Па апошніх звестках, 218 чалавек сталі ахвярамі шторму DANA, які абрынуўся на Гішпанію на мінулым тыдні. Асноўны ўдар прыйшоўся на правінцыю Валенсія. Сама сталіца рэгіёну не пацярпела – там зрабілі высновы з разбуральнай паводкі 1957 года і ўзвялі адпаведныя ўмацаванні, а вось прыгарады літаральна змыла.
Зараз шторм перамясціўся ў Каталонію, дзе таксама выклікаў транспартны калапс.
Фота і відэа з прыгарада Валенсіі Пайпорты можна было пабачыць, напэўна, ва ўсіх СМІ свету: гарадок не толькі стаў сімвалам разбуральнай стыхіі, а яшчэ апынуўся ў цэнтры палітычнага скандалу: менавіта сюды прыехала кіраўніцтва краіны разам з гішпанскай каралеўскай парай, каб выказаць падтрымку мясцовым жыхарам.
Але тыя жэст спачування не ацанілі і закідалі высокіх гасцей брудам. Такім чынам жыхары правінцыі выказвалі сваё стаўленне да ўлад, якія на іх думку, нічога не зрабілі, каб, па-першае, прадухіліць разбуральныя наступствы стыхіі, а, па-другое, дапамагчы пацярпелым.
За штормам DANA з балкона кватэры на ўласныя вочы назірала беларуска Вікторыя, якая жыве ў Пайпорце з сям’ёй два з паловай гады. Кажа: нішто не прадвяшчала стыхіі, бо за час іх жыцця ў Гішпаніі было толькі пару даждлівых дзён, а ўвесь астатні час надвор’е было сонечным, пра ўраган нават не з’яўлялася і думкі. Тое, што адбылося напрыканцы кастрычніка, стала непрыемным сюрпрызам.
Кватэра беларусаў у доме на трэцім паверсе засталася цэлай, а вось усё, што ў Пайпорце было на ніжніх паверхах – крамы, пошта, паліклінікі, дзіцячыя ўстановы – проста змыла. Да прыкладу, дачка Вікторыі засталася без школы: ужо вызначылі, што будынак аднаўленню не падлягае.
Самым драматычным днём для Пайпорты стаў аўторак, 29 кастрычніка. З раніцы, узгадвае Вікторыя, было вельмі цёмна, нібыта Палярная ноч апусцілася, вельмі моцны вецер, але дажджу, як такога, не было.
Жанчына а 17:30 забрала дачку са школы, на развівальныя гурткі вырашылі ў гэты дзень не ісці з-за надвор’я, таму вярнуліся дадому. А праз гадзіну па вуліцах Пайпорты ўжо несліся патокі вады, якія змывалі ўсё на сваім шляху, у тым ліку аўтамабілі з людзьмі.
«Ніякага апавяшчэння не было. Ну ёсць жа сіноптыкі, яны ж для чагосьці выконваюць сваю працу і павінны былі прадбачыць гэтую стыхію. Напрыклад, маглі б быць апавячшэнні, каб людзі на вуліцу не выходзілі, каб падымаліся з першых паверхаў. Але нічога такога не было.
Першыя апавяшчэнні прыйшлі праз дзве гадзіны пасля трагедыі. У іншых гарадах рэгіёну ўлады людзей папярэдзілі: тэлефанавалі і казалі не весці дзяцей ў школу, ці забраць са школы раней. У нас нічога такога не было».
Мясцовыя жыхары не толькі па гэтай прычыне злуюцца на ўладу. Фактычна тыдзень горад, які знаходзіцца на мяжы гуманітарнай катастрофы, выжывае сіламі валанцёраў.
