Новы Лясны кодэкс скараціў плошчы, на якіх раней нельга было высякаць дрэвы.
«Сёння ўсё, што можна распілаваць, распілаванае, абʼёмы павялічыліся ў чатыры разы, гэта я вам распавядаю пра апошнія тры гады», – кажа працаўнік лясной гаспадаркі.
«Раней зялёная зона вакол Мінску даходзіла да Лагойску і ўзрост дрэва для высечкі ў гэтай зоне складаў сто гадоў. Цяпер зялёная зона паменшылася і даходзіць да Бараўлянаў», – расказвае Максім Ярмохін з Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.
Узрост дрэваў, дазволеных да высечкі, таксама знізіўся.
«Паглядзіце сюды, вось пень хвоі, 20-25 гадоў, яму 18. Паводле правілаў, там павінна была прайсці высечка дагляду. Слабыя старыя насаджэнні, якія замінаюць, выдаляюцца, застаецца лепшае, роўнае, адлегласць на два метры. Так, каб на працягу 50 гадоў, тут быў прыгожы лес», – лічыць працаўнік лясной гаспадаркі.
Высечка – гэта звычайная зʼява ў лясной гаспадарцы: напрыклад, планавыя высечкі вызначаюцца раз на дзесяць гадоў. Высекчы дрэваў больш, чым адведзена, нібыта нельга. Але можна спустошыць дзялянку раней, а потым атрымаць дазвол на новую.
«Барысаўскі лясгас на сёння… у іх ужо разліковая лесасека скончаная на 2021 год, яны будуць секчы лесасеку на 2022-ы. Летась на чэрвень не было чаго секчы. У Беларусі ўжо два гады прыкладна на два гады наперад лесасека высечаная», – дзеліцца інфармацыяй былы супрацоўнік Міністэрства лясной гаспадаркі.
Ёсць пытанні і да вырубак санітарных. Яны праходзяць, калі дрэвы пашкодзіў караед ці бура.
Сёння закон дазваляе выкарыстоўваць наступную схему.
- Запланавалі высекчы для нарыхтоўкі драўніны, скажам, тры хвоі ва ўзросце 50 гадоў.
- Аднак лес цярпіць ад караеда, або здараецца бура, якая знішчае 5 соснаў ва ўзросце 30 гадоў.
- Лясгас высякае гэтыя 5 соснаў, а потым вяртаецца і высякае запланаваныя 3.
- У выніку лес губляе замест 3 дрэваў – 8, пяць з якіх не дараслі да нормы высечкі.
Кошты на піламатэрыялы і сыравіну для іх – круглы лес – выраслі ў некалькі разоў. Цікава, што экспартаваць кругляк можна толькі з дазволу Лукашэнкі, які ў 2018 годзе забараніў вываз круглага лесу. Але ж у 2019 годзе вывезлі 268 тысяч кубаметраў, а ў 2020 годзе – 596 тысяч кубаметраў.
Прадаюць беларускі лес і ў Кітай. Паводле найбуйнейшай угоды рэалізавалі больш за 30 тысяч кубаметраў піламатэрыялаў коштам 8,8 мільёна долараў ЗША.
«Што датычыць лясной гаспадаркі, то яна на дзесяцігоддзі адстае ад ужо сучасных экалагічных ведаў пра тое, як працуюць лес і лясная сістэма, як іх можна выкарыстоўваць без шкоды», – расказвае эколаг ГА «БАГНА» Інэса Балоціна.
Афіцыйная статыстыка пацвярджае, што нарыхтоўваць драўніны сталі больш. Але ўсё нібыта ў межах закону.
«Сутнасць у тым, што легалізаваць можна ўсё, што заўгодна, у тым ліку і тое, што адрозніваецца ад экалагічнай бяспекі, і ў адпаведнасці з законам, што б ні было зроблена, будзе зроблена. І пытанне тут не ў тым, законна гэта ці не, а ў тым, якія ў нас законы», – лічыць Інэса Балоціна.
Эколагі і супрацоўнікі лясной прамысловасці ўпэўненыя, што для захавання лясоў важна перагледзець правілы высечкі і надаваць больш увагі біяразнастайнасці беларускага лесу і ўзросту дрэваў.