У Бярозаўцы правялі сход з кіраўніцтвам горада, але начальства, маўляў, ніяк не адрэагавала на гэта. Суддзя, паводле Ашурка, таксама ведае, што ў Бярозаўцы існуе праблема з забруджваннем навакольнага асяроддзя, і нават задаў пытанне — чаму Ашурак не падаў ва ўстаноўленым парадку заяву на правядзенне пікета? Маўляў, тады б разглядалі, на якой падставе яму адмовілі, і, магчыма, не было б штрафу.
— Я адказаў, што не мог падаваць заяўку на імя чалавека, які публічна на агульным сходзе заяўляў, што ніякай экалагічнай праблемы ў Бярозаўцы няма. Ну хіба ён даў бы мне дазвол? Я папросту не бачыў у гэтым сэнсу. Тут трэба вырашаць сур’ёзную экалагічную праблему, якую з часам паправіць будзе яшчэ больш складана, і я імкнуся па-рознаму прыцягнуць увагу грамадзкасці да гэтай праблемы, бо там жывём не толькі мы, але і нашы дзеці. Вось такая была ў мяне прычына, і таму я сказаў, што сваёй віны прызнаць не магу. Зрэшты, я перад тым, як выйсці на пікет, добра ўсведамляў, што мяне за гэтым чакае.
У судзе прысутнічаў актывіст Сяргей Трафімчык. Паводле яго, нягледзячы на спачуванне суддзі, экалагічная праблема ў Бярозаўцы ўсё ж застаецца.
— Аднаму і нават некалькім чалавекам, відавочна, гэтую праблему скрануць з месца складана. Трэба, каб да гэтага далучылася грамадзкасць, самі жыхары Бярозаўкі. Хоць, як кажуць, усё пачынаецца з малога, бо экалагічная сітуацыя з кожным днём толькі пагаршаецца.
Вітальд Ашурак сказаў Свабодзе, што гэты прысуд яго не спыніць і ён будзе далей змагацца за тое, каб змяніць экалагічную сітуацыю ў сваім горадзе.
— Плануем зладзіць народны сход, а перад гэтым правядзем некалькі пікетаў, каб прыцягнуць людзкую ўвагу да праблемы. Спыняцца нельга, бо экалагічная сітуацыя толькі пагаршаецца. Думаю, што людзі будуць далучацца.