06.06.2024 / 16:06

У Сусветны дзень аховы прыроды ў Львове адбыўся першы паказ дакументальнага фільма Ганны Цыгімы і Ганны Мамонавай «Вялікая вада. Расследаванне выбуху на Кахоўскай ГЭС».

Стоп-кадр з фільма
Стоп-кадр з фільма

Арганізатарам падзеі выступіла  Лабараторыя журналістыкі супольнага інтарэсу.  Зялёны партал наведаў імпрэзу і распавядае, аб чым гаварылі арганізатары і аўтаркі.

 

Што адбылося з Кахоўскай ГЭС?

Год назад, у ноч на 6 чэрвеня 2023, адбылася адна са шматлікіх трагедый новага часу – падрыў Кахоўскай дамбы на поўдні Украіны. 

У гэты дзень расейскія вайскоўцы ўзарвалі дамбу Кахоўскай ГЭС. Тысячы кубаметраў вады з Кахоўскага вадасховішча затапілі дзясяткі вёсак і гарадоў. Урад аб’явіў аб эвакуацыі. 

Менавіта гэтаму і прысвяцілі свой дакументальны фільм «Вялікая вада» Ганна Цыгіма і Ганна Мамонава. На здымкі сыйшло паўгады.

 

«Украіна – магчыма, першая краіна, якая сутыкнулася з наступствамі такой катастрофы»

За гэты час аўтаркі здзейснілі серыю паездак у Херсон, каб задакументаваць гісторыі прадстаўнікоў Дзяржпрыродаахоўнай службы, якія штодня збіралі сведчанні ваенных злачынстваў, учыненых Расійскай Федэрацыяй.

«Калі вада затапіла Херсон, адзін з герояў фільма, Максім, – даставаў целы загінуўшых. Святлана і Валянціна падчас плавання на лодцы бралі пробы вады, каб праверыць, ці яна атрутная. Алег дапамагаў жыхарам назапасіцца пітной вадой. Усе яны – супрацоўнікі Дзяржэкаінспекцыі Паўднёвага рэгіёну ў Херсоне. Іх праца непрыкметная: людзі ў бронекамізэльках пад абстрэламі збіраюць у колбы ваду і грунт.

Разам з Генпракуратурай яны збіраюць доказы па справе аб экацыдзе праз разбурэнне Кахоўскай дамбы 6 чэрвеня 2023 года. Фільм паказвае, як гэта – расследаваць злачынства, калі ты – сам пацярпелы, і калі поўны маштаб наступстваў катастрофы стане зразумелым толькі праз гады».

Падчас прэзентацыі фільма. Фота - Аліна Рудзіна
Падчас прэзентацыі фільма. Фота - Аліна Рудзіна

«Мы пачыналі гэты фільм як даследаванне таго, што стала з экалогіяй пасля знішчэння Кахоўскай ГЭС, дамбы і затаплення, – распавяла Ганна Мамонава. – Але падчас уласна гэтага журналісцкага расследавання мы зразумелі, размаўляючы з навукоўцамі, эколагамі, дзяржэкаінспектарамі, пракурорамі, следчымі паліцыі, і з міжнароднымі сведкамі ваенных злачынстваў супраць навакольнага асяроддзя, што мы будзем, як краіна, пражываць гэтую тэму як мінімум дзесяць гадоў.

Бо Україна – магчыма, першая краіна, якая сутыкнулася з наступствамі такой катастрофы, як разбурэнне дамбы. Выпадкі былі, але як ваеннае злачынства іх ніхто не разглядаў, таму мы не можам прыйсці да нейкай краіны і спытаць, маўляў, як вы гэта рабілі? 

І Украіна зараз мае выклік перад усім светам напрацаваць уласную методыку, уласную практыку. І Генеральная пракуратура менавіта гэтым і займаецца: з дапамогай Дзяржэкаінспекцыі збірае…нават не доказы таго, што адбываецца ў навакольным асяроддзі, а адсочвае гэту пераемнасць, як змяняецца ці не змяняецца навакольнае асяроддзе».

