць адказы на стратэгічныя пытанні па будаванні агульнага быту. Таму мы хочам іх падтрымаць і праз лекцыі паказаць, якім чынам суполкі могуць прымаць рашэнні па будучыні дваровых прастор. І гэта аснова грамадзянскай супольнасці”.