Паводле дадзеных ААН за 2023, у 2022 годзе з праблемай голаду сутыкнуліся 735 мільёнаў чалавек. Таксама ў дакладзе гаворыцца, што каля 2,4 мільярдаў чалавек не мелі пастаяннага доступу да харчавання.
Пры гэтым штодня на сметнік выкідваюцца тоны ежы, што таксама прычыняе шкод экалогіі. Адходы гандлю складаюць яшчэ 17 адсоткаў, гэта значыць прыблізна 931 мільён тон харчавання.
Для барацьбы з перавытворчасцю і голадам з’явіўся такі рух як фудшэрынг. Яго ідэя заключаецца ў тым, што прадукты, у якіх мінае тэрмін прыдатнасці, а таксама нераспрададзеныя рэшткі ежы не выкідваюць, а аддаюць людзям, якія жывуць у нястачы.
Халадзільнікі на вуліцах
У сталіцы Польшчы ёсць праект Foodsharing Warszawa. У іх сацыяльных сетках можна знайсці інфармацыю пра акцыі, якія праводзяць яго ўдзельнікі. Напрыклад, у раёнах Варшавы зʼявіліся лядоўні, дзе можна пакінуць ежу для тых, хто мае патрэбу.
Foodsharing Warszawa – нізавая ініцыятыва, аднак улады гораду садзейнічаюць праекту: частка такіх пунктаў была створана за кошт сродкаў з бюджэту самакіравання, а адну з кропак спансіравалі ўлады раёну. Таксама дапамагаюць проста людзі: аддаюць халадзільнікі, шафкі, на якіх можна размясціць ежу.
Валанцёры Foodsharing Warszawa сочаць за чысцінёй, мыюць паліцы, а таксама самі прывозяць туды ежу. Таксама ініцыятыва супрацоўнічае з крамамі, рэстаранамі і пякарнямі, якія аддаюць у канцы дня нераспраданую ежу, а ўдзельнікі праекта прывозяць яе ў пункты аддачы. Так, са слоў валанцёраў, у ліпені гэтага года ўдалося выратаваць 16 465 кілаграмаў ежы.
У фэйсбуку групы можна знайсці карту, дзе адзначаныя месцы для фудшэрынга. Мы вырашылі праверыць, як выглядаюць гэтыя пункты ў розных частках Варшавы.
Так, напрыклад, у раёне Прага Поўнач на вуліцы Віленскай размешчаныя лядоўня і паліцы, на якіх мы знайшлі печыва і чыпсы. Апошнімі зацікавіліся мясцовыя школьнікі і спыталі, ці можна іх узяць, верагодна, пераблытаўшы нас з валанцёрамі.
Арганізатары праекта адзначаюць, што ён разлічаны не толькі на бяздомных людзей, і ежу можа ўзяць кожны, хто мае ў гэтым неабходнасць.
Таксама мы праверылі лядоўню ў варшаўскім раёне Макотаў. Ён знаходзіўся ўнутры будынку службы сацыяльнай дапамогі. У асноўным на паліцах можна было знайсці хлебабулачныя вырабы.
Яшчэ адну кропку, дзе можна забраць хлеб і булачкі, мы знайшлі побач з былым заводам у варшаўскім раёне Прага Паўднёвая. Цікава, што гэтага пункта не было на карце, так што хутчэй за ўсё паліцы былі ўсталяваныя іншай ініцыятывай. Мяркую, што іх маглі збудаваць польскія анархісты, чый сквот размешчаны побач.
Падобныя ініцыятывы існуюць і ў іншых гарадах. У Кракаве, напрыклад, ёсць праект «Халадзільнік, поўны дабра» («Lodówka pełna dobra»). Яны размешчаныя побач з дамамі сацыяльнай дапамогі.
«Калі вы пакідаеце ежу ў лядоўнях, ёсць асноўнае правіла: мы дзелімся прадуктамі, якія мы хацелі б з’есці і атрымаць самі» – кажуць арганізатары праекту.
Прынесці можна і ежу, хатняга прыгатавання, але ёсць пэўныя патрабаванні: да ежы павінна быць прымацаваная запіска, на якой указана дата падрыхтоўкі і склад стравы. Таксама арганізатары не рэкамендуюць пакідаць мяса, прадукты, якія змяшчаюць сырыя яйкі і алкаголь.
Харчовыя банкі
Харчовыя банкі – гэта арганізацыі якія займаюцца зборам прадуктаў ад вытворцаў і пастаўшчыкоў, а затым перадаюць іх людзям, якія маюць патрэбу ў ежы, ці дабрачынным ініцыятывам. У Еўропе харчовыя банкі працуюць у 17 краінах, уключаючы Польшчу.
Адзін з такіх банкаў знаходзіцца ў Кракаве – Bank Zywnosci. Ён зʼявіўся яшчэ ў канцы 90-х гадоў, і на дадзены момант існуе пры падтрымцы еўрапейскіх фондаў. Асноўны акцэнт у працы банк робіць на тым, каб збіраць прадукты, якія могуць апынуцца на сметніку.
Тут маецца на ўвазе не толькі ежа, чый тэрмін прыдатнасці блізкі да заканчэння, але і прадукты нетаварнага выгляду. Гэта можа быць патрэсканы пачак печыва або трохі памятая садавіна і гародніна. Часта на продаж такі тавар не ідзе, аднак пры гэтым ён цалкам прыдатны для ўжывання ў ежу.
Так, напрыклад, у 2022 годзе харчоваму банку паступіла каля 3 тысяч тон прадуктаў.
Асабліва запатрабаваным апынуўся харчовы банк пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. За 2022-2023 год было сабрана каля 300 тон ежы, якія былі перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць бежанцам.
Яшчэ адзін такі банк існуе ў кангламераце Гдыня-Сопат-Гданьск. Створаны ён быў у 2004 годзе пры падтрымцы мясцовых дабрачынных арганізацый.
Прылада для абмену ежай
У Літве існуе праект, дзе можна забраць ежу праз мабільную прыладу Olio.
«Калі б прадукты харчавання, якія вырабляюць, але не выкарыстоўваюць, былі краінай, яна была б больш Кітая», – кажа стваральніца праекта.
Гэта бясплатна і працуе так: трэба сфатаграфаваць ежу, якую хочаце раздаць, потым загрузіць фота ў дадатак. Той, хто захоча яе забраць, проста адпраўляе запыт. У дадатку таксама ёсць карта, па якой можна зарыентавацца, наколькі блізка або далёка знаходзіцца прапанова.
Цікава, што праект існуе яшчэ з 2016 года, але, па словах арганізатараў, абароты пачаў набіраць толькі ў гэтым годзе. Дапамагла гэтаму шырокая агалоска ў СМІ. Прыкладна за месяц колькасць карыстальнікаў павялічылася ўтрая.
«З нулявым бюджэтам і гучным голасам мы выраслі амаль да 3 000 карыстальнікаў за 10 дзён», – распавяла арганізатарка праекта літоўскаму LTR TV.
Акрамя гэтага, у Літве таксама існуе харчовы банк «Maisto banko». Як і польскія банкі, гэты праект існуе даволі даўно, яшчэ з 2001 года.
На сённяшні дзень банк збірае харчовую дапамогу ў 84 гарадах і раёнах Літвы, а размяркоўвае ў 203 населеных пунктах. Таксама арганізацыя актыўна дапамагае ўцекачам з Украіны.