У Гродне існуе гатэль для жывёл, дзе можна пакінуць свайго гадаванца на любы час. Павел, уладальнік гасцініцы, прафесійны ветэрынар і кінолаг, распавядае, што яго паслугі вельмі запатрабаваныя ў горадзе.
“Зразумела, што гэта сезонная праца. Найбольшы ажыятаж на гатэль – у сезон адпачынкаў, з сярэдзіны чэрвеня да верасня. З восені ідзе спад, але ўсё роўна – кліенты ёсць”, - расказвае Павел.
Гатэль разлічаны максімум на 27 жывёл, пакідаюць збольшага сабак, але ёсць і коткі.
“Мы хацелі ў нейкі час прымаць усіх жывёл, нават хамякоў ды папугаяў, але попыту не было. Большасць нашых кліентаў пакідаюць сабак, бо за імі патрэбны большы дагляд, чым за тымі ж коткамі. На час ад’езду можна папрасіць суседзяў заходзіць ды пакарміць ката ці папугая ў клетцы. А сабаку проста так на суседа не пакінеш – сабаку трэба выгульваць, жывёла можа ўкусіць ці пагрызці што-небудзь. Таму прасцей пакінуць сабаку ў нас пад прафесійным наглядам”, - адзначае Павел.
У гродзенскім касцёле асвяцілі хатніх жывёлаў
Часцей за ўсё паслугамі гатэлю карыстаюцца сямейныя пары. Пакідаюць жавёл ад аднаго дня да месяца. Сам ж гатэль месціцца ў прыватным доме. Сабакі ўтрымліваюцца ў сухіх вальерах ўнутры цаглянага памяшкання. Выгульваюцца на агароджанай тэрыторыі ўласнага ўчастка. Кормяць жывёл як ежай, пакінутай гаспадарамі, так і ўласна прыгатаваным кормам. Гаспадар можа дадаткова замовіць свайму сабаку малако, тварог, яйкі ці іншыя прадукты. Таксама ў гатэлі можна выкарыстаць паслугі дрэсіроўкі і выхавання сабакі.
Кошты, па словах Паўла, дэмакратычныя. Сюды ўваходзіць ўтрыманне сабакі ў асобным вальеры, падача корму і вады, трохразовы выгул у дворыку па 40 хвілін кожны ў адзіночку ці сумесна з 1-2 іншымі сабакамі (у залежнасці ад характару сабакі і пажаданняў гаспадара), штодзённы агляд сабакі (Павел, нагадаем, ветэрынар). На выпадак, калі сабачка баязлівы, не сацыялізаваны, дрэнна пераносіць расстанне з гаспадарамі, то ў гатэлі нават ёсць гуллівая, добра падрыхтаваная сабачка-адаптар.
Як аказалася, больш за ўсё гарадзенцы пакідаюць у гатэлі лабрадораў. У тройку па папулярнасці ўваходзяць таксама нямецкія аўчаркі і спаніелі.