 

«Людзі, якія робяць сваю маленькую справу»

З нагоды знішчэння дамбы Кахоўскай ГЭС Генеральная Пракуратура Украіны стварыла самую вялікую ў сваёй гісторыі групу па расследаванню наступстваў для экалогіі. У яе ўвайшлі каля 400 следчых і пракурораў, а таксама прадстаўнікі мясцовай Дзяржаўнай экалагічнай інспецыі.

«Калі мы прыехалі да гэтых людзей, мы зразумелі, што гэта надзвычайна простыя, даступныя людзі, якія робяць сваю справу пад абстрэламі, рызыкуючы ўласным жыццём, яны самі – ахвяры і затаплення, і катаванняў, і акупацыі, але ўсё адно яны не губляюць гэтую надзею і робяць гэту работу, – узгадвае працу над фільмам Ганна Цыгіма. – Здавалася, што сам-насам кожны з гэтых людзей казаў сабе “А хто, як не я?” І мне здаецца, калі кожны з нас будзе часцей казаць “хто, як не я?”, то многія праблемы вырашацца самі сабой».

Журналісткі кажуць, што ўдзячныя сваім героям, Максіму, Валянціне і Святлане за тое,  што яны працуюць, вераць у перамогу і ніколі не губляюць аптымізму.

«Мы часта здымаем ЗСУ, і іншыя структуры, якія забяспечваюць наша жыццё, але ёсць людзі, якія робяць сваю маленькую справу, і зараз, у гэты момант гісторыі, мы нават не можам усвядоміць, што будзе праз дзесяць год, і якую ролю гэта адыграе, таму што гэта і пытанне рэпарацый, і даследаванне навакольнага асяроддзя, і разуменне, ці змогуць людзі і далей жыць у Херсонскай вобласці, і ці будзе там прадатная для нашага існавання экалагічная сітуацыя».

«Мы робім гэту работу дзеля наступных пакаленняў, для нашых дзяцей, і для тых, хто будзе наведваць нашу Херсонскую вобласць», – адказвае на пытанне журналістаў, навошта ён гэта робіць, адзін з герояў фільма Максім.

«Вера ў светлую будучыню. У тое, што вайна скончыцца, і вера, што тое, што мы робім – яно пойдзе далей, у суды, – кажа іншая гераіня Святлана. – Мы супрацоўнічаем з праваахоўнымі органамі, намагаемся больш сведчанняў далучаць для крымінальных спраў, і думаем, што гэта мае сэнс».

Падчас прэзентацыі фільма. Фота - Аліна Рудзіна
Падчас прэзентацыі фільма. Фота - Аліна Рудзіна

 

Суд, які абавязкова будзе

«…Гэта не будзе нейкі адзін суд ці адзін трыбунал пра знішчэнне Кахоўскай дамбы або экацыд. Гэта можа быць некалькі судоў, можа, дзясяткі судоў. Праваахоўныя органы будуць збіраць доказы гэтых злачынстваў, – адказваюць на пытанні з залу аўтаркі фільму «Вялікая вада. Расследаванне выбуху на Кахоўскай ГЭС». – Часткова суды пройдуць ва Украіне, бо Украіна ўзяла на сябе абавязкі праводзіць суды над ваеннымі злачынцамі ў нацыянальных судах. 

Таксама будуць суды супраць тых, хто аддаў наказ падарваць тую ж дамбу, і супраць тых, хто яго выканаў. Таксама мы можам звярнуцца да судоў іншых краін па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі, і там можна разглядаць як злачынствы супраць навакольнага асяроддзя, так і асобныя кейсы супраць выканаўцаў і камандавання. 

Таксама мы разлічваем на Міжнародны крымінальны суд, і там можа быць пытанне пра рэпарацыі, магчыма, асобныя кейсы супраць арганізатараў. Бо планаванне знішчэння такога аб’екта, як Кахоўскага вадасховішча… Усе, хто гэта спланаваў, яны разумелі наступствы…  Гэта не быў эксцэс выканаўцы ні ў якім разе. Усе ўсё разумелі.

Гэта не першая дамба, якую знішчыла Расія з 2014 года, і не апошняя…»

Сёння, 6 чэрвеня, дакументальны фільм «Вялікая вада. Расследаванне выбуху на Кахоўскай ГЭС» будзе паказаны на YouTube-канале «Суспільне» а 22.45 па кіеўскім часе. Мова фільму: украінская, расійская. Субтытры: англійская. 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость