06.02.2017 / 17:02

Пакуль яшчэ зіма пануе, прыхаваўшы зямлю пад слоем снегу, арганізацыйны камітэт «Зробім!» ужо ва ўсю будуе планы на 2017 год, у якім уборкі плануецца праводзіць ажно цэлы сезон. Акрамя таго, добрых падстаў для роздумаў над падыходамі да арганізацыі мерапрыемстваў падкінула міжнародная канферэнцыя, якая ладзіцца кожны год для ўсіх краін-удзельніц руху. Чаго чакаць у гэтым годзе ад «Зробім!» і куды імкнецца ў цэлым сусветны «Let's Do It!», Зялёнаму парталу распавяла Надзея Дубоўская, удзельніца беларускай арганізацыйнай каманды.

Штогадовая канферэнцыя актывістаў руху па ўборкам несанкцыянаваных звалак «Let's Do It! Wоrld» — гэта магчымасць прадстаўнікам з розных краін сустрэцца і абмяняцца вопытам, абмеркаваць вузкія пытанні, а яшчэ здорава ўзняць матывацыю!

«У пачатку мінулага года вырашылі, што 8 верасня 2018 года пройдзе Сусветная ўборка. У гэты дзень уся планета выйдзе на акцыю, каб ачысціць лясы, берагі рэк і азёраў, любы кавалачак зялёнай зоны ад звалак. Уявіце, як старанна трэба рыхтавацца да гэтай падзеі, колькі павінны ўкласці актывісты, каб натхніць людзей на ўдзел у прыбіранні», — падкрэслівае Надзея Дубоўская, удзельніца арганізацыйнага камітэта «Зробім!».

У 2017 годзе Дзень сусветнай уборкі набыў свой адзіны для ўсіх краін лагатып — супергероя, які нясе за спіной пакет са смеццем.

З улікам, што 2017 год адвялі на тое, каб зрабіць падрабязнае картаграфаванне ўсяго смецця на Зямлі, каб мець больш канкрэтныя дадзеныя да Дня сусветнай уборкі, на канферэнцыі асаблівае месца адвялі абмеркаванню праблемы планетарных адходаў.

«Абмяркоўваліся розныя аспекты гэтай праблемы: чыя яна і што кожны можа зрабіць для яе вырашэння, якія тэхналогіі могуць дапамагчы пазбавіцца ад смецця, — удакладняе Надзея. — Акрамя гэтага, у дыскусіі пра лёс смецця прыняла ўдзел прэзідэнт Эстоніі Кэрсці Кальюлайд. На мой погляд, гэта сведчыць пра ўзровень, на якім можна вырашаць праблему несанкцыянаваных звалак у свеце».

На міжнароднай канферэнцыі «Let's Do It!» у Таліне
На міжнароднай канферэнцыі «Let's Do It!» у Таліне

Яшчэ адным паказальным момантам на канферэнцыі было тое, што акрамя актывістаў з 65 краін, удзел у мерапремстве прынялі прадстаўнікі міжнарожных арганізацый: моладзевай арганізацыі «JCI», транспартнай кампаніі «DHL», кампаніі «Skype» і іншых, якія разам з «Let's Do It! World» падключацца да арганізацыі Дня сусветнай уборкі.

«Такога кшталту канферэнцыі — добры шанец для нас абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва з сусветнай камандай і з удзельнікамі з іншых краін. Напрыклад, прадстаўнікі міжнароднага руху гатовы дапамагаць нам у пошуку нацыянальных партнёраў для беларускіх уборак», — зазначыла Надзея.

У кантэксце амбіцыйнай мэты на 2018 год, калі ў Дзень сусветнай ўборкі на акцыі павінна выйсці 5% насельніцтва планеты, такая падтрымка мае вельмі важнае значэнне. Тым больш што у Беларусі, у адрозненні ад суседніх краін, яшчэ існуе традыцыя рэспубліканскіх суботнікаў, на якія людзі вымушаны хадзіць у загадным парадку.

«У цэлым мы падтрымліваем пазіцыю сусветнай каманды, але кожная з краін-удзельніц руху мае свае культурныя асаблівасці і традыцыі, на якія трэба рабіць папраўку ў сваёй дзейнасці. Сёння для нас галоўнае — пазбавіцца ад несанкцыянаваных звалак і стварыць устойлівую сістэму, якая дапаможа пазбегнуць іх утварэння ў прыродзе ў будучым», — кажа удзельніца аргкамітэта «Зробім!».

З улікам наяўнасці «канкурэнцыі» паміж дзяржаўнымі суботнікамі і дабраахвотніцкімі акцыямі «Зробім!», камандзе пастаянна даводзіцца шукаць новыя фарматы падачы валанцёрскіх уборак. З гэтай мэтай у 2017 годзе вырашана не рабіць акцэнт толькі на двух усебеларускіх днях, як гэта было ў 2016-м, а даць магчымасць прыбірацца людзям на працягу цэлага сезона.

«Мы пачнем сезон вялікай уборкай у Дзень Зямлі — 22 красавіка і скончым у самым канцы верасня. Такім чынам, мы спадзяёмся зрабіць акцэнт на тым, што кожны беларус можа зладзіць уборку ў любы зручны дзень і час. Гэта павінна прыдаць устойлівасці руху «Зробім!». Вядома, што мы, як арганізацыйны камітэт, гатовы аказваць падтрымку валанцёрскім камандам на працягу ўсяго сезона», — кажа Надзея.

Гэта можа прыцягнуць увагу да праблемы засмечвання навакольнага асяроддзя большай колькасці людзей і адпаведнага іх уключэння ў рух.

Зараз вядзецца актыўная падтрыхтоўка і пошук новых бізнес- і інфапартнёраў, каардынатараў уборак у гарадах, адаптацыя прапаноў дапамогі пад рэальныя патрэбы каманд.

«Перад сезонам мы таксама плануем зрабіць некалькі выездаў непасрэдна да ўдзельнікаў, каб правесці ў гарадах адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Напрыклад, у Лунінцы нашай мясцовай актывістцы вельмі патрэбна дапамога з прыцягненнем людзей да ўборкі. Будзем старацца дапамагчы ёй у гэтым, распаўсюдзіць інфармацыю пра «Зробім!». Яшчэ актыўна нас клічуць у Мазыр і Калінкавічы...» — дадаюць у арганізацыйным камітэце.

 

Даведка:

«Зробім!» — гэта беларуская частка міжнароднага руху «Let's Do It!», які мае на мэце ачысціць планету ад несанкцыянаваных звалак у дзікай прыродзе. Акцыі па ўборках у межах «Зробім!» праводзяцца з 2012 года. Аднак 2016 год стаў адным з самых масавых па колькасці валанцёраў: у вясенняй і асенняй уборках прынялі ўдзел больш за 23 000 чалавек, сабраўшы пры гэтым 690 м3 смецця.

У арганізацыйны камітэт «Зробім!» уваходзяць прадстаўнікі Таварыства «Зялёная сетка», Установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», Фонда «Інтэракцыя», Грамадскага аб'яднання «Мінскае роварнае таварыства». Падтрымку акцыям аказвае Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Автор:
Фотограф:
facebook.com/pg/letsdoitukraine
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость