СабакаКафэ DogHut у Пінску
Праект выйграў у намінацыі фонду “Добра” “Аддайся марам і зрабі!” і атрымаў 4 000 рублёў, а таксама рэкламную падтрымку ад радыёстанцыі “Мелодии Века”.
У верасні ў Пінску ўжо можа адчыніцца новае антыкафэ – унікальнае месца, дзе будуць жыць адаптаваныя бяздомныя сабакі. Сваім праектам актывісты хочуць вырашыць некалькі праблем. Першая – паменшыць колькасці бадзяжных сабак у горадзе.
Ініцыятары праекта – валанцёры ўстановы “Вернасць сябру”. Яны даглядаюць за сабакамі ў адлове, сацыялізуюць іх і шукаюць ім новы дом.
За час куратарства ў адлоў паступіла 450 сабак, але толькі каля 200 з іх знайшлі старых ці новых гаспадароў. Пры гэтым на вуліцах іх менш не становіцца.
Сабакі з пункту адлову знаходзяць гаспадароў вельмі павольна, і прычын на гэта шмат: напрыклад, у пункт адлову не пускаюць сем’і з дзецьмі. А ў кафэ DogHut можна будзе свабодна зайсці і паглядзець на здаровых і падрыхтаваных сабак.
Попыт на сабак ёсць, лічаць аўтары праекта: адзінокія людзі, людзі з інваліднасцю, дзеці і падлеткі часта маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы, спачуванні і дабраце. Гэта можа даць ім сабака, але не ва ўсіх ёсць магчымасць яго завесці.
На базе DogHut плануецца праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы і прадаваць рамесніцкую прадукцыю. Даходы пойдуць на ветэрынарнае абслугоўванне жывёл з адлову. Актывісты спадзяюцца, што кафэ стане славутасцю горада, дапаможа прыцягнуць турыстаў і палепшыць эканоміку сталіцы Палесся.
Па плане ў ліпені адкрыць кафэ ў тэставым рэжыме і паглядзець, як пойдзе працэс. Калі ўсё атрымаецца, у жніўні памяшканне абсталююць да паўнавартаснага адкрыцця і знойдуць валанцёраў для працы з наведвальнікамі, а кінолаг падрыхтуе першых пастаяльцаў. Адкрыццё кафэ плануецца ў верасні.
Альтэрнатывы эксперыментам на жывёлах
Штогод больш за 100 мільёнаў перажывае боль і гіне ў эксперыментах па ўсім свеце. На іх ставяць навучальныя вопыты, адпрацоўваюць хірургічныя ўменні, тэстуюць лекі, касметыку, сродкі бытавой хіміі. Зараз такая канцэпцыя эксперыментаў на жывёлах прызнаецца састарэлай і патрабуе замены на высокатэхналагічныя метады.
Праблема ў тым, што вынікі гэтых вопытаў складана перанесці на чалавека праз генетычныя адрозненні, а таксама праз розніцу ў працяканні біяхімічных працэсаў. Таму пошук і распрацоўка новых лекаў зацягваецца на многія гады і каштуе велізарных грошай.
У перадавых краінах актыўна распрацоўваюцца альтэрнатывы. Напрыклад, у ЗША да 2035 года плануюць поўнасцю замяніць выпрабаванні на жывёлах клеткава-інжынернымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі.
У Еўрасаюзе з 2013 года ўжо ўсю касметыку тэсціруюць выключна на альтэрнатывах.
У Беларусі навукоўцы практычна не выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя метады тэставання: амаль усю беларускую касметыку тэстуюць на жывёлах, няма прагрэсу і ў тэстах з лекамі. Адсутнічаюць тэматычныя навуковыя супольнасці і цэнтры па распрацоўцы такіх падыходаў.
Мэта праекта – пазнаёміць навукоўцаў Беларусі з найноўнымі распрацоўкамі ў галіне тэставання касметыкі і лекаў, стварыць супольнасць экспертаў, якія будуць распрацоўваць альтэрнатывы і узгадняць іх на заканадаўчым узроўні.
Актывісты плануюць да 2021 года правесці анлайн канферэнцыю з удзелам замежных спікераў і распрацаваць інфармацыйна-адукацыйны сайт пра альтэрнатывы для навукоўцаў. Ужо сёння каманда дабіліся таго, што колькасць адукацыйных эксперыментаў на жывёлах напалову будзе замененая альтэрнатыўнымі метадамі.
Rekolos – посуд з водруб’я
Праект перамог у Green-намінацыі і атрымаў фінансаванне ў памеры 10 000 рублёў.
Гадавая патрэба беларусаў у аднаразовым пластыкавым посудзе – 200 мільёнаў адзінак, з якіх 32 мільёны – гэта талеркі. І гэта толькі зараз, а з 2021 года ўвогуле павінна ўступіць у сілу забарона на выкарыстанне аднаразовага пластыку ва ўстановах грамадскага харчавання.
Каманда праекта лічыць, што траціна беларусаў гатовы выкарыстоўваць бяспечную альтэрнатыву пластыкаваму посуду. Каманда натхнілася замежным вопытам і хоча арганізаваць вытворчасць посуду з водруб’я, які пасля выкарыстання можна кампаставаць, аддаць на корм жывёлам, з’есці самім ці закапаць як ўгнаенне.
Акрамя бяспечнага і нават карыснага складу, экапосуд пасуе для гарачай, халоднай і нават вадкай ежы, а яшчэ яго можна выкарыстоўваць як форму для запякання.
Сыравіна – адходы ад бліжэйшых мукамольных прадпрыемстваў, што мінімізуе экалагічны след ад перавозкі.
Каманда Rekolos ужо раздрукавала прататып талеркі на 3D-прынтары, даследавала рынак і прадумала жыццёвы цыкл талеркі. А яшчэ запартнёрыліся з расійскім і ўкраінскім дыстрыб’ютарамі такога посуду і атрымалі запрашэнне на аналагічную вытворчасць у В’етнам.
На працягу трох месяцаў ініцыятары плануюць закупіць партыю посуду ў замежнага партнёра, каб яе рэалізаваць і больш шчыльна прааналізаваць рынак. На працягу года будзе наладжвацца абсталяванне і пачнецца вытворчасць. А ў бліжэйшыя два гады праект можна будзе маштабаваць і запусціць у іншых гарадах.
ЭкаСвята
Ініцыятыва атрымала экспертную падтрымку ад SFY Project Group.
Актывісты вырашылі змагацца з вялікай колькасцю аднаразовых аздабленняў, што застаюцца пасля святаў. Яны прапануюць аднаразовае замяніць на шматразовае і зрабіць пракат для рэчаў паўторнага выкарыстання.
Мэта праекта – прапанаваць новы экалагічны фармат правядзення святаў і дапамагчы з мерапрыемствамі дабрачынным арганізацыям. У паслугах – пракат атрыбутаў свята, а таксама іх чыстка, пераафармленне і выраб новых са старых. Яшчэ ініцыятары хочуць зрабіць сайт з парадамі, сцэнарыямі экалагічных мерапрыемстваў, а таксама з базай партнёраў, якія могуць зрабіць ці даць у арэнду экалагічныя рэчы. Сярод іх можа быць і вытворчасць ёлачных аздабленняў, і пракат кантэйнераў для сарціроўкі смецця. Акрамя таго, на сайце будзе магчымасць заказаць лекцыю ці экаквіз.
Для камерцыйных кампаній паслугі будуць платнымі, а для некамерцыйных арганізацый – не.
За час праекта арганізатары ўжо правялі некалькі мерапрыемстваў, знайшлі склад для захоўвання атрыбутаў, прапрацавалі крыніцы, дзе можна набыць экалагічныя ці былыя ў карыстанні аздабленні. Таксама яны дамовіліся на правядзенне двух карпаратываў і перагаварылі з івэнт-агенцтвамі, якія падтрымалі ідэю.
Наступны сезон Social Weekend стартуе ў жніўні. Рыхтуйце свае праекты і дзейнічайце!