На ўсёй тэрыторыі фестывалю мінімізуюць ужыванне пластыку. Каву ды іншыя напоі, акрамя алкагольных, будуць разліваць у папяровую тару. Ручкі ад сцяжкоў, якія плануецца раздаваць на свяце, зроблены з дрэва, а не пластыку. Будзе арганізаваны асобны збор розных відаў смецця. Для гэтага абяцаюць паставіць тэхналагічныя сметніцы, якія будуць выдаваць розныя гукі ў залежнасці ад таго, ці правільна выкінута смецце.
У зоне “Экалогія”, якая сёлета будзе працаваць на Вялікім Брытанскім фестывалі ўпершыню, арганізацыі адпаведнага профілю раскажуць дзецям і дарослым, як правільна сартаваць смецце і эканоміць ваду. Навучанне адбудзецца ў форме майстар-класаў ды інтэрактыўных гульняў.
Сёлета ўпершыню на фестывалі будуць таксама зоны “Інавацыі” і “Гісторыя”. Агулам наведвальнікаў чакаюць 14 тэматычных пляцовак, у тым ліку адукацыйная, творчая, аўтамабільная, літаратурная, дабрачынная. Будзе працаваць фудкорт і кінатэатр на вольным паветры, на галоўнай сцэне пройдуць канцэрты брытанскіх выканаўцаў.
Вялікая ўвага на фестывалі будзе нададзена папулярызацыі здаровага ладу жыцця: уся вуліца Зыбіцкая ператворыцца ў спартыўную пляцоўку. Амбасадарка Вялікабрытаніі Фіёна Гіб нагадала, што тэніс “нарадзіўся” на англійскім стадыёне Ўімблдон і толькі потым стаў міжнародным відам спорту. Для наведвальнікаў фестывалю будзе арганізаваны міні-корт. Таксама можна будзе навучыцца азам рэгбі, тач-рэгбі, кікеру і кёрлінгу.
22 чэрвеня будзе працаваць брытанская фан-зона ля Палаца спорту ў межах Еўрапейскіх гульняў. Поўная праграма мерапрыемстваў неўзабаве з’явіцца на сайце амбасады Вялікабрытаніі.