06.06.2017 / 14:06

У Беларусі стварылі дадатак для смартфонаў, які правярае тавары на прыязнасць і падказвае, дзе можна набыць іх са зніжкай. Неверагодна карысная рэч для тых, хто клапоціцца аб здароўі і жадае харчавацца правільна.

З дзесятку найменаванняў у краме выбраць найбольш карысны, натуральны прадукт — штодзённая праблема бадай кожнага, хто мае звычку задумвацца аб сваім харчаванні. І не такая ўжо бяда прачытаць дробным шрыфтам склад. Цяжэй разабрацца, «што яны хацелі гэтым сказаць?» і «што зараз я буду есці?».

Прыблізна з гэтай жа прычыны Аляксей Козел узяўся за распрацоўку праграмы, якая дазволіла б на месцы хутка разабрацца, што ўтрымлівае ў сабе той ці іншы прадукт:

«Неяк, стоячы ў краме і разглядаючы розныя пакункі, вычытваючы іх склад, раззлаваўся, што нічога не разумею... Такім чынам нарадзілася ідэя стварыць дадатак для смартфонаў», — кажа ён.

 

Дадатак «hOwl» — гіперсава — персанальны памочнік у выбары тавараў у крамах, які не толькі падрабязна раскрые склад, разлічыць неабходную порцыю, але і падкажа найбольш выгадныя прапановы па зніжкам на ўпадабаны вамі прадукт.

 

Папулярнасць дадатку не прымусіла сябе чакаць. На этапе, калі спатрэбілася затэсціць яго працу сярод невялікай аўдыторыі, навіна разнеслася па сарафанным радыё імгненна.

«Па зваротнай сувязі ўжо паступіла звыш 1200 водгукаў, большасць з якіх станоўчыя, з добрымі і цёплымі словамі. Безумоўна, гэта матывуе», — дзеліцца Аляксей.

Вядома, што патрабуюцца яшчэ дапрацоўкі: магчымасць аўтарызацыі праз іншыя сацыяльныя сеткі акрамя «ВКонтакте», удзелу большай колькасці гіпермаркетаў і гандлёвых сетак, у тым ліку з іншых гарадоў. Аднак, па словах стваральніка, тая ж аўтарызацыя — не абавязковы элемент, не так моцна яна ўплывае на функцыянал дадатку.

«А вось спіс прадуктаў сапраўды пакуль не поўны. Па статыстычных дадзеных дадатак задавальняе ля 70% запытаў карыстальнікаў. Аднак пакрыць 100% наўрад ці будзе магчыма. Напрыклад, чалавек прывозіць тавар з Польшчы, а там іншы вытворца і штрыхкод. Ці ёсць лакальны вытворца, у якой-небудзь вёсцы пякуць хлеб пад сваёй маркай. Альбо з'яўляецца новы прадукт, што пакуль не трапіў у базу», — тлумачыць Аляксей.

Зараз распрацоўшчыкі вядуць перамовы з многімі гандлёвымі сеткамі, якім прапаноўваюць далучыцца да працэсу напаўнення дадатку, як, напрыклад, у свой час зрабіла крама «Green». Кіраўнік сеткі не толькі зацікавіўся існаваннем падобнай праграмы, але і паспрыяў першаснаму напаўненню базы. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў крамы склад усіх тавараў сфатаграфавалі, і распрацоўшчыкам дадатку заставалася толькі апрацаваць гэтыя здымкі.

«Для мяне было прыемнай нечаканасцю, што нашыя гандлёвыя сеткі таксама зацікаўленыя ў тым, каб прадаваць прадукцыю лепшай якасці і больш здаровую. Бо ўсё ж раней мне падавалася, што першасным для іх з'яўляюцца фінансавыя выгады», — кажа хлопец.

 

Як працуе «сава»?

Дадатак максімальна просты ў выкарыстанні, нават для людзей сталага ўзросту. Але з улікам таго, што да гэтага яны ўжо здолелі асвоіць смартфон!

Выбраўшы тавар на паліцы, вам неабходна адкрыць дадатак на сваім мабільным і сасканаваць штрыхкод прадукта. Праз некалькі секунд у вас з'явіцца апісанне з указаннем прыязнасці, парцыённым разлікам і расшыфроўкай складу па элементах. Пасля чаго вам толькі застанецца ці пакласці тавар у кошак і прайсці на касу, ці вярнуць яго на паліцу, адаўшы перавагу чамусьці больш здароваму.

Увагу Аляксей звяртае на «рэкамендаваную порцыю». Па словах хлопца, яна разлічваецца сыходзячы з калорый і балансу бялкоў, тлушчоў і вугляводаў. Дарэчы, карыснасць прадукта таксама ацэньваецца з разліку бялкоў, тлушчоў, вугляводаў і калорый.

«Пра той жа хлеб нельга сказаць, што ён шкодны! Усяго толькі вытворца дадаў шмат стабілізатараў, якімі, верагодней за ўсё, хацеў надаць патрэбныя ўласцівасці і кампенсаваць недахопы сыравіны, — тлумачыць Аляксей. — Здараецца, што ў прадукта можа разыходзіцца «натуральнасць» і «карысць». Напрыклад, марожанае, яно зроблена з вельмі тлустага малака, што шкодна з-за вялізарнай колькасці тлушчоў. Але натуральна! З іншага боку, вада, фарбавальнік і араматызатар — не натуральна, але больш карысна, бо ў цэлым гэта проста вадкасць».

Автор:
Фотограф:
Скрыншоты з дадатка «hOwl»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость