06.04.2023 / 11:04

Распавядаем пра птушак у беларускім фальклоры.

Фота аўтаркі
Фота аўтаркі

Першага красавіка ў свеце адзначаўся Міжнародны дзень птушак. Да гэтай Зялёны партал падрыхтаваў шмат цікавостак у сацыяльных сетках і на сайце, але нам падалося несправядлівым, што тэме птушак выдзяляецца толькі адзін дзень на год. Таму мы вырашылі працягнуць тэму і распавесці пра птушак у беларускім фальклоры. А ім там прысвечана нямала!

Найчасцей беларусы ўзгадвалі ў фальклорных творах ластаўку, галку, салаўя, жаўрука, але «заляталі» туды і іншыя птушкі.

Да прыкладу, у складзе калядоўшчыкаў ходзіць Бусел. Ён жа ў дзіцячым фальклоры прыносіць дзяцей.

Рухі птушак імітуюцца ў адных з самых старажытных з вядомых беларускіх танцаў – «Юрачка і Верабей». Хаця назва першага адсылае нібы да мужчынскага імя, і ў прыпеўках да танца таксама размова вядзецца пра хлопца (Ой, ты, Юрачка, што ня жэнішся, прыйдзе зімачка, дзе ж ты дзенешся…), некаторыя даследчыкі выказваюць думку, што герой тут не чалавек, а юрок – від вераб'я. І назву гэтай птушкі звязваюць са словамі «юр», «юрлівасць» – пажадлівасць, прага да сэксу.

Адна з прыпевак да танца «Верабей» гучыць наступным чынам:

Як паставіў верабей на сметнічку хату

Ды сазваў на наваселле госцейкаў багата….

…У залачонай карэце дзяцел пад’язджае,

А за дзятлам на валах жоўна паспяшае.

А зязюля з шуляком, перапеліца з круком

Лугам, даліною шпараць пехатою.

Заклікае верабейка ўсіх госцейкаў есці,

Запрашае белу лебедзь на покуці сесці.

А з лебеддзю – жураўля, і савішчу, і луня,

І стару чачотку, сваю родну цётку…

…Шчыгел важна пахаджае, цаплю ў танец просіць,

Галка піва налівае, а ўдод разносіць.

За здароўе вераб’я пілі, елі аж два дня,

А бацян упіўся ды пад стол зваліўся.

Гэтыя прыпеўкі, запісаныя ў 1946 г. ў вёсцы Крывічы Старобінскага раёна (цяпер Салігорскі), апублікаваныя ў томе «Дзіцячы фальклор» серыі «Беларуская народная творчасць». На думку спецыялістаў па педагогіцы, акрамя, ўласна, аздаблення танца гэты тэкст мог мець дадатковую функцыю: дапамагчы дзецям вывучыць назвы птушак.

Але відаць у гэтых прыпеўках і шлюбныя матывы, як і ў тых, што суправаджалі танец «Юрачка». Птушкі ў лірычных песнях часта ўвасабляюць закаханых: Голуб на дубочку, галубка на вішні

Альбо ў вясельнай песні:

Літала галубка пы саду, а за ёй галубчык у сляду…

Гуляла Кацюша пы саду, а за ёй Міхаська ў сьляду…

 

Птушкі прыносяць вясну

Фота аўтаркі
Фота аўтаркі

Такое ўяўленне лагічнае: птушкі вяртаюцца з выраю аккурат увесну. Акрамя практычных назіранняў за гэтым перакананнем стаіць і міфалагічны падтэкст: птушкі не проста прылятаюць, яны прыносяць з сабой ключы ад зямлі, якімі Бог, святы Юры ці Божая маці адмыкаюць зямлю і такім чынам дазваляюць зʼявіцца расліннасці. Альбо сімвалічна замыкаюць зіму і адмыкаюць вясну. Напрыклад, у песні са Смаленшчыны:

А ты вылеці, чорна галачка,

А ты вынесі залаты ключы.

Ты замкні, Божа, зіму грозную,

Адамкні, Божа, лета цёплае.

У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна абрад гукання вясны на Масленіцу завецца Чырачка. Яго галоўная песня ўтрымлівае зварот да аднайменнай птушкі (па розных звестках, від качак альбо вераб’ёў), і гучыць наступным чынам:

Ой, чырачка-пташэчка, не залетай далечэчко,

Не занось мойго венчыка, бо мой венчык – патрэбчык:

Трэба братца жэніці, сестрыцу замуж отдаваць.

Тэкст песні ўтрымлівае адсылкі да вяселля. Вобраз чырачкі-пташачкі даследчыкі разглядаюць як увасабленне дзяўчыны на выданні, нявесты.

Адзін з галоўных атрыбутаў свята – печыва ў форме птушак, якое гаспадыні вырабляюць у вялікай колькасці і частуюць ім усіх сустрэтых па дарозе. У некаторых мясцовасцях на іншыя святы (у першую чаргу, на Саракі і Дабравешчанне) пякуць «жаваранкі» і «бусловы лапы» (галёпы).

Часам саму вясну нашы продкі ўяўлялі ў вобразе птушкі, пра што сведчаць радкі, якія сустракаюцца ў песнях: Да ўжо весна на калочку.

 

Птушкі ўвасабляюць памерлых

Фота аўтаркі
Фота аўтаркі

У беларускім фальклоры птушкі ўяўляліся пасярэднікамі між «гэтым», чалавечым, і «тым», боскім, светам. Таму вельмі часта іх успрымалі як пераўвасобленыя душы памерлых. Адпаведна народным прыкметам, калі птушка б’ецца ў вакно ці залятае ў хату, гэта прадвяшчае хуткую смерць кагосьці з сямейнікаў. Пакідаючы ежу на могілках, нашы продкі спадзяваліся, што яе з’ядуць птушкі і такім чынам атрымаецца «накарміць» памерлых.

У некаторых лакальных традыцыях існавала прадпісанне аддаваць ежу, якая заставалася на стале ў ноч пасля Дзядоў, менавіта птушкам: Барані Бог, не ўлівай сьвіньням, а вынесі на двор, хай пцічкі паклююць. Кажуць: «Верабейкі, пазьбірайце, а пакойнічкам песенькі пасьпявайце» (Запісала Таццяна Валодзіна ў вёсцы Баранава Старадарожскага раёна).

Матыў «душа-птушка» сустракаецца ў галашэннях па ўсёй Беларусі. Вось фрагменты такіх тэкстаў:

Усе птушачкі із выр’я ляцяць, а ты, мой татачка, у вырай ляціш.

З якімі птушачкамі прыляціш, чы з салаўямі, чы з зязюляю?

Сынок, ты будзь матыльком, пцічкаю, пчолкаю, мушкай, ну ка мне прылятай.

Птушкай у лірычных песнях абарочваецца замужняя дачка, якая жыве далёка і праведвае бацькоўскаю сям’ю ў вобразе зязюлі.

На вяселлі маладая сімвалічна памірала для бацькоўскай сям’і, каб нарадзіцца наноў ужо жонкай, у сям’і мужа. Таму недарма вобраз замужняй дачкі, увасоблены зязюляй, так блізкі вобразам памерлых продкаў.

Часта ў вобразах птушак у народных казках паўстаюць тагасветныя істоты, якія не належаць да свету людзей: жар-птушка, птушка Сірын, Фініст ясны сокал.

 

Птушкі – проста прыгожыя

Фота аўтаркі
Фота аўтаркі

Выявы птушак часта сустракаюцца на народным тэкстылі. Гэта позняя вышыўка і ткацтва, бо раннія ўзоры – вобразныя, геаметрычныя. Рэалістычныя выявы з’яўляюцца на тканінах толькі ў канцы ХІХ ст. Гэта так званыя бракараўскія ўзоры – па назве парфюмерна-касметычнай фабрыкі «Бракар і Ко».

На вокладках яе прадукцыі змяшчаліся малюнкі, якія сяляне вышывалі крыжыкам. А «зорны час» птушак – другая палова ХХ ст., калі іх выяўлялі тэхнікай вышыўкі гладдзю і ткалі на посцілках.

У той жа час на тэрыторыі Беларусі яшчэ з палеаліту вядомыя гліняныя і касцяныя археалагічныя знаходкі ў выглядзе птушак ці з іх выявамі. Хутчэй за ўсё, яны выконвалі функцыі амулетаў. У ХІХ ст. вядомыя дзіцячыя цацкі-свісцёлкі, музычныя інструменты ў форме птушак – акарыны.

Птушыныя вобразы ў мове выкарыстоўваюцца проста для прыгожага слоўца: кумушкі-галубушкі, мілы мой дзядочак, сівы галубочак.

Фота аўтаркі
Фота аўтаркі

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость