06.06.2016 / 13:06

У сераду, 8 чэрвеня, у Гомелі адбудзецца лекцыя ўрбаніста Дзмітрыя Бібікава за назвай «Навошта Гомелю займацца Гомелем, або Як прыкрыя праблемы робяць жыццё актыўных гараджан весялей».

У сучасным свеце гарадское асяроддзе не проста месца, дзе адбываецца перасоўванне людзей і транспартных сродкаў, гэтак жа як і ягонае развіццё не вымяраецца толькі квадратнымі метрамі і машынамесцамі. Гарады – адкрытыя канкурэнты, а якасць жыцця ў іх на ўсіх узроўнях – адзін з асноўных сродкаў спаборніцкай барацьбы за гараджан.

Менавіта ўрбаністыка дазваляе гараджанам перастаць быць назіральнікамі і стаць актыўнымі ўдзельнікамі развіцця горада. Таму лекцыя прысвечана ўрбаністыцы як спосабу бачання горада і – у прыватнасці – месца ў ім гараджаніна, а таксама яе паходжанню і асноўным прынцыпам. Мы пагутарым пра значэнне і асноўныя праблемы ўрбаністыкі на розных узроўнях – ад двара да горада, прааналізуем вопыт Менска ды блізкага і далёкага замежжа.

Пра лектара:

Дзмітрый Бібікаў – архітэктар-горадабудаўнік, выпускнік архітэктурнага факультэта і магістратуры БНТУ, член ISOCARP (з 2014 года), суарганізатар і ўдзельнік Менскай урбаністычнай платформы.

Менская ўрбаністычная платформа – гэта група архітэктараў і сацыёлагаў, якія працуюць з горадам у яго матэрыяльным, культурным і сацыяльным вымярэннях. Платформа актыўна супрацоўнічае з экалагічнымі арганізацыямі і іншымі грамадскімі ініцыятывамі, з'яўляецца прасторай для вылучэння і ажыццяўлення ідэй развіцця горада камфортнага, экалагічнага, справядлівага – створанага ўсімі і для ўсіх.

Лекцыя адбудзецца ў тайм-клубе «Флэт» (вул. Савецкая, 124)

Пачатак а 19.00

Уваход вольны

Падзея ў Facebook

Падзея ў «Вконтакте» 

Гэта пяты рэгіянальны адукацыйны івэнт, зарганізаваны 34mag.net і Euroradio ў 2016 годзе. У сёлетнім студзені ў Віцебск прыязджала журналістка і даследчыца гарадской культуры Ганна Пазняк з лекцыяй «Стратэгіі ды тактыкі. Што можна зрабіць у горадзе тут і цяпер, а што можна рабіць потым», а ў Берасці выступала каманда галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з лекцыяй «Як адчыніць галерэю сучаснага мастацтва ў Беларусі». Нядаўна ў Магілёў завітвалі рэдактары анлайн-часопіса пра Менск Citydog.by Сяргей Сахараў і Яся Каралевіч-Картэль з выступам за назваю «CityDog.by – інтэрнэт-часопіс пра Магілёў: гэта жарт ці праўда?», а хутка ў Горадні пройдзе лекцыя арт-крытыка Тані Арцімовіч «Руйнуючы межы: канец чыстага мастацтва».

Автор:
Фотограф:
urbanist.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость