Шэф-повар і ідэйны натхняльнік каманды Андрэй Маркавец дагэтуль працаваў у рэстаранах Мінска і Пецярбургу, стажыраваўся ў вегетарыянскім рэстаране Joia з зоркай Мішлен у Мілане. На novabistro ён ускладае вялікія надзеі.
“Я спадзяюся, што смачным будзе ўсё без выключэння. Мы стараліся стварыць не надта вялікае, але разнастайнае меню. Кожны знойдзе ў ім нешта “свае”. З нечаканага, напэўна, гэта бездражджавая веган-піца на заквасцы і з суцэльназбожжавай мукой”.
Інтэр’ер бістро выкананы ў натуральных колерах і матэрыялах. Вокны ў падлогу прапускаюць шмат святла і робяць прастору вельмі ўтульнай.
З 9 там праходзяць сняданкі. На выбар можна заказаць тосты з хумусам і шампіньёнамі або брынзай і гуакамоле. Таксама даступна гранола с какосавым ёгуртам і садавіной, сырнікі, смузі-боўл (маракуйя + парэчкі + какос) і вялікі амерыканскі сняданак.
Уся малочка і мяса тут расліннае, але ў меню можна сустрэць і курыцу, і брынзу, і іншыя "нявеганскія" назвы. Гэта зроблена для таго, каб можна было ўявіць інгрэдыенты і смак стравы. У меню ёсць пазіцыі без глютэну – яны пазначаны перакрэсленай пшаніцай.
У будні з 12 да 17 даступна спецыяльнае абедзеннае меню: гатовыя абеды прывозяць адразу з NOVA STOLOVA. У астатні час у якасці першай стравы можна замовіць том ям або крэм-суп з батату. А ў якасці другой стравы – равіёлі з сачавіцай, стэйк з сейтану з бруснічным соусам, тофу з чорным рысам, бургер ці гарбузна-нутавыя ньёкі з песта і шалфеем.
Асаблівы пункт у меню – піцца. Тут ёсць шэсць варыянтаў на выбар, але ж для замовы яны даступны толькі з 16 гадзін у будні і з 12 ў выходныя.
Да ўласных дэсертаў у бістро прапануюць і аўтарскую каву: латэ гарбуз + куркума, лаймавы матча латэ, грэцкі раф з місо або арахісавае какава + кэраб. Яшчэ тут ёсць свая вінная карта. Лісцікам у ёй адзначаны арганічныя віна, месяцам – біядынамічныя. Акрамя таго, ёсць і безалкагольныя.
За плячыма кіраўніцы novabistro Ганны Радзівілавай ужо з дзесятак праектаў у рэстаранным бізнесе, у тым ліку Green+Go і NOVA STOLOVA. Яна кажа, што гэтае бістро асаблівае:
“Мы аб’ядноўваем у адным праекце піцу на заквасцы з сырамі ўласнай вытворчасці, аўтарскае меню шэфа, салодкасці з уласнай кандытарскай, веганскую вінную карту, свежы хлеб са сваёй пекарні і абеды ад NOVA STOLOVA”.
Кіраўніца падкрэслівае, што місія праекта – накарміць як мага больш людзей карыснай, смачнай, яркай, збалансаванай і этычнай ежай. Novabistro знаходзіцца на вул. Пятра Мсцілаўца, 8. Працуе нд-чц 09:00 – 23:00, пт-сб 09:00 – 00:00. Можна заходзіць з сабакам.