Дзесяткі тысяч людзей з усёй Гішпаніі цягнуцца ў Пайпорту, каб дапамагчы разбіраць завалы, аказваць медыцынскую дапамогу, дастаўляць ваду і ежу. Зараз, па словах Вікторыі, у горадзе ёсць сувязь і электрычнасць, праўда, не паўсюль. Назіраюцца перабоі з вадой і каналізацыяй. Харчавання хапае: гуманітарныя пункты адкрыты на кожным рагу, вялікая колькасць гарачай ежы і сухпайкоў, вады.
«Прайшоў тыдзень, і нібыта толькі зараз усе пачынаюць варушыцца. На шмат пытанняў у першыя дні мы не змаглі атрымаць адказаў. А зараз больш-менш становіцца зразумела, што са школамі, з транспартам. Але ўсё рухаецца вельмі марудна. Хоць валанцёраў у горадзе шмат».
Сталіцу правінцыі – Валенсію – стыхія зачапіла ўскосна. Тут зрабілі высновы з разбуральнай паводкі 1957 года. Тады падобны цыклон выклікаў гібель 80 чалавек, і горад задумаўся аб неабходных умацаваннях: старое русла ракі Турыя асушылі, раку пусцілі па новым шляху, і таму зараз асноўны ўдар прыйшоўся менавіта на прыгарады, дзе знаходзяцца прытокі.
Беларус Сяргей (імя зменена), які жыве ў Валенсіі, кажа: пра шторм нагадваў толькі моцны вецер.
«У аўторак яшчэ а 6 увечары мы хадзілі глядзець на мора, што адбываецца. Проста дзьмуў моцны вецер і ўсё засыпала пяском. Аказваецца, што прыгарады ў гэты час актыўна тапіла, а мы нічога пра гэта не ведалі. Пяпярэджанне не выходзіць на вуліцу прыйшло ўсім, але толькі а 20 гадзіне ўвечары. З-за моцных дажджоў было рэкамендавана не перасоўвацца па Валенсіі».
У школах сталіцы па сённяшні дзень прыпынены заняткі, не працуюць ўніверсітэты. Ёсць праблемы з транспартам, паколькі пашкоджана дэпо мясцовага метрапалітэна. Сяргей заўважыў і змену ў настроі людзей.
«Звычайна вяселыя гішпанцы зараз вельмі злыя. У мяне асабіста ёсць адчуванне бездапаможнасці – што я яшчэ магу зрабіць і чым дапамагчы? Нават нягледзячы на тое, што гэта не нашая бяда, наша кам’юніці вельмі добра арганізавана і ўдзельнічае ў агульным руху салідарнасці».
Зараз прагноз надвор’я па Валенсіі больш-менш стабільны, новых залеў не чакаецца. У панядзелак DANA сышла ў Каталонію, дзе таксама выклікала транспартны калапс – былі адменены авіярэйсы, спынены рух на чыгунцы.
Жыхары рэгіёну атрымалі папярэджанне аб павышанай небяспецы і рэкамендацыі заставацца дома. Але непагадзь працягвалася нядоўга, расказаў жыхар Барселоны Павел.
«У Барселоне ў панядзелак усё вельмі хутка здарылася: а 10:30 прыйшло штармавое папярэджанне па горадзе і наваколлях, і літаральна адразу ж пачало заліваць. Я выйшаў на працу, але амаль адразу вярнуўся назад, атрымаўшы папярэджанне на тэлефон. Напісалі, што не варта нікуды хадзіць ці ездзіць і трэба пазбягаць рэчышчаў і ручаёў.
Недзе гадзіну-паўтары ішоў вельмі моцны дождж, затапіла некалькі станцый метро, аэрапорт, спыніўся рух усіх цягнікоў. Знаёмых студэнтаў літаральна закрылі ў памяшканні ўніверсітэта на пару гадзін. Але пасля дождж гэтак жа рэзка спыніўся і ўжо па абедзе ззяла сонца.
У Барселоне, наогул, вельмі добрая сістэма ліўнёўкі і калектараў, таму пашкоджанняў асаблівых не было. Толькі сотню рэйсаў з аэрапорта адмянілі ці перанеслі».